Тры філосафы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Джарджонэ
Тры філосафы. каля 1505-1509
італ.: Tre filosofi
Матэрыял Алей
Тэхніка Палатно
Памеры 123 × 144 см
Музей гісторыі мастацтваў, Вена
(інв. GG_111)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Тры філосафы» — карціна Джарджонэ 15051509 гадоў, адна з апошніх прац майстра, скончаная за год да яго смерці. У наш час захоўваецца ў Музеі гісторыі мастацтваў (Вена). Напісана па заказе венецыянскага купца Тадэа Кантарыні, які захапляўся алхіміяй і акультызмам. Працу над карцінай завяршыў Себасцьяна дэль П’ёмба.

На карціне намаляваны тры філосафы розных узростаў — юнак, мужчына сярэдніх гадоў і стары. Цяперашняя назва ўзята з «Запісак» Маркантоніа Мікіэля, які бачыў карціну ў адным з венецыянскіх дамоў[1]. Тры персанажы ўвасабляюць старажытнагрэчаскую філасофію (стары), арабскую (сталы мужчына) і філасофію Адраджэння (юнак на фоне прыроднага ландшафту). На заднім плане бачная вёска, удалечыні — горы з нейкай сіняй вобласцю, значэнне якой невядома. Юнак вывучае пячору, намаляваную ў левай частцы карціны, з дапамогай вымяральнага інструмента. Традыцыйная трактоўка карціны, паводле якой яна адлюстроўвае трох вешчуноў у Пячоры Раства, да канца XIX стагоддзя большасцю навукоўцаў прызнана памылковай[2].

Інтэрпрэтацыі карціны Джарджонэ розныя. Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца тлумачэнне карціны, як алегорыі перадачы ведаў старажытнагрэчаскай філасофіі праз арабскія пераклады італьянскаму Адраджэнню. Стары ў гэтым выпадку можа прадстаўляць Платона ці Арыстоцеля, араб — Авіцэну, Ібн Рушда ці іншага навукоўца Залатога веку ісламу[3], юнак — навуку Адраджэння, якая сыходзіць каранямі ў мінулае і ўзіраецца ў цемру пячоры, якая захоўвае невядомыя сакрэты, якая ў сваю чаргу можа сімвалізаваць канцэпцыю Платонавай пячоры[4].

Маюцца і іншыя гіпотэзы анконт персанажаў. Адны бачылі ў іх Эвандра з Палантам, якія паказваюць Энею будучае месца Рыма[5], іншыя — цара Саламона, Хірама Вялікага і Хірама Абіфа[6].

Пастава юнака мае форму прамавугольнага трохвугольніка, што можа служыць адсылкай да тэарэмы Піфагора. У гэтым выпадку персанажы справа могуць адлюстроўваць Ферэкіда і Фалеса, настаўнікаў Піфагора[7]. Паводле іншай версіі стары філосаф адлюстроўвае Арыстарха Самаскага[8].

Іншыя гіпотэзы прапануюць інтэрпрэтацыі персанажаў у якасці трох стадый чалавечага жыцця (юнацтва, сталасць, старасць), або трох эпох еўрапейскай цывілізацыі (антычнасць, Сярэднявечча, Адраджэнне), або трох аўраамічных рэлігій (іўдаізм, іслам, хрысціянства), або некаторае спалучэнне названых канцэпцый.

На лісце ў руках старога філосафа бачнае слова «зацьменне» і астранамічная дыяграма. Вялікае злучэнне Юпітэра і Сатурна 1503 года і сонечнае зацьменне ў тым жа годзе лічыліся прыкметамі хуткага прышэсця Антыхрыста, што дазволіла высунуць гіпотэзу пра апакаліптычную тэматыку карціны[9].

Зноскі

  1. Marcantonio Michiel, Notizie d’opere di disegno
  2. Settis S.,(1990), Giorgione’s Tempest: Interpreting the Hidden Subject,University Of Chicago Press
  3. www.britannica.com
  4. Avicenna-and-Averroes -The Three Philosophers. lesmaterialistes.com.
  5. G. C. Williamson, ed.,(1903), The Anonimo. Notes on Pictures and Works of Art in Italy Made by an Anonymous Writer in the Sixteenth Century, London: George Bell and Sons, c. 102 [1]
  6. by Neil K. MacLennan and Ross S. Kilpatrick, King Solomon & the Temple Builders: A Biblical Reading of Giorgione`s Painting «The Three Philosophers» Heredom 9(2001)
  7. Zeleny K., The Giorgione Code, Kunsthistorisches Museum Papers Архівавана 2 снежня 2013.
  8. Keim F., Die Entdeckung der Jupitermonde 105 Jahre vor Galileo Galilei, 2009, Frankfurt am Main: Peter Lang Verlag.
  9. Gentili A., Giorgione, Giunti Editore, 1999