Перайсці да зместу

Уладас Дрэма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладас Дрэма
літ.: Vladas Drėma
Дата нараджэння 10 снежня 1910(1910-12-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 студзеня 1995(1995-01-04)[1] (84 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык, мастак, мастацтвазнавец, музейны супрацоўнік
Месца працы
Жанр партрэт, пейзаж і нацюрморт
Вучоба
Член у
Узнагароды

Ула́дас Дрэ́ма (літ.: Vladas Drėma; 10 снежня 1910, Рыга4 студзеня 1995, Вільнюс) — літоўскі мастак і музейны супрацоўнік, мастацтвазнаўца, гісторык культуры, педагог. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы (1992), ганаровы доктар Вільнюскай мастацкай акадэміі, першы ганаровы грамадзянін Вільнюса.

Нарадзіўся ў Рызе ў сям’і сялянаў з беларускіх Гервятаў. Рана асірацеў, жыў пад апекай бацькоўскіх сваякоў у Гервятах. Гервяцкі ксёндз, пабачыўшы ягоныя малюнкі, у 1920 годзе адправіў хлопца ў Вільню і ўладкаваў яго ў прытулак на Буфалавай гары[2]. З 1921 года Дрэма жыў у Вільні і вучыўся ў гімназіі імя Вітаўта Вялікага. У 1926—1931 гадах наведваў мастацкую студыю Вітаўтаса Кайрукшціса. Па заканчэнні гімназіі ў 1931 годзе, працягнуў вучобу ва ўніверсітэце. У 1936 годзе скончыў факультэт прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя (вучыўся ў мастака Людаміра Слядзінскага).

Быў адным з заснавальнікаў «Віленскай групы» мастакоў, у якую ўвайшлі жывапісцы розных нацыянальнасцяў Вільні. Выкладалі малюнак і рысаванне ў віленскіх школах і гімназіях. У 1937—1938 гадах удасканальваў веды і ўменні ў Варшаве. У часе Другой сусветнай вайны працаваў у Беларускім музеі ў Вільні (1941—1944). У гэты час пачаў збіраць матэрыял для гісторыі рукапіснай і друкаванай кнігі Вялікага Княства Літоўскага, планаваў выдаць працу к 1947 году, калі спаўнялася 400-годдзе першай літоўскай кнігі, таму Дрэма лічыцца адным з першых даследнікаў кніжнай спадчыны Літвы[3].

Пасля вайны быў дырэктарам Этнаграфічнага музея (1945—1946), пасля загадчыкам аддзелам выяўленчага мастацтва ў Мастацкім музеі (1946—1961). Выкладаў у Мастацкім інстытуце (1946—1950, 1957—1970) і Вільнюскім універсітэце (1956—1958). З 1970 года працаваў у Інстытуце кансервавання помнікаў. У апошнія гады жыцця моцна хварэў, але не перапыняў навуковую дзейнасць.

У 1992 годзе ўзнагароджаны Нацыянальнай прэміяй Літвы ў галіне культуры і мастацтва, а таксама атрымаў званне ганаровага доктара Вільнюскай мастацкай акадэміі і ганаровага грамадзяніна Вільнюса[4]. У 1999 годзе імем Уладаса Дрэмы была названая адна з вуліц Вільнюса ў раёне Веркі[2].

Удзельнічаў у выстаўках з 1931 года. Творчасць Дрэмы спачатку была блізкая да кубізму і канструктывізму, пазней стала больш рэалістычным, аднак з тэндэнцыяй да абагуленасці і арнаментальнасці. Значнае месца ў ягонай творчасці займалі матывы Вільні. Сярод іншага стварыў футурыстычнае палатно «Вільня ў 2000-м годзе» (1928). У часе вучобы ва ўніверсітэце меў уплыў неакласіцызму.

Пісаў акварэлі. З 1930-х гадоў працаваў пераважна ў графіцы. Стварыў некалькі стылізаваных нацюрмортаў у тэхніцы каляровай лінагравюры. У тэхніцы гравюры на медзі ствараў найчасцей віды Старога горада. Пейзажы Дрэмы рэалістычныя, з прамалёўкай дэталяў і рамантычным настроем.

У 1936—1938 гадах афармляў кнігі літоўскіх паэтаў (Ёзаса Кектаса, Оны Міцюце, Альбінаса Жукаўскаса) і іншыя выданні. Аўтар плакатаў, экслібрысаў, тэатральных дэкарацый. Аўтар мастацкага аздаблення паэмы «Рагнеда» (1944) Лявона Случаніна[5]. У Літоўскім мастацкім музеі захоўваюцца эскізы беларускіх кніг аўтарства Дрэмы: «Мае песьні» і «На хуткіх крыльлях вольнага пэгаса» Алеся Салаўя, «Рагнеда» Лявона Случаніна, «Анталёгія беларускай паваеннай паэзіі», «Жоўтая восень» Наталлі Арсенневай[6].

Творы захоўваюцца ў Літоўскім мастацкім музеі, Нацыянальным музеі Чурлёніса, у прыватных зборах Літвы і Польшчы.

Мастацтвазнаўства

[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з 1935 года, актыўна супрацоўнічаў ў перыядычным друкам. У літоўскім, польскім, беларускім друку апублікаваў звыш за 150 артыкулаў на тэму гісторыі мастацтва і архітэктуры канца XVIIIXIX стагоддзяў, методыцы ацэнкі культурнай спадчыны. Аўтар манаграфій пра архітэктуру Вільні і пра асобныя помнікі архітэктуры, пра мастакоў, якія працавалі ў Літве (Францішак Смуглевіч, Канут Русецкі, Вінцэнт Смакоўскі і інш.) Аўтар шэрагу біяграмаў для «Слоўніка польскіх мастакоў» Выдадзена трынаццаць кніг з матэрыяламі аб віленскіх будынкаў у розных архівах, сабраных Уладасам Дрэмай (Vilniaus namai archyvų fonduose)[7]. Апублікаваў шэраг прац пра беларускае народнае мастацтва[5].

  • Drėma, Vladas. Pranciškus Smuglevičius. — Vilnius: Vaga, 1976. (літ.)
  • Drėma, Vladas. Dingęs Vilnius. — Vilnius: Vaga, 1991. — 404 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-415-00366-5. (літ.)
  • Drėma, Vladas. Kanutas Ruseckas. — Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidykla. — 287 с. — ISBN 9986-571-18-9. (літ.)
  • Drėma, Vladas. Vilniaus Šv. Jono bažnyčia. — Vilnius: R. Pakalnio leidykla, 1997. — 312 с. — ISBN 9986-830-00-1. (літ.)
  • Drėma, Vladas. Vincentas Smakauskas. — Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidykla. — 271 с. — ISBN 9986-571-69-3. (літ.)
  • Drėma, Vladas. LDK miestai ir miesteliai: iš Vlado Drėmos archyvų. — Vilnius: Versus aureus, 2006. — 856 с. — ISBN 9955699469. (літ.)

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. а б Regina Urbonienė.. Vladui Drėmai – 100 (літ.). Lietuvos dailės muziejus (2010.12.16). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 18 снежня 2010.
  3. Paroda „Pažįstamas ir nepažįstamas Vladas Drėma“ (літ.). Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka (26 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 18 снежня 2010.
  4. Arvydas Juozaitis.. Angelai sargai (літ.)(недаступная спасылка). Voruta (2002 m. gruodžio 8 d.). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2004. Праверана 11 студзеня 2009.
  5. а б Сяргей Гваздзёў. Уладзіслаў Дрэма. Беларускі след літоўскага мастака. novychas.by (10 мая 2009). Архівавана з першакрыніцы 30-11-2019. Праверана 30-11-2019.
  6. Працы Уладаса Дрэмы на сайце europeana.eu.
  7. Vladas Drėma „Vilniaus namai archyvų fonduose“, XIII knyga (літ.). Kultūros paveldo departamentas (15 лістапада 2007). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 11 студзеня 2009.
  • Venclova, Tomas. Vilniaus vardai. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 2006. — С. 278. — ISBN 9986-830-96-6. (літ.)