Чамора
Чамора (Chamoru) | |
Агульная колькасць | 177 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Садружнасць Паўночныя Марыянскія астравы, Гуам |
Мова | чамора |
Рэлігія | культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | палаўанцы, япанцы |
Чамора (саманазва: Chamoru) — карэнныя насельнікі Марыянскіх астравоў. Жывуць у Садружнасці Паўночныя Марыянскія астравы і на Гуаме. У выніку эміграцыі больш за палову чамора таксама жывуць і працуюць у розных штатах ЗША, галоўным чынам на Гаваях. Агульная колькасць (2000 г.) — 177 тыс. чал.
Паходжанне і гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Марыянскія астравы пачалі насяляцца 4300 — 5000 гадоў таму. Але пра прысутнасць чалавека ў тую старажытную пару апавядаюць толькі ўскосныя дадзеныя — знаходкі драўнянага вуглю і пылку культурных раслін. Таму немагчыма вызначыць, ці былі гэта непасродныя продкі чамора або іх невядомыя папярэднікі.
Лічыцца, што продкі чамора з’явіліся ў 2 тысячагоддзі да н. э. з Паўднёва-Усходняй Азіі. Генетычныя даследаванні паказваюць блізкасць сучасных чамора да насельнікаў Сулавесі, але з-за моцнай пазнейшай метысацыі гэты факт асцярожна ўспрымаецца вучонымі.
Старажытныя чамора мелі высокі рост, што пацвярджаецца як археалагічнымі раскопкамі, так і запісамі іспанцаў. Займаліся сельскай гаспадаркай, ведалі кераміку, былі выдатнымі мараплаўцамі, стала падтрымлівалі гандлёвыя зносіны з жыхарамі Каралінскіх астравоў. Аналіз шкілетаў у старажытных пахаваннях сведчыць, што значную частку ежы складала тое, што здабывалі ў моры.
Прыкладна ў VIII ст. н. э. на Марыянскіх астравах узнікла мегалітычная культура латэ — каменных слупоў з сферычнымі навершамі. Іх прызначэнне да гэтай пары не вядома, але латэ сустракаюцца на ўсіх астравах, калісьці населеных чамора. Культура латэ працягвалася да XVIII ст.
У 1521 г. Марыянскія астравы былі адкрытыя Фернанам Магеланам. У той час колькасць тубыльцаў складала ад 30 да 100 тысяч чалавек. Менавіта іспанцы надалі ім найменне Chamorro. Відавочна запазычанае з мясцовай мовы, яно значыла «высакародны». Гуам і суседнія астравы былі ўключаны ў склад Іспаніі. Але першая іспанская місія манахаў-езуітаў была пасланая на Гуам толькі ў 1668 г. Езуіты ахрысцілі значную частку астравіцян, пабудавалі першы хрысціянскі сабор, садзейнічалі распаўсюджванню новых сельскагаспадарчых раслін, у тым ліку кукурузы. У 1672 г. глава місіі Дыега дэ Сан-Луіс Віторэс быў забіты, што прывяло да знішчальнай вайны іспанцаў супраць чамора. Многія астравіцяне загінулі ў баях, але большасць памерла ад завезеных еўрапейцамі хваробаў.
У 1695 г. уцалелыя жыхары былі паселены ў 5 вёсках, якія кантраляваліся іспанскімі салдатамі і місіянерамі. Чамора былі вымушаны апранацца ў еўрапейскую вопратку, абавязкова наведваць касцёл і вучыць іспанскую мову. У 1740 г. на Гуам таксама былі пераселены чамора з паўночных Марыянскіх астравоў. У 1710 г. першы іспанскі перапіс на Гуаме выявіў 3143 тубыльцы з 3614 усіх насельнікаў вострава. У асноўным, гэта былі жанчыны і дзеці. У 1795 г. засталося ўсяго 1894 чамора, у той час як агульнае насельніцтва вырасла да 3500 чал. Гэта тлумачыцца тым, што чамора працягвалі паміраць ад эпідэмій, раствараліся сярод новых перасяленцаў з Мексікі і Філіпін. Сітуацыя выправілася толькі ў XIX ст. У 1829 г. налічвалася 2697 чамора з 6480 чал. усяго насельніцтва. Хаця тубыльцы здолелі захаваць сваю мову, большасць з іх на той момант ужо была метысавана.
У 1898—1899 гг. Гуам быў перададзены ЗША, а Паўночныя Марыянскія астравы — Германіі. У 1919—1945 гг. Паўночныя Марыянскія астравы кантраляваліся Японіяй, а пасля II Сусветнай вайны таксама трапілі пад кантроль ЗША.
Старажытная культура
[правіць | правіць зыходнік]Фактычна, да прыходу еўрапейцаў чамора з’яўляліся самым развітым народам Мікранезіі. Асновай жыццезабеспячэння былі сельская гаспадарка, збіральніцтва, лоў рыбы. Чамора вырошчвалі хлебнае дрэва, какосавую пальму, тара, бананы, на востраве Гуам — рыс. У мора выходзілі на падвойных лодках з ветразямі трохкутнай формы. Паляванне мела другараднае значэнне, паколькі акрамя птушак, чарапах і кажаноў ніякай іншай здабычы на Марыянскіх астравах не было. Удзельнікі экспедыцыі Магелана сведчылі, што сельская гаспадарка, лоў рыбы сеткамі і мараходства лічыліся мужчынскімі заняткамі. Жанчыны займаліся хатняй гаспадаркай, збіральніцтвам, выраблялі цыноўкі, кошыкі і г. д.
Керамічныя вырабы адрозніваліся знешняй прастатой і з-за сваёй далікатнасці на вялікія адлегласці не перамяшчаліся. Адзіным узбраеннем былі дзіда з навершам з чалавечай косці і прашча. Вопратку амаль не насілі. З раслінных валокнаў рабілі нешта накшталт насцегнавых павязак. Былі таксама вядомы шаломы, але іх апісанняў не захавалася. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожвалі сябе чарапахавымі падвескамі і ракавінамі. Апошнія выкарыстоўваліся ў якасці грошай пры абмене. Быў шырока распаўсюджаны звычай фарбаваць зубы.
Чамора жылі ў вёсках каля ўзбярэжжа, на Гуаме таксама ўздоўж рэк. Простыя абшчыннікі сяліліся ў маленькіх каркасных буданах з лісця. Правадыры ўзводзілі жытло на латэ. Стоўп латэ вырабляўся з самаробнага бетону, а наверша — з базальту і вапняку. Некалькі вёсак складалі тэрытарыяльнае аб’яднанне, на чале якога знаходзіўся правадыр магалахе.
Грамадства падзялялася на тры буйныя пласты: высакародных матуа, сярэдніх ачаот і ніжэйшых мангатчанг. Матуа складалі большую частку гандляроў, найбольш прывілеяваных рамеснікаў, воінаў. Ачаот былі іх памагатымі. Мангатчанг займаліся земляробствам. Яны не мелі права ўваходзіць у жытло матуа, былі абавязаны схіляцца пры сустрэчы і размаўляць з высакароднымі толькі на вялікай адлегласці.
Главой сям’і лічыўся мужчына, але перадача спадчыны і адлік сваяцтва вяліся па жаночай лініі. У юнацкія гады хлопцы пакідалі родны дом і жылі ў халасцяцкіх аб’яднаннях улітаа, якія дазвалялася наведваць і дзяўчатам. Свахай звычайна выступала маці хлопца. Да шлюбу ён быў павінен адпрацаваць некаторы час ў сям’і нявесты. Парушэнне шлюбнай вернасці з боку жанчыны каралася яе выгнаннем. Муж мог выклікаць суперніка на бой. Але строга забаранялася біць няверную жонку. Затое няверны муж караўся пабоямі і пераследам усіх жанчын вёскі. Жанчыны мелі вялікі ўплыў на ўсё грамадскае жыццё. Яны збіраліся таксама на жаночыя рады, на якіх мужчыны не прысутнічалі.
Асновай рэлігіі старажытных чамора быў культ продкаў — духаў людзей мінулага анітэ і таатаамона. Вылучаліся мужчыны і жанчыны сурухана — вядзьмары і знахары. Па некаторых даных, існавалі чалавечыя ахвярапрынашэнні.
-
Мегаліты латэ на востраве Гуам
-
Вёска чамора ў XIX ст.
-
Дзяўчаты чамора ў 1930-ых гг.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Чамора на Вікісховішчы |
- A BRIEF HISTORY OF THE CHAMORRO Архівавана 16 ліпеня 2012.
- Ancient Chamorros of Guam Архівавана 13 сакавіка 2013.
- Patricia L. G. Taimanglo, The Chamorro people of Guam
- The ChamorroАрхівавана 21 чэрвеня 2010.
- Guam History and Culture Архівавана 3 лістапада 2012.