Перайсці да зместу

Фларыян Міладоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фларыян Міладоўскі
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 4 мая 1819(1819-05-04)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 8 ліпеня 1889(1889-07-08)[1][2] (70 гадоў)
Месца смерці
Краіна
Музычная дзейнасць
Педагог Дамінік Стэфановіч
Прафесіі кампазітар, піяніст, настаўнік
Інструменты фартэпіяна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фларыян Станіслаў Міладоўскі (польск.: Florian Stanisław Miładowski; 4 мая 1819, Мінск — 8 ліпеня 1889) — беларускі кампазітар, піяніст, педагог.

Паходзіў са шляхетнага роду Міладоўскіх, што валодалі некалі маёнткам Навадворкі ў Навагрудскім павеце. Але неўзабаве род збяднеў, і, страціўшы зямлю, яго прадстаўнікі перабраліся ў Мінск. Яго бацька Фабіян Міладоўскі пачаў даваць прыватныя ўрокі музыкі і, паводле сучаснікаў, быў «добрым музыкантам і сур’ёзна займаўся кампазіцыяй»[3].

Фларыян Міладоўскі нарадзіўся 4 мая 1819 года ў Мінску. Першую музычную адукацыю атрымаў у бацькі. Праз раннія ўрокі фартэпіяннай ігры, частыя музычныя вечары, дзе бацькоўскі дом збіраў мясцовых аматараў, ды прыродны талент маленькі Фларыян пачаў паказваць добрыя здольнасці. Міладоўскія пераехалі ў Вільню, каб працягнуць адукацыю сына, з таленавітым хлопчыкам згадзіўся займацца вядомы ў горадзе кампазітар Фердынанд Цібэ. У 1829 годзе, у 10-гадовым веку, Фларыян даў свой першы канцэрт, дзе ён выконваў няпростыя творы нават для дасведчаных музыкаў «Сёмы канцэрт для фартэпіяна» Даніэля Готліба Штэйбельта[ru] і «Варыяцыі» Карла Чэрні. Газета Kurier Litewski пісала пра гэтую падзею так: «У выступленні юнага музыканта адчуваліся вялікія здольнасці, незвычайная смеласць, прысутнасць духу, дакладнасць рытму, бегласць і пачуццё»[3]. На пачатку 1830-х гг. выступаў у Мінску і Слуцку[4].

Новага настаўніка знайшлі ў Мінску: толькі праслухаўшы хлопчыка, у лік сваіх вучняў яго згадзіўся прыняць Дамінік Стэфановіч — пачынальнік беларускага піянізму, кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра і адзін з самых аўтарытэтных музыкаў усяго краю. Менавіта Стэфановіч прывіў Міладоўскаму арыгінальнасць і ўнікальнасць выканання, як і ўсім сваім вучням, у лік якіх уваходзіць Каміла Марцінкевіч і Станіслаў Манюшка. З апошнім Фларыяна Міладоўскага ўсё жыццё звязвала сяброўства. Вядомы кнігавыдавец і літаратар Аляксандр Валіцкі пісаў пра сяброў так[3]:

" Міладоўскі і Манюшка да апошняга часу былі ў Літве дзвюма пальмамі ў выпаленай пустэльні, пад ценем якіх музыка магла знайсці сабе прытулак. "

У 1836 годзе вядомы беларускі мецэнат і аматар мастацтва Бенедыкт Тышкевіч запрасіў Міладоўскага ў свой маёнтак Чырвоны Двор[lt] у якасці настаўніка музыкі для дачок і дырыжора аркестра. У кароткі час пад кіраўніцтвам кампазітара правінцыйны сімфанічны аркестр стаў адным з лепшых прыватных музычных калектываў у Еўропе[3], які выконваў сімфоніі Бетховена, Моцарта, Шуберта, тагачасныя сімфанічныя і інструментальныя творы. 1 кастрычніка 1840 года ажаніўся з францужанкай Аўгусцінай Паро, якая была настаўніцай Тышкевічавых дачок.

Па парадзе Манюшкі ў 1841 годзе Фларыян Міладоўскі вырашыў працягнуць адукацыю ў Берліне, дзе асабіста пасябраваў з Феліксам Мендэльсонам-Бартольдзі, які дапамагаў яму ва ўдасканаленні кампазіцыі. Пасля нямецкай сталіцы кампазітара чакалі Вена, дзе практыкаваўся ў Франца Гаўсера[de], Ф. Гёльцля[de], Сімана Зэхтэра[de], Ёзефа Фішгафа[de], і Францыя, а таксама знаёмства з такімі вялікімі музыкамі, як Фрыдэрык Шапен і Ферэнц Ліст. Апошні па рэкамендацыі Станіслава Манюшкі нават змясціў «Экспромт» Міладоўскага ў сваім зборніку Das Pianoforte[3].

Праз два гады музыка вярнуўся на радзіму і працягнуў працу ў Чырвоным Двары. Аднак пасля смерці Тышкевіча аркестр давялося распусціць. У гэты цяжкі час Фларыяну Міладоўскаму зноў прыйшоў на дапамогу даўні сябар Станіслаў Манюшка, які прапанаваў перабрацца ў Вільню. Міладоўскі спачатку пераехаў у Вільню, а пазней — у маёнтак Мацкі недалёка ад Мінска. У маляўнічай глушы Фларыян Міладоўскі надзвычай шмат пісаў. Менавіта там з’явіўся яго самы знакаміты твор — аперэта «Канкурэнты» на словы Міхала Лапіцкага і Уладзіслава Сыракомлі, прэм’ера якой адбылася ў Мінску ў 1861 годзе[3].

У 1862 годзе эмігрыраваў у Францыю, спярша сям’я пасялілася ў Страсбургу. Пасля быў прафесарам фартэпіяннай ігры ў Мецы. У 1870 годзе аслеп на абодва вокі, напісаную музыку запісвалі яго дзеці. Пасля заваявання Меца прусамі Фларыяну Міладоўскаму зрабілі аперацыю, пасля якой змог бачыць на левае вока, у 1871 пераехаў у Нансі, працягваў пісаць музыку. На радзіму не вярнуўся з прычыны стану здароўя. Памёр 8 ліпеня 1889 года у Бардо.

Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (пастаўлены 24 лютага 1861 у Мінску, дырыжор Міладоўскі), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт[ru], 3 фартэпіянных трыа, 2 санаты для фартэпіяна ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зборнік «Польскія песні») і Вільні[4].

Зноскі

  1. а б https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/florian-stanislaw-miladowski
  2. а б Florian Stanislaw Miładowski // Musicalics
  3. а б в г д е Род Міладоўскіх: лёс генія без герба. 29.08.2019
  4. а б А. І. Ахвердава. Міладоўскі Фларыян Станіслаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).