Утухегаль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Утухегаль
Утухегаль просіць дапамогу багоў у бітве з гутыямі. Малюнак 1915 г.
Утухегаль просіць дапамогу багоў у бітве з гутыямі. Малюнак 1915 г.
1-ы лугаль
2113 да н.э. — 2105 да н.э.
Папярэднік Пузур-Ілі
Пераемнік Ур-Наму

Нараджэнне XXII стагоддзе да н.э.
Смерць 2105 да н.э.
Род Пятая дынастыя Урука
Дзеці Ватартум[d]
Веравызнанне месапатамская рэлігія
Дзейнасць суверэн
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Утухегаль (2112 — 2104 гг. да н. э.) — лугаль (манарх) Урука, вызваліцель Шумера ад улады гутыяў. Утухегаль разам з зяцем Ур-Наму лічыўся адным з заснавальнікаў трэцяй дынастыі Ура.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Утухегаль лічыцца адзіным вядомым прадстаўніком пятай дынастыі Урука. Факты яго паходжання і атрымання тытулу лугаля не вядомы. Пасля заняпаду Акадскай імперыі Шумер апынуўся пад уладай гутыяў. Яна перажывалася вельмі балюча. На пераможнай стэле Утухегаля яны называліся іклатымі змеямі горных хрыбтоў, якія выступалі супраць багоў і зрабілі шмат зла шумерам. Урук таксама мог быць падначаленым гутыям, у такім разе Утухегаль першапачаткова зрынуў намесніка гутыйскага валадара або сам з’яўляўся намеснікам. Аднак у больш позняй шумерскай паэме пра Утухегаля паведамляецца, што ў яго час гутыі кантралявалі абодва берагі Тыгра. Урук знаходзіўся на левым беразе Еўфрата і мог заставацца свабодным.

У пазнейшай акадскай літаратуры Утухегаль называўся рыбаком, што не значыла яго паходжання з простай сям’і. У вавілонскім запісе паведамлялася, што ён злавіў рыбу для ахвярапрынашэння Мардуку, але гутыі аднялі яе, за што былі пакараны Мардукам, а Утухегаль узвышаны. Магчыма, у гэтай гісторыі быў намёк на сувязь Утухегаля з рыбаком Думузі, прадстаўніком першай дынастыі Урука і выбранцам Інаны, або на яго смерць у вадзе.

Барацьба з гутыямі[правіць | правіць зыходнік]

Ісінская копія стэлы Утухегаля. Захоўваецца ў Луўры.

Улада валадароў гутыяў не была ўстойлівай. У шумерскім спісе валадароў кожнаму з іх прыпісвалася некалькі гадоў кіравання. Магчыма, гэта сведчыла пра барацьбу розных правадыроў паміж сабою. Апошні валадар Тырыган кіраваў усяго 40 дзён. У пазнейшай акадскай версіі падзей паведамлялася, што яго кіраванне было азмрочана месяцавым зацьменнем. Дзякуючы гэтаму навукоўцамі быў вылучаны год падзей — 2109 да н. э. У паэме пра Утухегаля кажацца, што Тырыган заняў абодва берагі Тыгра і перакрыў у каналах ваду на палеткі.

Утухегаль звярнуўся за дапамогай да Інаны. Жыхарам Урука ён абвясціў, што багіня дапаможа яму. Надалей Утухегаль наведаў храмы Ішкура (магчыма, у пакуль не знойдзеным горадзе Каркары) і Уту ў Адабе. Падчас знаходжання каля храма Ішкура да яго прыбылі гутыйскія паслы Ур-Ніназу і Набі-Энліль, якія былі арыштаваны. Каля Адаба Утухегаль падрыхтаваў пастку для войска гутыяў і перамог яго. Тырыган разам са сваёй сям’ёй збёг пешшу ў паселішча Дабрум, дзе, аднак, быў захоплены мясцовымі жыхарамі і перададзены Утухегалю. Лугаль Урука абвясціў Шумер вызваленым і перадаў звязанага Тырыгана храму Уту (магчыма, прынёс яго ў ахвяру Уту).

Апошнія гады кіравання[правіць | правіць зыходнік]

Валадарства Утухегаля доўжылася ўсяго 7,5 гадоў. Згодна з надпісам на яго стэле, ён меў тытулы лугаля Урука і «валадара чатырох бакоў свету». Апошні тытул прымалі валадары гутыяў, а да іх — валадары Акада. Вядома, што ён выступаў суддзёю падчас зямельнай спрэчкі паміж жыхарамі Лагаша і «мужам з Ура» (сучасныя даследчыкі падазраюць, што ім з’яўляўся яго зяць Ур-Наму), прычым вырашыў яе на карысць жыхароў Лагаша.

Лічыцца, што Утухегаль загінуў падчас будаўніцтва канала. У пазнейшым вавілонскім запісе сцвярджалася, што ён здзейсніў злачынствы супраць гэтага горада, таму рака панесла яго цела.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]