Чарацянка вяртлявая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чарацянка вяртлявая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Acrocephalus paludicola Vieillot, 1817

Арэал
выява

     Месцы гнездавання      Маршруты міграыі      Месцы зімовак      Магчымыя маршруты міграцыі

     Імаверна знікла
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  558423
NCBI  68471

Вяртлявая чарацянка, вяртлявая чаротаўка (Acrocephalus paludicola) — від птушак сямейства валасянкавых.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Дробная птушка. Даўжыня цела да 13 см, маса 11-12 г. Апярэнне спіны аліўкава-шэрае з цёмнымі плямамі і рыжым налётам, які ўзмацняецца да хваста. Надхвосце жаўтаватае з бурымі плямамі. Брушны бок рыжаваты, больш светлы на грудзях і горле. Добра прыкметныя жаўтавата-белыя палосы на галаве, ад іншых чарацянак адрозніваецца жаўтаватым адценнем апярэння і светлымі з падоўжнымі стракацінамі грудзямі.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Пералётны від. Сучасны арэал у значнай ступені фрагментаваны і распрасціраецца ў сярэдніх шыротах заходняй Палеарктыкі паміж 47° і 59° пн. ш. Гняздуецца ў Беларусі, Венгрыі, Германіі, Літве, Польшчы, Расіі і Украіне. Цэнтрам сучаснага арэала з’яўляецца Палеская нізіна.

Уласціва высокая выбіральнасць гнездавых біятопаў. У Беларусі сустракаецца на Палессі. Месцы пражывання: вялікія балоты, парослыя густой асакой, травяністыя тарфянікі, падобныя да лугавых застаялых балот, з асобнымі кустамі або курцінамі хмызняку, радзей зарастаючыя кар'еры торфараспрацовак, зарослыя сажалкі. Зараснікаў чароту і рагозу пазбягае.

Паштовая марка Беларусі

Паводле дадзеных 15-гадовага маніторынга АПБ, у Беларусі засяроджана 40 % сусветнай папуляцыі віду, ад 3100 да 5600 пяючых самцоў. 15 % нацыянальнай папуляцыі сканцэнтрыравана на балотах Званец, Спораўскае і Дзікое ў Брэсцкай вобласці[1], Сэвач у Віцебскай вобласці.

Мігруе ў заходнім кірунку ўздоўж Балтыйскага ўзбярэжжа, па ўзбярэжжы Паўночнага мора і паварочвае ў паўднёвым кірунку ўздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа Францыі. Асноўныя месцы зімовак знаходзяцца ў Заходняй Афрыцы на поўдзень ад пустыні Сахара.

Птушцы пагражае глабальнае знікненне. З 2018 года птушанят вяртлявай чаротаўкі перасяляюць з беларускага заказніка «Званец» у літоўскі запаведнік «Жувінтас»[2].

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Корміцца насякомымі.

Прылятае ў канцы красавіка — пачатку траўня. Гнездавы перыяд пачынаецца з сярэдзіны траўня. Умела замаскіраванае гняздо размяшчае сярод асакі або каля асновы куста, густа парослага травяністай расліннасцю; звычайна над багнай або над вадой. Кладка з 5-6 яек памерамі 17,6 x 13,1 мм. Выхаваннем патомства займаецца толькі самка, пачынаючы ад будаўніцтва гнязда і заканчаючы кармленнем птушанят і подлеткаў. Самкі спарваюцца часта з некалькімі самцамі. Характэрна наяўнасць 2-х кладак на працягу сезону размнажэння. Гнёзды звычайна размешчаны на зямлі і зверху замаскіраваны старым лісцем асакі. На ўчастках з павышанай прадуктыўнасцю ўтвараюцца лакальныя групоўкі гнёзд. Наседжванне адбываецца 12-14 дзён. Птушанятны перыяд працяглы, складае 15-16 дзён.

Адлёт пачынаецца ў канцы ліпеня, цягнецца ўвесь жнівень і да першых дзён верасня.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

Від уключаны ў Чырвоны спіс МСАП, Чырвоную кнігу Беларусі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
II катэгорыя (EN)