Перайсці да зместу

Аляксандр Аляксандравіч Баразенка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Аляксандравіч Баразенка
Род дзейнасці журналіст
Дата нараджэння 9 мая 1988(1988-05-09) (36 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар
Член у

Баразенка Аляксандр Аляксандравіч (нар. 9 мая 1988, Пінск, Беларусь) — незалежны журналіст, вязень сумлення[1], беларускі палітвязень.

Нарадзіўся 9 мая 1988 года ў г. Пінску Брэсцскай вобласці.

У 2006-м скончыў сярэднюю школу СШ № 11 г. Пінска і паступіў на факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Спецыяльнасць — «Культуралогія і германістыка». Быў актывістам грамадзянскай кампаніі «За свабоду» і «Еўрапейская Беларусь». 01.06.2007 г. быў затрыманы за ўдзел у акцыі супраць адмены ільготаў і арыштаваны на трое сутак. Адмовіўся ад прапановы супрацоўнічаць з КДБ. У кастрычніку 2007 г. быў адлічаны з універсітэту з палітычных прычынаў. У 2007—2008 гг. вучыўся па праграме К. Каліноўскага ва Уроцлаўскім універсітэце (Польшча) на палітолага.

Жыве ў Мінску.

З 2009 года працуе журналістам тэлеканала Белсат. Здымаў падзеі ў Кіеве на Еўрамайдане ў крытычныя дні ў лютым 2014 г., калі адбыліся сутыкненні пратэстантаў з паліцыяй, што прывяло да масавых ахвяраў[2]. Здымаў рэферэндум у Крыме. Пабываў у гарачых кропках на Усходзе Украіны.[3]

Будучы студэнтам Уроцлаўскага ўніверсітэта, А. Баразенка праходзіў у якасці абвінавачванага па «справе 14-ці» яшчэ на пачатку 2008 г. Крымінальная справа за ўдзел у акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня 2008 г., была ўзбуджаная адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ : па ч. 1 арт. 342 КК РБ — «Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і ч. 2 арт. 339 — «Хуліганства, учыненае групай асобаў альбо звязанае з супрацівам». Статус падазраванага, а пасля і абвінавачанага, па дадзенай крымінальнай справе атрымалі 14 моладзевых актывістаў: Міхась Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Міхась Субач, Алесь Чарнышоў, Алесь Стральцоў, Вінаградаў Павел, Аляксей Бондар, Аляксандр Баразенка, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Уладзімір Сяргееў, Міхась Крываў, Антон Койпіш і Кім Андрэй. Большасць гэтых актывістаў, у тым ліку і Баразенка, напачатку былі прыцягнутыя да адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а Цішкевіч правяла за кратамі ажно 20 сутак.

Падчас судовых працэсаў над іншымі абвінавачванымі па гэтай справе, якія праходзілі ў красавіку і ў маі 2008 г., Баразенка знаходзіўся ў Польшчы. Адносна яго справа была прыпыненая. За «ўхіленне ад яўкі да следчага» 12 мая 2008 г. адносна яго была прынята пастанова аб узяцці пад варту, і ён быў абвешчаны ў вышук. Не гледзячы на пагрозу для свабоды, вырашыў вярнуцца, і праз Украіну і Расію вяртаецца ў Беларусь.

27 кастрычніка 2008 г. Баразенка разам з адвакатам Паўлам Сапелкам добраахвотна з’явіўся да следчага, быў затрыманы і накіраваны ў следчы ізалятар. Трымаў галадоўку.

Эўракамісар Беніта Ферэра-Вальднэр заклікала беларускія ўлады вызваліць А. Баразенку, зазначыўшы, што «важна, каб Беларусь заставалася краінай без палітычных зняволеных і паважала свабоду выказванняў, аб’яднанняў і сходаў». Не гледзячы на міжнародную рэакцыю, Баразенка паўтара месяца да суда знаходзіўся пад вартай.

Суд над А. Баразенкам пачаўся 8 снежня 2008 г. у судзе Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Наталля Вайцяховіч). Моладзевы актывіст быў асуджаны да аднаго году абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і вызвалены ў зале суда.[4]

Міжнародная амністыя абвясціла вязнямі сумлення ўсіх асуджаных да абмежавання волі фігурантаў так званага «працэса 14-ці».[1]

Затрымліваўся падчас «маўклівых акцый» у Мінску у 2011 г.[5]

19 снежня 2011 г. А. Баразенка затрымліваўся каля будынку КДБ падчас здымак перфомансу актывістак Femen[6]. Яго даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска  (бел. (тар.)), потым адпусцілі.

28 кастрычніка 2011 г. Баразенка быў выкліканы на гутарку ў Генеральную пракуратуру РБ у сувязі з ягонай журналістцкай дзейнасцю з тэлеканалам «Белсат».

Затрымалі 8 студзеня 2012 г. каля будынка КДБ у Мінску падчас здымак сюжэта аб адзіночным пікеце актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Мікіты Каваленкі ў падтрымку палітвязняў Беларусі. Паводле арт. 23-24 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ асуджаны судом Цэнтральнага раёна г. Мінска (суддзя — А. Хадановіч) на 11 сутак адміністрацыйнага арышту.[7]

21.02.2013 пракуратура Мінска вынесла папярэджанне незалежнаму тэлеаператару Баразенку за супрацоўніцтва з «Белсатам» без акрэдытацыі.[8]

25 сакавіка 2017 г. Баразенка быў затрыманы, калі асвятляў разгон сілавікамі ў цэнтры Мінска людзей, якія сабраліся адсвяткаваць Дзень Волі — 99-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Акцыя была кульмінацыяй пратэстаў у Беларусі ў 2017 г. Быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска (суддзя — Таццяна Мотыль) на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве. У знак пратэсту абвясціў галадоўку.[9][10] 5 красавіка 2017 г. у Мінскім гарадскім судзе разгледжана касацыйная скарг Баразенкі. Суддзя гарадскога суда не прыняў доказы невінаватасці Баразенкі і пакінуў папярэдняе рашэнне суда Маскоўскага раёна Мінска ў сіле.[11]

10 кастрычніка 2017 г. Баразенка быў асуджаны судом Першамайскага раёна Мінска (суддзя — Анастасія Папко), па артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу РБ пра парушэнне аўтарскіх праў пры выкарыстанні брэнду «Белсат». У яго канфіскавалі відэакамеру і аштрафавалі на 920 рублёў.[12]

Лаўреат Нацыянальнай прэміі за 2008 г. ў галіне абароны правоў чалавека, заснаванай Хартыяй’97 у 1998 годзе.[13]

Зноскі

  1. а б https://www.svaboda.org/a/1734258.html Што азначае прызнаньне беларускіх удзельнікаў «працэсу 14» вязьнямі сумленьня?
  2. http://belsat.eu/news/u-dzen-kali-pachali-stralyats-kozhny-chalavek-stausya-barykadayu/ «У дзень, калі пачалі страляць, кожны чалавек стаўся барыкадаю»
  3. http://media-polesye.by/relax/aleksandr-borozenko-glyadya-na-proishodyashchee-skvoz-kameru-nuzhno-ostavatsya-chelovekom Архівавана 9 жніўня 2014.
  4. https://www.svaboda.org/a/1357901.html Аляксандар Баразенка на волі
  5. https://www.svaboda.org/a/24243367.html «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»
  6. http://naviny.by/rubrics/society/2011/12/19/ic_articles_116_176218 FEMEN — белорусским женщинам: раздевайтесь, побеждайте!
  7. http://belapan.by/archive/2012/01/09/521681/(недаступная спасылка) Задержанные возле КГБ Александр Борозенко и Никита Коваленко наказаны административными арестами
  8. http://5min.by/news/prokuratura-minska-vinesla-preduprezhdenie-nezavisimomu.html(недаступная спасылка) ПРОКУРАТУРА ВЫНЕСЛА ПРЕДУПРЕЖДЕНИЕ БОРОЗЕНКО ЗА СЮЖЕТ ДЛЯ «БЕЛСАТА»
  9. http://www.bbc.com/russian/news-39426187 Задержанный в Минске журналист объявил голодовку
  10. http://belsat.eu/news/syonnya-sud-nad-alyaksandram-barazenkam/ Аляксандру Баразенку прысудзілі 15 содняў. Ён працягне галадоўку
  11. http://belsat.eu/news/sud-razgledzits-skargu-zatrymanaga-zhurnalista-belsatu-alyaksandra-barazenki/ Суд не задаволіў скаргу затрыманага журналіста «Белсату» Аляксандра
  12. http://belsat.eu/ru/news/u-zhurnalista-aleksandra-borozenko-konfiskovali-tehniku-i-dali-shtraf-br-920/ У журналиста Александра Борозенко конфисковали технику и дали штраф Br 920
  13. https://www.svaboda.org/a/1900373.html Хартыя 97 назвала ляўрэатаў
  • Palitviazni.info — 2013. — С. 49—50.
  • Еднасць абаронцаў волі — Мінск. 2016 — С. 153—155.