Філасофія гісторыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Філасофія гісторыі — гуманітарная дысцыпліна, якая даследуе гістарычную рэальнасць і праблемы гістарычнага пазнання. Вывучае аб'ектыўныя заканамернасці і духоўна-маральны сэнс гістарычнага працэсу, прызначэнне і шляхі рэалізацыі сутнасных сіл чалавека ў гісторыі. У адрозненне ад гістарыяграфіі, філасофія гісторыі выконвае ролю тэарэтычнага асэнсавання гісторыі.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што філасофія гісторыі ўзнікла ў Старажытнай Грэцыі, дзе былі распрацаваны важныя для разумення гісторыі і пабудовы гістарычных ведаў катэгорыі (рух, развіццё, узаемадзеянне асобы і грамадства). Але старажытнагрэчаскія ўяўленні, паняцці і катэгорыі не склаліся ў закончанную сістэму філасофскіх поглядаў на гістарычную рэальнасць. У перыяд ранняга хрысціянства ўзнікла гістарычная перыядызацыя, сфармулявана ідэя гістарычнага прагрэсу (Аўгусцін), гістарычныя падзеі пачалі асэнсоўвацца з хрысціянска-тэалагічных пазіцый: гісторыя ствараецца людзьмі, але ў яе аснове ляжыць Божая задума. Перадумовы стварэння ўласна філасофіі гісторыі ўзніклі ў XVI—XVIII стст. (Ж. Бадэн, Ф. Бэкан, Т. Гобс і іншыя). Вальтэр упершыню ўжыў тэрмін «філасофія гісторыі», пад якім разумеў універсальны агляд чалавечай культуры; у сваёй працы «Філасофія гісторыі» (1765 г.) ён адмаўляў правідэнцыялізм і разглядаў гісторыю як творчасць людзей, а не выяўленне волі Бога. Дж. Віка прапанаваў ідэю аб'ектыўнага характару гістарычнага развіцця і распрацаваў тэорыю гістарычнага кругаварота. У XVIII—XIX стст. філасофія гісторыі развівалася пераважна ў выглядзе агульнай тэорыі гістарычнага развіцця. І. Г. Гердэр разглядаў філасофію гісторыі яе спецыяльную дысцыпліну, якая вывучае агульныя праблемы гісторыі і заклікана адказаць на пытанні, ці існуюць станоўчыя і нязменныя законы развіцця чалавечага грамадства і якія яны. Найвышэйшым дасягненнем традыцыйнай філасофіі гісторыі стала тэорыя Г. Гегеля, які лічыў галоўнай крыніцай грамадскага развіцця аб'ектыўны розум, сусветны дух, абсалютную ідэю, што праходзілі розныя ступені свайго самаразвіцця. У 2-й палове XIX ст. Прадстаўнікі пазітывізму крытыкавалі традыцыйную філасофію гісторыі і прапаноўвалі замяніць яе сацыялогіяй. Г. Рыкерт вылучыў 3 значэнні тэрміна «філасофія гісторыі»: усеагульная гісторыя (абагульненне гістарычнага працэсу і звядзенне «асобных» гісторыяй у адзіную сусветную); вучэнне аб прынцыпах гістарычнага быцця і пошуку сэнсу гісторыі; логіка гістарычнага пазнання. Яго трактоўку філасофіі гісторыі развівалі ў сваіх працах заходнееўрапейскія і амерыканскія філосафы, дзе зводзілі яе да гістарычнай тэорыі пазнання ці логікі і метадалогіі гісторыі.

У працэсе станаўлення як асобнай дысцыпліны філасофія гісторыі набыла канцэптуальнае афармленне ў 3 асноўных тэарэтычных мадэлях. Метафізічная мадэль філасофіі гісторыі анталагічную праблематыку: вучэнне пра гістарычную рэальнасць і гістарычны працэс, праблемы логікі гістарычнага развіцця, гістарычных законаў і заканамернасцей, гістарычнага прагрэсу і рэгрэсу, свабоды і неабходнасці, сэнсу гісторыі (Гердэр, Гегель, М. А. Бярдзяеў, Ф. Франк, М. Хайдэгер, К. Ясперс і іншыя). Ідэя адзінства і разнастайнасці сусветнага гістарычнага працэсу, пакладзеная ў аснову гэтай мадэлі, стала сістэмаўтваральнай для ўзнікнення фармацыйнай тэорыі марксізму, канцэпцыі лакальных цывілізацый (М. Я. Данілеўскі, О. Шпенглер, А. Дж. Тойнбі), тэорый мадэрнізацый (Т. Парсанс, С. М. Ліпсет і іншыя) і пасіянарных цыклаў (Л. М. Гумілёў) і іншае. Эпістамалагічнач мадэль разглядае праблемы гістарычнага пазнання і ведаў, лагічнай структуры гістарычнай думкі, гістарычнага разумення і тлумачэння, метадалогіі і інтэрпрэтацыі гістарычных крыніц, гістарычнай ісціны і навуковага мадэліравання гістарычных падзей (бадэнская школа неакантыянства, неапазітывізм, К. Г. Гемпель, У. Дрэй, А. С. Лапа-Данілеўскі, У. М. Хвастоў, Р. Ю. Віпер, М. М. Кавалеўскі і іншыя). Антрапалагічная мадэль сінтэзуе анталагічны і эпістэмалагічны падыходы ў філасофіі гісторыі, акцэнтуе ўвагу на праблемах чалавечага быцця і свядомасці, выступае за міждысцыплінарнае даследаванне гісторыі (Г. П. Фядотаў, А. Я. Гурэвіч і іншыя). Спалучэнне метафізічнай, эпістэмалагічнай і антрапалагічнай мадэлей характэрна для тэорыі «усеадзінства» Л. П. Карсавіна і тэорыі «культурнага сінтэзу» Э.Трольча.

У савецкай гуманітарнай думцы філасофіі гісторыі не лічылася самастойнай дысцыплінай. Філасофска-гістарычная праблематыка распрацоўвалася ў межах гістарычнага матэрыялізму (М. А. Барг, У. Ж. Келе, В. І. Мішын, Дз. І. Часнакоў і іншыя). Да 1980-х гадоў у межах марксісцкай тэорыі да абгрунтавання ўласнага статуса філасофіі гісторыі як гнасеалогіі, метадалогіі і логікі гісторыі (А. І. Ракітаў і іншыя). У 1990-я гады на Беларусі тэарэтычныя праблемы філасофіі гісторыі і новыя метады гістарычных даследаванняў распрацоўваюць У. С. Кошалеў, А. М. Нечухрын, У. Н. Сідарцоў і іншыя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Арон, Р. Избранное: Введение в философиюю истории: Перевод с французского. — М. — СПб., 2000.
  • Бердяев, Н. А. Смысл истории. — М., 1990.
  • Гегель, Г. В. Ф. Лекции по истории философии: Перевод с немецкого: В 3 книгах. — СПб., 1993.
  • Гердер, И. Г. Идеи к философии истории человечества: Перевод с немецкого. — М., 1977.
  • Гобозов, И. А. Введение в философию истории. — М., 1993.
  • Данто, А. Аналитическая философия истории. — М., 2002.
  • Карсавин, Л. П. Философия истории. — СПб., 1994.
  • Коллингвуд, Р. Дж. Идея истории: Автобиография: Перевод с английского. — М., 1980.
  • Лооне, Э. Н. Современная философия истории. — Таллин, 1980.
  • Русанова, О. Ф. Философия и методология истории в XX в. — Екатеринбург, 2000.
  • Философия истории: Антология. — М., 1995.