Успенскі манастыр (Пустынкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манастыр
Успенскі манастыр
Від на Успенскі манастыр у Пустынках.
Від на Успенскі манастыр у Пустынках.
54°06′06″ пн. ш. 31°44′42″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000516шыфр 512Г000516
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пусты́нскі Свята-Успе́нскі манасты́р — мужчынскі манастыр Магілёўскай і Мсціслаўскай епархіі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.

Размешчаны за 10 км на поўнач ад Мсціслава, за 2 км на поўдзень ад в. Пустынкі (Мсціслаўскі раён).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пустынскі манастыр у 1909 годзе.

Заснаваны ў 1380 г. мсціслаўскім князем С. Лугвенам, сынам вялікага князя Альгерда. Паводле падання, князь Лугвен моцна захварэў і аслеп. У сне яму з’явіўся старац з прапановай: «Калі жадаеш пачаць бачыць, ідзі ў пустань і памыйся вадой з крыніцы, тады набудзеш жаданае». Такое месца яму нагадаў старац. Амыўшы вочы, князь вярнуў зрок і ўбачыў у галінках ліпы абраз Маці Божай. На гэтым месцы ён заснаваў манастыр[1]. Дзякуючы шчодрым ахвяраванням манастыр яшчэ ў XV ст. авалодаў значнымі маёнткамі. У 1560 г. ў час Лівонскай вайны манастыр моцна пацярпеў, на доўгі час прыйшоў у заняпад. У 1578 г. кароль Стафан Баторый перадаў манастыр полацкаму архіепіскапу Феафану, а ў 1585 г. манастыр перайшоў пад кіраўніцтва папоўскага сына Мацвея Яўпаціевіча. У 1596 г. быў заняты манахамі-базыльянамі, якія жылі тут да 1839 г. Летам гэтага ж года настаяцель манастыра іераманах Іаан Касікоўскі перайшоў у праваслаўе. Але манастыр быў у нездавальняючым стане і ішоў да заняпаду, пакуль у 1859 г. на яго кіраўніцтва не быў прызначаны святар Феадосій Ляўчынскі, які ў 1866 г. быў узведзены ў сан архімандрыта. Ён пачаў аднаўленне манастыра і ў 1869 г. зацвердзіў праваслаўнае брацтва. На мяжы XVIIIXIX ст. манастыр перабудаваны. На пачатак XX ст. прыстанак валодаў 312 дзесяцінамі зямлі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Архітэктурны ансамбль уключае 3 храмы: Успенскі сабор, Раства-Багародзіцкую царкву, келейны корпус з Пакроўскай царквой, званіцу, школу, 2 гаспадарчыя пабудовы і 3 жылыя дамы. Вызначаецца стылявой разнастайнасцю: барока, класіцызм, рэтраспектыўна-рускі стыль. Тэрыторыя абнесена з поўдня і захаду цаглянай сцяной, з поўначы — дрэвамі, з усходу — ровам, за якім размешчана штучная сажалка. Ад брамы да манастырскага корпуса і сабора вядзе пад’яздная ліпавая алея.

Успенскі сабор[правіць | правіць зыходнік]

Мураваны храм пачаў будавацца ў 1801 г., завершаны ў 1808 г. на сродкі дабрачынца Гайко. Асвячоны полацкім уніяцкім архіепіскапам Іракліем Лісоўскім. Да 1869 г. меў выгляд каталіцкага касцёла, пакуль яму не надалі крыжовую планіровачную форму і не ўзвялі вялікі купал на светлавым барабане з 4 вуглавымі малымі апостальскімі галоўкамі. Паўторна храм быў асвячоны архіепіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Яўсевіем[ru] 29.6.1869 г.

У архітэктуры выкарыстаныя элементы барока. Уяўляе сабой трохнефную базіліку з прамавугольнай апсідай. У сярэдзіне XIX ст. над сяродкрыжжам узведзены купал на светлавым барабане (не захаваўся). Галоўны фасад храма мае трохчасткавую будову. Цэнтральная частка крапаваная плоскімі пілястрамі з іанічнымі капітэлямі, завершаная трохвугольным франтонам. Фасад быў фланкіраваны вежамі (не захаваліся). Цэнтральны і бакавыя ўваходы завершаныя трохвугольнымі франтончыкамі. Багатая пластыка пабудовы абумоўлена крапоўкай фасадаў і кутоў апсіды пілястрамі, лучковымі нішамі, якія аздоблены ліштвамі з замковым каменем. Алтарная частка вылучаная чатырма трохчвертнымі калонамі на масіўных пастаментах. У заходняй частцы над нартэксам размешчаныя хоры.

Манастырскі корпус[правіць | правіць зыходнік]

Манастырскі корпус пабудаваны на рубяжы XVIII—XIX стст. з цэглы, мае элементы класіцызму. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак складаецца з двух злучаных паміж сабой аб’ёмаў. Адзін з іх мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, цэнтрам якой з’яўляецца аднанефная крыжова-купальная царква з высокай паўкруглай апсідай. Галоўны фасад царквы вылучаны глыбокім рызалітам, завершаным трохвугольным франтонам. У рызаліце размешчаны партал цэнтральнага ўвахода, аформлены калонамі і высокім мураваным ганкам. Над прытворам узвышалася вежа, над сяродкрыжжам — масіўны барабан з купалам (не захаваліся). Бакавыя крылы сіметрычна прылягаюць да аб’ёму царквы, асветленыя прамавугольнымі вокнамі на першым і лучковымі на другім паверхах. Званіца пабудаваная ў другой палове XIX ст. з цэглы. Размешчаная на адной восі з саборам, перад яго цэнтральным уваходам. Уяўляе сабой высокую пяціярусную пабудову, завершаную шпілем (не захаваўся). Першы (самы масіўны ярус) прамавугольны ў плане, дэкарыраваны з усходнягя і заходняга фасадаў рызалітамі. Другі і наступныя ярусы васьмігранныя. У пабудове выкарыстаныя элементы псеўдарускага стылю.

Школа пабудавана ў другой палове XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Да яго з тарцоў далучаныя два аб’ёмы, пабудаваныя ў пачатку XX ст. Фасады крапаваныя па вуглах руставанымі лапаткамі. Капліца пабудаваная ў другой палове XIX ст. з цэглы. Размешчаная ва ўсходняй частцы комплексу, непадалёку ад штучнай сажалкі. Уяўляе сабой невялікі аднанефны храм сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з паўкруглай апсідай. Фасады храма крапаваныя прафіляванымі лапаткамі.

Тры жылыя дамы будаваліся адначасова з гаспадарчымі пабудовамі. Маюць прамавугольныя рознавялікія планы, будова фасадаў сіметрычная. У дэкоры выкарыстаныя лапаткі (па вуглах) і аркатурныя паясы.

Стайня пабудаваная ў другой палове XIX ст. Аднапавярховы цагляны П-падобны ў плане будынак. Паверхня сцен крапаваная пілястрамі. У дэкоры выкарыстаны аркатурны пояс, які праходзіць пад карнізам.

Свіран пабудаваны ў другой палове XIX ст. з цэглы. Прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры пад карнізам праходзіць аркатурны пояс.

Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся дзіцячы дом, потым школа, брыгада саўгаса (да 1988). Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.

Зноскі

  1. Краснянский, В. Г. Город Мстиславль. Его настоящее и прошлое / В. Г. Краснянский // Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества. Кн. 3. — Вильна, 1912. — С. 118.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]