Хведар Андрэевіч Жудро
Хведар Андрэевіч Жудро | |
---|---|
Род дзейнасці | рэлігійны дзеяч, гісторык, археограф, краязнавец, публіцыст, педагог |
Дата нараджэння | 1864 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1922 |
Грамадзянства | |
Бацька | Андрэй Іванавіч Жудро |
Жонка | Антаніна Васілеўна Сахарава |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хведар Андрэевіч Жудро (1864, в. Кузьмінічы, Гомельскі павет, Магілёўская губерня — пасля 1922) — царкоўны дзеяч, гісторык, археограф, краязнавец, публіцыст, педагог.
Жыццё і дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Магілёўскую, а затым (1889 г.) — Санкт-Пецярбургскую духоўную семінарыю. З 1890 г. выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі, у 1892—1895 і 1898 гг. выконваў абавязкі рэдактара «Могилевских епархиальных ведомостей». З 1893 г. выкладчык Магілёўскага жаночага вучылішча духоўнага ведамства, член і справавод Магілёўскай павятовага аддзялення епархіяльнага вучылішчнага савета. З 1897 г. правадзейны член і справавод камісіі пад кіраўніцтвам Е. Р. Раманава па ўладакаванні магілёўскага сховішча старажытнасцей (пазней — Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей). Меў чыны асэсара (з 1897 г.), тытулярнага і надворнага саветніка (з 1898 г.)[1].
З 1899 г. працаваў выкладчыкам Закону Божага ў гомельскіх мужчынскай і жаночай гімназіях, з 1905 г. — у прыходскім вучылішчы. Адначасова служыў святаром (з 1914 г. протаіерэем) гімназічнай царквы Аляксандра Неўскага. З 1904 г. член праўлення Магілёўскага гісторыка-статыстычнага камітэта. У 1905—1906 гг. старшыня Магілёўскага царкоўна-праваслаўнага брацтва, спрыяў выдаткаванню сродкаў на будаўніцтва царкоўна-прыходскай школы, уладкаванню гарадской бібліятэкі-чытальні ў Гомелі[1].
У Гомелі жыў на наёманай кватэры ў доме Бядрыцкага па вуліцы Каўказскай[2] (гістарычны раён Каўказ). Яго асабістая пячатка была знойдзена на адным з тамтэйшых падворкаў у 1972 г.[3]
Як педагог, па ўласных словах, быў праціўнікам абмежаванняў у навучанні па саслоўных, этнічных і рэлігійных прыкметах, а ў навучальным асяроддзі «з рознаверным і рознанацыянальным складам вучняў» намагаўся выкараніць антаганізм між імі, падтрымліваў творчую і грамадзянскую актыўнасць навучэнцаў[4]. Таксама ён сцвярджаў, што асабістым умяшаннем праз зварот да паліцэйскага начальства выратаваў ад пагрому дамы «некаторых рэвалюцыйных дзеячаў» і паспрыяў вызваленню арыштаваных «больш свядомых сялян павета»[5]. Незразумела, аднак, як дэмакратызм поглядяў, спалучаўся з удзелам у заснаванні (1911 г.) і працай на пасадзе сакратара чарнасоценскай газеты «Гомельское слово», а адзін з падрыхтаваных ім матэрыялаў меў «яўна пагромны характар» (надрукаваны не быў)[6].
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, маючы рэпутацыю «чалавека ліберальнага, перадавога» выбіраўся ад настаўніцтва дэлегатам «на першы рэвалюцыйны сход павета» (20 сакавіка 1917 г.), быў членам «першай рэвалюцыйнай Думы ў Гомелі па настаўніцкім спісе»[5].
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, з усталяваннем савецкай улады, выбіраўся на пасаду члена калегіі былой гімназіі. Са скасаваннем рэлігійнага навучання ў школах працаваў настаўнікам рускай мовы. Падчас перапынку ў працы школ быў прыняты «на савецкую службу» памочніка загадчыка пахавальнага аддзела[5]. Станам на 19 лютага 1919 г. займаў пасаду сакратара школьнаго савета аддзела народнай асветы ў Гомелі[7].
За адслужаны 26 сакавіка 1919 г. падчас Стракапытаўскага паўстання малебен «аб зрынанні бальшавікоў» прыцягваўся савецкай уладай да адказнасці і быў асуджаны 12 мая таго ж года да зняволення ў Гомельскім выпраўленчым доме на тэрмін, акрэслены як «да сканчэння грамадзянскай вайны»[8]. У заяве з просьбай аб датэрміновым вызваленні ўдзел у контррэвалюцыйнай дзейнасці адмаўляў, як адмаўляў і палітычную скіравансць праведзенага малебну: «Нічога пра савецкую ўладу я не казаў і ніякага спачування мяцежнікам не складаў»[9]. З дазволу Карнага аддзела Гомельскага губернскага камісарыята юстыцыі падчас набажэнства ў дзень Пакрова Божай Маці звярнуўся да вернікаў з прамовай, якой пераконваў, што камунізм не з’яўляецца антыхрысціянскім вучэннем[10]. 25 кастрычніка 1919 г. быў датэрмінова вызвалены[11].
На пачатку 1920-х гг. працягваў займацца рэлігійнай дзейнасцю. У лістападзе 1922 г. далучыўся да абнаўленскага «Саюза абшчын Старажытнаапостальскай Царквы», выступіўшы адным са стваральнікаў яго гомельскай філіі[12].
Далейшы лёс, дата, месца і абставіны смерці застаюцца невядомымі.
Аўтар шэрагу публікацый па царкоўнай гісторыі Магілёўскай губерні[1]. У суаўтарстве з Д. І. Даўгялам і І. А. Сербавым напісаў нарыс «Горад Гомель» (1911 г.)[13].
Працы
[правіць | правіць зыходнік]- История Могилевского Богоявленского братства (Магілёў, 1890 г.)
- Белыничский Рождество-Богородицкий монастырь (Магілёў, 1894 г.)
- Богоявленский братский монастырь в г. Могилеве (Магілёў, 1899 г.)
- Буйничский Свято-духовный [женский] монастырь Могилевской епархии (Магілёў, 1904 г.)
- Город Гомель (Могилевской губ.) / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, Д. И. Довгялло (Вільня, 1911)
Зноскі
- ↑ а б в Яцкевіч, З. Жудро Хведар Андрэевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Т. 3. [Гімназіі-Кадэнцыя] / Рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэдактар) і інш. — Мінск : БелЭн, 1996. — С. 372.
- ↑ Памятная книжка Могилевской губернии на 1913 год. — Могилев губ. : Губернская типография, 1913. — С. 112.
- ↑ Яцкевіч, Зм. Л. Хведар Жудра і Гомель / Зм. Л. Яцкевіч // Гомельшчына : старонкі мінулага. Нарысы. Вып. 2. — Гомель, 1996. — С. 61-65.
- ↑ Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 82.
- ↑ а б в Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 83.
- ↑ Ананьев, А. Газета «Гомельское слово» // Сретение. — 2016. — № 1. — С. 19-21.
- ↑ Уваров, И. Ю. Гомель в исторической ретроспективе (1918—1925 годы) [монография] / И. Ю. Уваров. — Гомель : ГГТУ им. П. О. Сухого, 2021. — С. 104.
- ↑ Лебедзева, В. М. Святар Хведар Жудро і Стракапытаўскі мяцеж 1919 г. у Гомелі // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 80.
- ↑ Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 84.
- ↑ Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 88-89.
- ↑ Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 86-87.
- ↑ Слесарев, В. А. Гомельская православная епархия в эпоху массовых антирелигиозных гонений (1922—1939) // Аспект. — 2018. — № 1 (5). — С. 26.
- ↑ Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911.