Цнянская вуліца (Мінск)
| Вуліца Цнянская Мінск | |
|---|---|
| | |
| Агульная інфармацыя | |
| Краіна | Беларусь |
| Горад | Мінск |
| Гістарычны раён | Камароўка |
| Працягласць | 860 м |
| Найбліжэйшыя станцыі метро |
|
| Ранейшыя назвы |
Турэцкая, Усходняя, 3-я лінія |
| Паштовы індэкс | 220013, 220100 |
Вуліца Цня́нская — вуліца ў Савецкім раёне горада Мінска. Ідзе ад вул. Кульман, перасякае завулак Я. Коласа і 2-ю вуліцу Шостая Лінія і заканчваецца скрыжаваннем з вуліцай Багдана Хмяльніцкага.
Мікрараён па вул. Цнянскай уяўляе сабой масіў у асноўным пяціпавярховых жылых дамоў з рэдкімі выключэннямі будынкаў большай паверхавасці[1]. У прыватнасці, на вуліцы Цнянскай стаяць тры цагляныя дзевяціпавярховыя дамы 1968—1971 гадоў пабудовы з дэкаратыўнымі рашоткамі на дахах[1][2]. Грамадскі транспарт па вуліцы не ходзіць.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На пачатку XX стагоддзя сучасная вуліца Цнянская была часткай Кітайскай[3] альбо паводле іншых вытокаў — Турэцкай вуліцы[4][5]. У 1934 годзе падчас «чысткі» старадаўніх назваў, звязаных з нацыянальнымі меншасцямі, вуліца была перайменавана ва Усходнюю[4][5]. У 1979 годзе частка Усходняй вуліцы, размешчаная на поўдзень ад вуліцы Сурганава, атрымала назву Цнянская[4].
Невялікі фрагмент сучаснай вуліцы Цнянскай пэўны час насіў назву Трэцяя лінія[6][7].
Карты
[правіць | правіць зыходнік]Дарога на Цну на карце Мінска 1911 года. |
Вуліцы Цнянская, Турэцкая і Трэцяя лінія на карце Мінска 1918 года. |
Вуліцы Цнянская, Усходняя і Трэцяя лінія на карце Мінска 1934 года. |
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Архітэктура вуліцы складаецца пераважна з дамоў, пабудаваных у канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў[8].
На сваім пачатку Цнянская вуліца аддзяляецца ад вуліцы Кульман, па ціху аддаляецца ад яе і затым паварочвае ў бок вуліцы Сурганава. Першыя дамы па Цнянскай уяўляюць сабой 5-павярховыя хрушчоўкі, далей ідзе невялікая пустка і за паваротам пачынаецца асноўная частка вуліцы. Па адзін бок яе знаходзіцца дзіцячы садок, стадыён і некалькі ўстаноў, па іншы — жылая забудова. Яна складаецца з трох цагляных 9-павярховых дамоў, паміж якімі знаходзіцца шэраг 5-павярховікаў.
Дзевяціпавярховыя дамы былі пабудаваны ў 1968—71 гадах[8]. Яны мелі абліцоўку ў выглядзе неглазураванай керамічнай пліткі чырвонага колеру, дах быў упрыгожаны дэкаратыўнымі рашоткамі — перголамі. Архітэктарамі праекту былі Т. Ф. Дворына-Кляноўская і Л. У. Архангельская. У 2017—18 гадах у гэтых дамах быў праведзены капітальны рэмонт, у выніку чаго абліцоўка і дэкаратыўныя элементы былі страчаны[9].
У дварах Цнянскай вуліцы захаваліся старыя савецкія нумараваныя гаражы. Комплекс на Цнянскай 12 уяўляе сабой спалучэнне адміністратыўнага будынка і інтэрната. Самым старым домам вуліцы з’яўляецца дом № 16. Ён уяўляе сабой 2-павярховы будынак часткова ашаляваны дошкамі. Пабудаваны ў пачатку 1930-х гадоў.
Аб’екты
[правіць | правіць зыходнік]На рагу вуліц Кульман і Цнянскай размешчаны Мемарыяльны знак падпольшчыкам.
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]М. Чаргінец згадвае вуліцу ў адным са сваіх міліцэйскіх дэтэктываў: «Хто ведаў старую Цнянскую вуліцу, той пэўна памятае, што яна была нешырокай…»[10]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Районы, кварталы: история жилого района универсама «Рига» (руск.). Onliner.by (28 кастрычніка 2013). Праверана 13 чэрвеня 2019.
- ↑ Районы, кварталы. История Комаровки: как болото стало торговым центром городского значения (руск.). Onliner.by (12 мая 2012). Праверана 29 ліпеня 2019.
- ↑ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў (недаступная спасылка). Беларускі Калегіюм (10 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2019. Праверана 29 ліпеня 2019.
- ↑ а б в Вячеслав Бондаренко. Блуждающие названия (руск.)(недаступная спасылка). Сайт «Минск старый и новый» (16 жніўня 2007). Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2020. Праверана 13 чэрвеня 2019.
- ↑ а б Вячеслав Бондаренко. Между двумя мировыми войнами (руск.)(недаступная спасылка). Сайт «Минск старый и новый» (16 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2019. Праверана 29 ліпеня 2019.
- ↑ Загадки минской топонимики: самые странные улицы города (руск.). Onliner.by (27 кастрычніка 2014). Праверана 13 чэрвеня 2019.
- ↑ Ольга Шилак. Топонимист об истории минских улиц: «Чиновники попросту не знали, как их назвать!» (руск.)(недаступная спасылка). Камсамольская праўда (30 верасня 2016). Праверана 13 чэрвеня 2019.
- ↑ а б Спісак будынкаў: Мінск, Цнянская улица . PhotoBuildings.com. Праверана 22 чэрвеня 2025.
- ↑ Мінск, Цнянская улица, 21 . PhotoBuildings.com. Праверана 22 чэрвеня 2025.
- ↑ Николай Чергинец. За секунду до выстрела. Минск: Мастацкая літаратура, 1983, с. 238.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Цнянская вуліца (Мінск)- Вуліца Цнянская на сайце «PhotoBuildings»
- Вуліца Цнянская на фотаздымках 2023 года