Юніян (востраў)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Юніян, востраў)
Jump to navigation Jump to search
Юніян
Union-Map be.png
12°35′51″ пн. ш. 61°26′32″ з. д.HGЯO
Акваторыя Карыбскае мора
Краіна Flag of Saint Vincent and the Grenadines.svg Сент-Вінсент і Грэнадзіны
Юніян (востраў) (Сент-Вінсент і Грэнадзіны)
Юніян
Юніян
Плошча 9 км²
Насельніцтва 2 700 чал.
Шчыльнасць насельніцтва 300 чал./км²
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Commons-logo.svg Юніян на Вікісховішчы

Ю́ніян (англ.: Union) — трэці па плошчы востраў у складзе архіпелага Грэнадзіны (Малыя Антыльскія астравы). Уваходзіць у склад дзяржавы Сент-Вінсент і Грэнадзіны. Агульная плошча - 9 км². Насельніцтва (2012 г.) - 2700 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Юніян знаходзіцца за 63 км на паўднёвы захад ад вострава Сент-Вінсент. Пры пабудове аэрапорта на ўсходзе вострава была ўзведзена дамба, якая далучыла да Юніяна невялікі астравок Рок. Такім чынам даўжыня Юніяна з паўночнага ўсходу на паўночны захад склала 5,89 км. Найбольшая шырыня — 3 км.

Востраў мае вулканічнае паходжанне. На паверхні вулучаецца некалькі ўзгоркаў — вяршынь старажытных вулканаў. Найвышэйшы ўзгорак Табай дасягае 304 м. Берагі моцна парэзаны невялікімі залівамі. На паўночным усходзе маецца Салёная сажалка — старажытны заліў, адлучаны ад мора наносамі. На поўначы вострава вылучаюцца пясчаныя пляжы. Наўдаўжэшы пляж Біг-Сэндс цягнецца на 500 м.

Клімат вострава Юніян трапічны засушлівы. Сярэднегадавая тэмпература складае +30°C. Вылучаюць 2 асноўныя сезоны. Са снежня да чэрвеня цягнецца сухі сезон, каі пануюць пасаты. З ліпеня да лістапада — сезон цыклонаў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Прырода вострава Юніян моцна зменена чалавекам. На захадзе месцяцца рэшткі ксерафітных лясоў. Распаўсюджаныя жывёлы — чарапахі, апосумы, марскія птушкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Юніян быў адкрыты ў канцы XV ст. іспанскімі мараплаўцамі. На той час ён быў населены карыбамі. У XVII ст. Юніян быў адным з месцаў фарміравання культуры чорных карыбаў. Але да 1760 г. карэннае насельніцтва было выгнана французскімі прадпрымальнікамі з Марцінікі і Гвадэлупы. Яны стварылі плантацыі бавоўніка і цукровага трыснёга. Пасля заканчэння Сямігадовай вайны востраў быў далучаны да каланіяльных уладанняў Вялікабрытаніі.

У 1764 - 1850 гг. востраў належыў прыватнай брытанскай кампаніі, якая эксплуатавала працу чарнаскурых рабоў з Заходняй Афрыкі. Адмена рабства прывяла да паступовага заняпаду сельскай гаспадаркі. У выніку востраў быў прададзены брыстальскаму прадпрымальніку Майклу Колінзу. Ён даў востраву яго сучасную назву ў гонар карабля, на якім калісьці служыў, а потым валодаў. М. Колінз заснаваў два паселішчы Эштан і Кліфтан, названыя па найменню брыстальскіх гарадскіх раёнаў. У 1863 г. ён здаў востраў у арэнду французу Шарлю Мулжаку. Той арганізаваў камерцыйнае вырошчванне бавоўніка, пры гэтым стварыў жорсткую сістэму эксплуатацыі астравіцян.

30 верасня 1909 г. рабочыя вострава Юніян выйшлі з падпарадкавання арэндатара і запатрабавалі падпарадкавання адміністрацыі суседняй Грэнады. Брытанскія ўлады былі вымушаны ўмяшацца ў канфлікт. Правы на кіраванне востравам былі перададзены цывільнай выбарнай адміністрацыі. Наўзамен сям'я Ш. Мулжака атрымала 5000 фунтаў стэрлінгаў. У 1911 г. ворная зямля была прададзена за фіксаваную суму мясцоваму насельніцтву без права пабудовы на ёй жытла. Аднак надзелы былі занадта малымі, і мужчыны былі вымушаны наймацца на гандлёвыя і рыбалоўныя судны. Канчаткова юніянцы адплацілі за надзелы да 1931 г.

У 1979 г. Юніян увайшоў у склад незалежнай дзяржавы Сент-Вінсент і Грэнадзіны, але да сярэдзіны 1980-х гг. на востраве існаваў рух за далучэнне да Грэнады. У нашы дні асноўнай формай гаспадаркі стаў турызм. За прыгажосць пейзажаў Юніян часцяком клічуць «карыбскім Таіці». Ён прыцягвае аматараў нырання з аквалангам.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]