Уладзімір Васільевіч Церабун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з У. В. Церабун)
Уладзімір Васільевіч Церабун
Дата нараджэння 11 красавіка 1946(1946-04-11)[1] (77 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці скульптар, графік, мастак
Месца працы
Вучоба
Член у
Прэміі
Узнагароды

Уладзімір Васільевіч Церабун (нар. 11 красавіка 1946, в. Несценяты, Смаргонскі раён) — беларускі скульптар, графік, жывапісец, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976), заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2007).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1973 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленне скульптуры). У 1977 годзе стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў. У 1979—1986 гадах старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі. У 1987—1999 гадах выкладаў у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Працуе пераважна ў станковай і манументальнай скульптуры і дробнай пластыцы, а з 1996 годзе яшчэ і ў пейзажным жывапісе. За свой творчы шлях ён выканаў шэраг работ як станковага, так і манументальнага характару: скульптуры, скульптура з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з вытокамі асвятлення (люстры) для грамадскіх будынкаў. З’яўляецца аўтарам мемарыяльнага комплексу Дальва (1973, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976), помніка на вайсковых могілках у Гродне (1981), рэльефаў «Фантазія», «Гімн сонцу», кампазіцый дэкаратыўных «Крылатая» (1989), «Ветразь» (1992), цыкла «Скульптура малых форм „Ракурс“» (1990—2002), серыі керамічных пасудзін (1993—1998), графічнага цыкла «Ракурс» (1986—1996). Сярод станковых кампазіцый: «Расстраляная песня. Памяці В. Хары» (1976), «Летапісец» (1981), «Сымон-музыка», «Апошняе жніво» (абедзве 1982), «Непераможныя» (1985), «Ясь і Яніна» (1987), «Апосталы Пётр і Павел» для касцёла св. Андрэя ў Слоніме, «Госпадзі, веру табе» для бернардзінскага касцёла ў Гродне (1996), «Флора і фаўна» (1997), «Мельпамена» (2001), «Элегія» (2003).

Творы Уладзіміра Церабуна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і фондзе Беларускага саюза мастакоў. У 1985 года кампазіцыя «Расстраляная песня» экспанавалася на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. Аўтар атрымаў сярэбраны медаль выставы.

Кампазіцыі са шкла і металу з вытокамі асвятлення сталі для мастака эксперыментальнай работай па мастацкаму аздабленню шэрагу інтэр’ераў. Да ліку эксперыментальных і ўдалых адносіцца скульптура з мазаікай для плавальнага басейна ВА «АЗОТ» у Гродне. Тэматычныя рэльефныя кампазіцыі размясціліся ў Гродзенскім абласным Палацы юнацкай творчасці, выкананыя ў тэхніцы «выкалатка з алюмінія» і ў гіпсе.

Стварыў шэраг мемарыяльных дошак: удзельнікам пасяджэння першага Савета рабочых дэпутатаў Гродна (1983, Гродна), польскай пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай (1989, Гродна), генералу А. І. Антонаву (2004, Гродна), Герою Савецкага Саюза Я. Ф. Філіпскіх (2004, Мінск), хірургам В. Новікаву, Д. Шавялёву, Ч. Цярэшку (2006, Смаргонь), сааўтар А. Крахалёў, заслужанаму работніку культуры Беларусі А. А. Дзяругу (2007, Смаргонь), народнай артыстцы Беларусі Т. Каламійцавай (2011, Мінск), сааўтар М. Бакуменка. У 2006 годзе у г.п. Бераставіца ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя «Дрэва жыцця» да 500-годдзя заснавання пасёлка, у 2007 годзе на возеры Свіцязь — кампазіцыя «Свіцязянка», у 2008 годзе ў Скідзелі выканана кампазіцыя «Клёкат буслоў» з нагоды 500-годдзя заснавання горада, у гэтым жа годзе ў г.п. Зэльва ўсталявана кампазіцыя анімалістычнага жанру з нагоды 750-годдзя заснавання пасёлка. Усе гэтыя творы выкананы з бронзы і граніту. У 2010 годзе у Лагойску была ўстаноўлена кампазіцыя «Саната памяці», а ў 2013 годзе у Смаргоні — памятны знак «Рэха вайны», прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку. У 2014 годзе у Смаргоні ў цэнтральным парку ўсталявана скульптурная кампазіцыя «Мядзвежая акадэмія».

Больш за 8 гадоў, пачынаючы з 2006 года, працаваў у аўтарскім калектыве над праектаваннем і будаўніцтвам мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ў Смаргоні. Яго работы экспанаваліся ў Гродне, Мінску, Лідзе, Маскве, Ленінградзе, Троіцку, Зеленаградзе, Таліне, Панявежысе, Шаўляі, Друскінінкаі, Варшаве, Міндане, Ростаке і інш.

Больш за 50 сваіх твораў скульптар перадаў у дар музеям у Гродне, Смаргоні, в. Гудзевічы Мастоўскага раёна.

Шмат увагі мастак надае развіццю дзіцячай творчасці, арганізоўвае конкурсы, выстаўкі, пленэры[2].

Зноскі