Перайсці да зместу

Чанак’я

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чанак’я
Імя пры нараджэнні санскр.: Kauṭilya or Vishnu Gupta
корнск.: Kauṭilya
корнск.: Vishnu Gupta
Род дзейнасці пісьменнік, філосаф, эканаміст, настаўнік, астролаг, дараднік, палітык
Дата нараджэння 375 да н.э.
Месца нараджэння
Дата смерці 283 да н.э.
Месца смерці
Веравызнанне індуізм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чанак’я (санскр.: चाणक्य Cāṇakya), вядомы таксама пад імёнамі Каўтылья, Вішнугупта і Ватсьяяна — знакаміты ў індыйскай гісторыі брахман, які граў галоўную ролю ва ўзвядзенні Чандрагупты на сталец царства Магадха і ў знішчэнні колішняй дынастыі — Нанда. Ён вылучаўся хітрасцю і тонкім палітычным розумам, і параўноўваецца гісторыкамі Індыі з Макіявелі. Яго пяру прыпісваюць трактат пра палітыку і маральнасць, вядомы пад загалоўкам Чанак’я-сутра, а таксама трактат Чанак’я-раджанітышастра.

Лічыцца, што з-пад яго пяра выйшаў трактат «Артхашастра», у перакладзе з санскрыта — «Навука аб карысці», які быў створаны на працягу IV стагоддзя да нашай эры і лічыцца першай у свеце кнігай, у якой былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы дзейнасці спецслужб. Чанак’я з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай у вядомай драме Вішакхадаты — «Мудраракшаса».

Гістарычныя дакументы

[правіць | правіць зыходнік]

Існуе некалькі гістарычных крыніц, на аснове якіх можна пабудавать біяграфію Чанак’і. Ёсць чатыры версіі[1]:

Ва ўсіх версіях брахмана Чанак’ю абражае цар Нанда, і Чанак’я дае клятву знішчыць яго царства, пасля чаго з дапамогай інтрыг забівае былога цара і ўзводзіць на сталец Чандрагупту.

Будыйская версія

[правіць | правіць зыходнік]

Па версіі Махавамсы, уладальнікі царства Нанда былі разбойнікамі, якія захапілі землі і ўсталявалі сваю ўладу[2]. Чанак’я быў брахманам у горадзе Таксіла (Такшашыла), вывучаў Веды і палітычныя навукі. У яго былі вострыя іклы, што лічылася прыкметай каралеўскай крыві. Яго маці баялася, што ён забудзе яе, калі зробіцца царом, і, каб супакоіць яе, Чанак’я выбіў сабе іклы[3].

Гаворыцца, што Чанак’я быў непрыгожы, і збітыя зубы зрабілі яго знешнасць яшчэ горшай. Аднойчы цар Дхана Нанда зладзіў цырымонію ўручэння дароў брахманам, і Чанак’я прыйшоў у сталіцу Нанда, Паталіпутру, каб прысутнічаць на ёй. Але цар абурыўся непрыгожасцю брахмана і загадаў выгнаць яго з палаца.

Чанак’я ў лютасці сарваў з сябе святы шнур (упавіта) і пракляў цара. Дхана Нанда загадаў схапіць агіднага брахмана, але той збег, бо прыкінуўся блукаючым манахам (аджывіка). Чанак’я сустрэў царскага сына Пабату, зачараваў яго гутаркай і заахвоціў заняць трон. Пабата даў брахману свой пярсцёнак, і Чанак’я збег з палаца праз таемныя дзверы.[3]

Граніцы царства Дханы Нанды

Ён збег у лясы Віндх’і. Там ён стварыў 800 мільёнаў залатых манет (карапан), выкарыстоўваючы загавор, які ператвараў адну манету ў восем. Ён схаваў грошы і адправіўся шукаць чалавека, годнага замяніць Дхана Нанду. Аднойчы ён убачыў, як гулялі дзеці: юны Чандрагупта гуляў за цара, а іншыя дзеці — за васалаў, дарадцаў і злачынцаў. Чандрагупта загадаў адсекчы рукі «злачынцам», але пасля адсякання рукі цудоўным чынам адрасталі зноў.

Чандрагупта нарадзіўся ў царскай сям’і, але выгадаваў яго просты паляўнічы. Цар, бацька Чандрагупты, быў забіты падчас перавароту, а богі-дзеваты пераканалі маці кінуць сына. Чанак’я быў уражаны сілай Чандрагупты, заплаціў 1000 залатых манет прыёмнаму бацьку і паабяцаў навучыць хлопчыка гандлю.[3]

Такім чынам, былі два верагодныя цары: Пабата і Чандрагупта. Чанак’я даў абодвум хлопчыкам амулет, які трэба было насіць на шыі на ваўнянай нітцы. Аднойчы, калі Чандрагупта спаў, брахман папрасіў Пабату зняць з таго амулет і не пабудзіць. Пабата не справіўся з заданнем. Праз некаторы час брахман папрасіў Чандрагупту зрабіць тое ж самае, калі спаў Пабата. Чандрагупта зняў ваўняную нітку, адсекшы Пабаце галаву.

Наступныя сем гадоў Чанак’я рыхтаваў Чандрагупту да таго, каб зрабіцца ўладаром навакольных зямель. Калі юнак стаў дарослым, Чанак’я дастаў свае залатыя манеты і сабраў войска. Армія Чандрагупты ўварвалася ў царства Дхана Нанда, але пацярпела разгром, і яны страцілі войска. Чандрагупта і Чанак’я пераапрануліся ў простых людзей і падслухалі размову жанчыны і яе дзіцяці. Дзіця з’ела сярэдзіну аладкі і выкінула краі. Жанчына лаялася, што дзіця есць як Чандрагупта: рушыць адразу да сталіцы замест таго, каб пачаць заваёўванне з прыгранічных зямель. Брахман і будучы цар зноў сабралі войска і рушылі ў паход, у гэты раз пачалі з прыгранічных зямель. Паступова яны прасунуліся да Паталіпутры, захапілі сталіцу і забілі Дхана Нанду.

Чанак’я ўзвёў Чандрагупту на сталец. Праз некаторы час ён пачаў дадаваць яму ў ежу малыя дозы яду, каб не даць магчымым ворагам атруціць яго. Чандрагупта не ведаў гэтага і аднойчы раздзяліў ежу са сваёй цяжарнай жонкай, якая праз сем дзён павінна была нарадзіць спадчынніка. Яна пачала задыхацца, паклікалі брахмана. Калі Чанак’я прыйшоў да яе, то зразумеў, што выратаваць яе ўжо нельга, але можна выратаваць яе дзіця. Ён адсек царыцы галаву і разрэзаў ёй жывот, каб дастаць немаўля. Наступныя сем дзён ён клаў немаўля ў вантробы свежазабітага казла, і па заканчэнні гэтых дзён сын Чандрагупты «нарадзіўся» і закрычаў. Яму далі імя Біндусара, што значыць «кропля», таму што яго цела было ў кроплях казлінае крыві.

У далейшым Чанак’я знішчыў знатных людзей з 16 навакольных гарадоў і дапамог Біндусары захапіць тэрыторыі паміж усходнімі і заходнімі морамі (Арабскім морам і Бенгальскім залівам).[4]

Версія Вішакхадаты

[правіць | правіць зыходнік]
Падрабязней гл. таксама: Мудраракшаса
Маной Джашы ў ролі Чанак’і, у тэатры Ravindra Bhavan Bhopal, 2015 г.

Паводле гэтай версіі, аднойчы цар Нанда выгнаў Чанак’ю з каралеўскага савета. Праз гэтую абразу Чанак’я пакляўся не збіраць валасы ў прычоску брахмана (шікху), пакуль не будзе разбурана каралеўства Нанда, а яго паслядоўнікі не адракуцца ад цара. Чанак’я спрыяў таму, каб Чандрагупта заключыў ваенны саюз з царом Парватай. Яны дамовіліся падзяліць тэрыторыю Нанда пароўну пасля заваёвы. Яны сабралі арміі з суседніх зямель, уварваліся ў сталіцу Паталіпутру і зрынулі Нанду. Але Ракшаса, былы міністр зрынутага цара Нанды, не жадае скарыцца новаму цару Чандрагупце і намагаецца яго загубіць. Па ходзе п’есы Чанак’я намагаецца схіліць Ракшасу на бок Чандрагупты праз інтрыгі і загаворы.

Джайнісцкая версія

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле паэмы «Парышіштапарван», Чанак’я нарадзіўся ў сям’і цывільных джайнаў (шравака), якіх звалі Чанін і Чандэшвары. Месцам нараджэння лічыцца вёска Чанака ў рэгіёне Гола. У цяперашні час незразумела, да якога рэгіёну адносіцца «Гола», але Хемачандра таксама згадвае, што Чанак’я належаў да дравідаў, якія жылі ў раёнах Паўднёвай Індыі.[5]

Калі Чанак’я нарадзіўся, у яго ўжо прысутнічалі ўсе зубы. Манахі тлумачылі гэта так: немаўляці наканавана зрабіцца царом у будучыні. Чанін не жадаў, каб яго сын напоўніўся пагардай, і выбіў немаўляці ўсе зубы. На гэта манахі адказалі, што Чанак’я ўсё роўна будзе кіраваць, але ў якасці шэрага кардынала.

Чанак’я вырас, стаў вучоным і ажаніўся з жанчынай з саслоўя брахманаў, але сваякі жонкі кпілі з яе, таму што яна выйшла замуж за бедняка. Таму Чанак’я адправіўся ў Паталіпутру, дзе цар Нанда славіўся шчодрасцю да брахманаў.

У палацы, пакуль не з’явіўся цар, Чанак’я сеў на яго сталец. Слуга ветліва прапанаваў Чанак’і выбраць іншае месца, але той паставіў туды збан для вады, а сам застаўся сядзець на троне. Слуга прапанаваў яшчэ чатыры месцы, але кожны раз Чанак’я толькі пакідаў свае рэчы, а сам адмаўляўся пакінуць сталец. У рэшце рэшт, раззлаваны слуга сапхнуў яго з трона. У лютасці Чанак’я пакляўся зрынуць цара Нанда і ўсіх яго набліжаных.

Чанак’я ведаў, што яму наканавана правіць як першаму дарадцу. Таму ён пачаў шукаць таго, хто варты стаць кіраўніком. У адной з вёсак ён аказаў паслугу цяжарнай дачцэ старасты, з умовай, што яна аддасць яму дзіця. У гэтай жанчыны нарадзіўся Чандрагупта. Калі ён падрос, Чанак’я вярнуўся ў вёску і ўбачыў, як хлопчык гуляе ў «цара» разам з іншымі дзецьмі. Каб праверыць яго, Чанак’я папрасіў аб дары. Тады хлопчык сказаў забраць кароў з вясковага поля, і дадаў, што тут няма нікога, хто б не паслухаўся яго загаду. Чанак’і спадабалася такая праява сілы, і ён забраў хлопчыка з сабой.[3]

Яны пачалі заваёву Паталіпутры, сталіцы Нанды. Чанак’я выкарыстаў алхімію (дхатувада-вісарадан), якая дазваляла яму памнажаць манеты, і на атрыманае багацце сабраў войска. Аднак першая бітва скончылася разгромам, і Чанак’і і Чандрагупце прыйшлося бегчы з поля бою. Іх пераследаваў варожы афіцэр. Калі яны апынуліся побач з возерам, Чанак’я сказаў Чандрагупце схавацца ў вадзе, а сам прыкінуўся медытуючым аскетам. Варожы салдат наблізіўся да аскета і спытаў, ці не бачыў той Чандрагупту. Чанак’я паказаў на возера. Варожы салдат скінуў даспех, каб скочыць у ваду, а брахман узяў кінуты меч і закалоў салдата. Калі Чандрагупта выйшаў з вады, Чанак’я спытаўся ў яго: «Пра што ты думаў, калі я сказаў ворагу, дзе ты?» Той адказаў, што быў упэўнены, што настаўнік прыме правільнае рашэнне. Так Чанак’я зразумеў, што Чандрагупта будзе верны яму нават пасля таго, як стане царом.

Аднойчы настаўнік і вучань пачулі, як жанчына лаяла свайго сына. Дзіця апякло пальцы, калі схапілася за донца міскі з гарачай кашай. Жанчына сказала, што яно дурное як Чандрагупта: схапіўся за сярэдзіну замест таго, каб пачаць з больш халодных краёў. Чанак’я зразумеў свае памылкі і склаў новы план заваёвы Нанды. Ён заключыў саюз з Парватакай, царом горнага каралеўства Хімаваткута, і прапанаваў яму палову тэрыторыі Нанды пасля заваёвы.

Пасля гэтага Чанак’я і Чандрагупта пачалі заваёўваць гарады вакол Паталіпутры. Паступова яны заваявалі ўсе землі, уварваліся ў Паталіпутру і захапілі царскі палац. Чандрагупта стаў царом, але не стаў забіваць былога ўладара і дазволіў яму адправіцца ў выгнанне з тым багаццем, якое той зможа змясціць у адну фурманку. Калі Нанда з сям’ёй выязджалі з горада, адна з дачок убачыла новага цара і закахалася ў яго. Зладзілі сваямвару, і на ёй яна выбрала Чандрагупту сабе ў мужы. Калі яна спускалася са сваёй фурманкі, то 9 спіц у коле зламаліся. Чанак’я абвясціў, што гэта знак, што дынастыя Чандрагупты будзе правіць на працягу 9 пакаленняў.

Тым часам Парватака, з якім заключылі ваенны саюз, закахаўся ў адну з атрутных дзеўчын (вішаканья) цара Нанда. Чанак’я блаславіў гэты саюз, і Парватака страціў прытомнасць, калі дакрануўся да дзяўчыны на вяселлі. Чанак’я загадаў Чандрагупце не клікаць лекара. Парватака памёр, і Чандрагупце не прыйшлося аддаваць яму палову тэрыторыі Нанды.

Чанак’я пачаў умацоўваць уладу Чандрагупты, знішчаючы тых, хто застаўся верны ранейшаму цару. Аднойчы ён пачуў пра ткача, які спальваў кожную частку свайго дома, дзе заводзіліся прусакі. Тады дарадца даручыў гэтаму ткачу знаходзіць і распраўляцца з нязгоднымі, і хутка нязгодных не стала.

Аднойчы ён заўважыў, што Чандрагупта пачаў праяўляць ласку да тых манахаў, якія не з’яўляліся джайнамі, і вырашыў паказаць, што яны не вартыя яго заступніцтва. Ён пасыпаў пудрай падлогу на жаночай частцы палаца і пакінуў там не-джайнісцкіх манахаў. Сляды паказвалі, што яны падглядвалі за жанчынамі. Потым ён праверыў такім жа чынам джайнскіх манахаў, і слядоў каля жаночых вокнаў не было. Пасля гэтага Чандрагупта прызначыў джайнскіх манахаў сваімі духоўнымі настаўнікамі.

Чанак’я дадаваў невялікія порцыі яду ў ежу Чандрагупты, каб цара не маглі атруціць. Цар не ведаў пра гэта і аднойчы падзяліў ежу з царыцай Дурдарай. Чанак’я ўвайшоў у пакоі ў той момант, калі яна памерла. Тады ён разрэзаў яе жывот і дастаў дзіця. На немаўля трапіла кропля (бінду) атруты, таму яму далі імя Біндусара.

Калі Чандрагупта адрокся ад прастола, каб стаць джайнісцкім манахам, Чанак’я ўзвёў на трон Біндусару. Чанак’я прапанаваў цару ўзяць дарадцам Субандху. Але Субандху хацеў стаць першым дарадцам і зайздросціў Чанак’і. Таму ён распавёў Біндусары, што Чанак’я вінаваты ў смерці яго маці. Цар спытаў лекараў пра абставіны смерці, і тыя пацвердзілі, што першы дарадца разрэзаў царыцы жывот. Біндусара споўніўся нянавісці да Чанак’і, і Чанак’я, да таго часу вельмі стары, адмовіўся ад тытула і адправіўся змарыць сябе голадам па джайнісцкім звычаі.

Аднак неўзабаве Біндусара даведаўся ўсё пра смерць Дурдары і сваё нараджэнне, дараваў Чанак’і і ўгаворваў яго вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў. Гэта цару не ўдалося, і ён даручыў Субандху хоць бы пераканаць Чанак’ю адмовіцца ад самагубства.

Субандху зрабіў выгляд, быццам хоча ўласкавіць Чанак’ю, і вымусіў брахмана здзейсніць самаспаленне. Пасля гэтага Субандху перабраўся ў дом Чанак’і. Але той прадбачыў падобнае і загадзя пакінуў пастку: куфар з тысячай замкоў. Субандху зламаў іх у надзеі знайсці вялікія скарбы, але знайшоў толькі салодкія духмянасці і тут жа ўдыхнуў. Толькі потым заўважыў запіску з праклёнам. У ёй гаварылася, што хто ўдыхнуў гэтыя рэчывы, таму застаецца або стаць манахам, або сустрэць смерць. Субандху даў іншаму чалавеку ўдыхнуць пахошчы, а потым даў яму вытанчаныя стравы (чаго манахам нельга). Чалавек памёр, і Субандху давялося адмовіцца ад пасады і стаць манахам.[6]

Лічыцца, што Чанак’я з’яўляецца аўтарам двух твораў: «Артхашастра» («Кніга аб карысці») і «Чанак’я Ніці». Аднак гэта аўтарства не дакладнае, бо дагэтуль невядома, ці з’яўляюцца ў гістарычных дакументах Чанак’я, Каўтылья і Вушнугупта адным чалавекам, ці гэта псеўданімы.

«Артхашастра» апісвае шэсць метадаў знешняй палітыкі: мір, вайну, чакальнае становішча, наступ, пошук сродкаў абароны і падвоеная палітыка. Спецыяльная ўвага надаецца дзейнасці паслоў: разам з выкананнем дагавораў і падтрымкай прэстыжу дзяржавы іх абавязкам з’яўляецца выклікаць спрэчкі саюзнікаў, ажыццяўляць таемныя перамовы і перавозкі войскаў. Падрабязна распрацоўваліся метады барацьбы з суседзямі, якія разглядаліся звычайна як ворагі. Напрыклад, аўтар раіў улічваць фінансавы стан будучага саперніка і яго ўзаемаадносіны з падданымі: «Калі падданыя падбухтораны супраць свайго кіраўніка, то яны могуць прывесці яго да гібелі, нават калі ён з’яўляецца магутным. Таму варта выступаць менавіта супраць таго кіраўніка, чые падданыя ставяцца да яго варожа».

«Чанак’я Ніці» з’яўляецца зборнікам афарызмаў з розных вучэнняў (шастра).

Фільмы і серыялы

[правіць | правіць зыходнік]
  • У 1977 выдадзены фільм Chanakya Chandragupta на мове тэлугу;
  • З 1991 выходзіў серыял Chanakya, сюжэт паводле п’есы Мудраракшаса;
  • У 2011 годзе выходзіў серыял Chandragupta Maurya на індыйскім канале NDTV Imagine і апісваў біяграфію цара Чандрагупты і брахмана Чанак’і;
  • У 2015 на канале Colors TV выходзіў серыял Chakravartin Ashoka Samrat паводле падзей жыцця цара Біндусары
  • У 2017—2018 гадах выходзіў серыял Porus паводле вайны Чандрагупты і Пабаты.
  • Кніга, напісаная Ратан Лал Басу і Раджкумарам Сенам, разглядае эканамічныя канцэпцыі, згаданыя ў «Артхашастры», і іх актуальнасць для сучаснага свету[7]
  • B. K. Chaturvedi Chanakya (2001)[8]
  • У 2009 годзе многія выбітныя эксперты абмяркоўвалі розныя аспекты думкі Каўтылі на міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася ў Інстытуце ўсходніх даследаванняў у Масуры (Індыя), каб адзначыць стагоддзе адкрыцця рукапісу "Артхашастры"[9][10]
  • Спеў Чанак’і Ашвіна Сангі - гэта выдуманая гісторыя жыцця Чанак’і як палітычнага стратэга ў Старажытнай Індыі. У рамане апавядаюцца дзве паралельныя гісторыі, першая пра Чанак'ю і яго намаганні, каб прыцягнуць Чандрагупту Маўры на трон Магадхі, другая - сучаснага персанажа па імені Гангасагар Мішра, які імкнецца паставіць дзіця з трушчоб прэм'ер-міністрам Індыі.
  • Загадкі імператара Сатыярта Наяка паказвае папулярныя эпізоды з жыцця Чанак'і.
  • Роля Каўтыльі ў фарміраванні імперыі Маур'я пазначана ў рамане "Куртызанка і Садху" Майсура Н. Пракаша.[11]
  • Унёсак Чанак’і ў культурную спадчыну Бхарата[12]
  • Pavan Choudary (2 February 2009). Chanakya's Political Wisdom. Wisdom Village Publications Division. ISBN 978-81-906555-0-7., a political commentary on Chanakya
  • Sihag, Balbir Singh (2014), Kautilya: The True Founder of Economics, Vitasta Publishing Pvt.Ltd, ISBN 978-81-925354-9-4
  • Радхакрышнан Пілай напісаў шэраг кніг, звязаных з Чанак’яй — «Чанак’я ў класе: жыццёвыя ўрокі для студэнтаў»[13] "Чанак’я-ніці: стратэгіі поспеху", "Чанак’я ў вас", "Чанак'я і мастацтва вайны",[14] "Corporate Chanakya on Management" і "Corporate Chanakya on Leadership".[15]

Зноскі

  1. Namita Sanjay Sugandhi (2008). Between the Patterns of History: Rethinking Mauryan Imperial Interaction in the Southern Deccan(недаступная спасылка). ProQuest. pp. 88-89. ISBN 978-0-549-74441-2.
  2. Trautmann 1971, p. 11.
  3. а б в г Trautmann 1971, p. 13.
  4. Singh 2016, p. 331.
  5. Kallidaikurichi Aiyah Nilakanta Sastri (1988). Age of the Nandas and Mauryas. Motilal Banarsidass. P. 148. ISBN 978-81-208-0466-1.
  6. Hemachandra (1891). Sthavir̂aval̂i charita, or, Pariśishtaparvan. Translated by Hermann Jacobi. Calcutta: Asiatic Society. P. 67-68.
  7. Ratan Lal Basu & Rajkumar Sen: Ancient Indian Economic Thought, Relevance for Today, ISBN 81-316-0125-0, Rawat Publications, New Delhi, 2008
  8. B. K. Chaturvedi (2001). Chanakya. Diamond Pocket Books. ISBN 978-81-7182-143-3. Праверана 2012-06-06.
  9. Raj Kumar Sen & Ratan Lal Basu (eds): Economics in Arthashastra, ISBN 81-7629-819-0, Deep& Deep Publications Pvt. Ltd., New Delhi, 2006
  10. Srinivasaraju, Sugata (27 July 2009). "Year of the Guru". Outlook India. Архівавана з арыгінала 12 October 2012. Праверана 8 March 2012.
  11. The Courtesan and the Sadhu, A Novel about Maya, Dharma, and God, October 2008, Dharma Vision, ISBN 978-0-9818237-0-6, Library of Congress Control Number: 2008934274
  12. Bharatiya Samskrutige Chanakyana Kodugegalu Part 1 – Shatavadhani Dr.R.Ganesh — Spiritual Bangalore(недаступная спасылка). spiritualbangalore.com. Архівавана з першакрыніцы 2 сакавіка 2014. Праверана 5 мая 2022.
  13. Chanakya in the Classroom: Life Lessons for Students (англ.). Rupa Publications. Праверана 6 лютага 2021.
  14. Sethi, Vinay. Corporate Citizen. corporatecitizen.in (1 снежня 2015). Праверана 6 лютага 2021.
  15. Books - Radhakrishnan Pillai (англ.)(недаступная спасылка). www.crossword.in. Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2017. Праверана 5 мая 2022.