Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі
Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі | |
---|---|
А. Н. Шыманоўскі. | |
Імя пры нараджэнні | Шыманоўскі Аляксандр Нічыпаравіч |
Род дзейнасці | этнограф, фалькларыст, педагог, літаратуразнавец |
Дата нараджэння | 19 (31) жніўня 1850 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1918 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Нічыпар Фёдаравіч Шыманоўскі |
Маці | Кацярына Андрэеўна Шыманоўская |
Жонка | Ганна Аруцюнаўна Шыманоўская (Ускат) |
Дзеці | сыны Аляксандр (1883), Фёдар (1885), дачка Вольга (1888) |
Альма-матар | |
Узнагароды і прэміі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі (31 жніўня 1850, с. Чэрнін Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні — 1918) — беларускі этнограф і фалькларыст; педагог, пушкініст.
Нарадзіўся ў сям'і святара праваслаўнай Свята-Георгіеўскай царквы в. Чэрнін. Дзед, як мяркуецца — Фёдар Шыманоўскі, святар Пакроўскай царквы сяла Малышэвічы Слуцкага павету Мінскай губерні. Верагодна, род Шыманоўскіх меў шляхецкае паходжанне (гербу «Юнак»), але не быў зацверджаны ў расійскім дваранстве. Магчыма, маюцца сваяцкія сувязі з вядомым юрыстам, выкладчыкам Наварасійскіга ўніверсітэта Мітрафанам Васілевічам Шыманоўскім (г. Адэса, Херсонская губерня)[1].
Пачатковую адукацыю А. Шыманоўскі атрымаў у Чэрнінскім народным вучылішчы, затым закончыў Мазырскую гімназію. У 1874 г. закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.
Працаваў выкладчыкам рускай мовы і славеснасці ў першай мужчынскай гімназіі г. Кішынёва, Бесарабская губерня (1874 — 1901). Адным з яго вучняў быў этнограф-балканіст П. Д. Драганаў[2]. Стацкі саветнік (1887). Па звестках 1903, 1912 гг. абіраўся на пасаду таварыша (намесніка) дырэктара Кішынёўскага гарадскога грамадскага банка[3]. У 1914 г. Бесарабскі дваранскі дэпутацкі сход зацвердзіў А. Шыманоўскага ў спадчынным дваранстве. Жонка: Ганна Аруцюнаўна (да шлюбу Ускат); сыны: Аляксандр, Фёдар; дачка Вольга.
Забіты бальшавікамі каля свайго дому па вул. Леоўскай у Кішынёве.
Даследчыцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У час паездак на радзіму сабраў матэрыял па беларускаму фальклору і этнаграфіі і склаў зборнік «Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў» (песні, казкі, загадкі, прыказкі, гаспадарча-этнаграфічныя назвы і інш., 1898 г.). У зборніку выклаў і свае погляды на народную творчасць. Як адзначана ў працы, у збіранні матэрыяла дапамагалі протаіярэй Рыгор Шыманоўскі, настаўніца Чэрнінскага народнага вучылішча Пелагея Нічыпараўна Густава (малодшая сястра даследчыка) і аднавясковец Сямён Друзік. Матэрыялы зборніка выкарыстоўваюцца навукоўцамі пры вывучэнні і публікацыях беларускага фальклору.
Вывучаў кішынёўскі перыяд жыцця і творчасці А. С. Пушкіна, быў актыўным удзельнікам кампаніі па ўсталяванню помніка паэту ў Кішынёве (трэцяга пасля маскоўскага і санкт-пецярбургскага)[1].
«А. Н. Шыманоўскі быў і застаецца для нас выдатным педагогам. Ён не саступіў з гэтай пазіцыі — кірунку педагога, калі вывучаў біяграфію і творчасць А. С. Пушкіна, калі пісаў пра яго кнігу, і яшчэ больш, калі збіраў і даследаваў беларускі фальклор…»
— СКІДАН, В. І. Вучоны з вёскі Чэрнін // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 118.
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Александр Сергеевич Пушкин: О пребывании его в Кишинёве в связи с предыдущей и последующей жизнью. Кишинёв, 1900. — 149 с. (руск.)
«Гэта кніга, бадай, адзіная больш ці менш змястоўная праца з усіх, што выйшлі ў Малдавіі [аб кішынёўскім перыядзе жыцця А. С. Пушкіна]».
— ТРУБЯЦКОЙ, Б. А. Пушкин в Молдавии. Кишинёв, 1976.
- Минская губерния и её народное творчество в связи с описанием народных праздников и обрядов. Архив Российского географического общества. Ф. 20. Оп. 1. Ед. хр. 8. (руск.)
Зноскі
- ↑ а б МАСЛЮКОЎ, Т. В. Этнограф і пушкініст // Рэгіянальны партал — Светлагорск.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2010. Праверана 29 жніўня 2010.
- ↑ АНИКИН В. Русский язык как важный элемент гимназического образования в Бессарабии (XIX — начало ХХ в.) // Русин. 2007. № 2. С. 56—63. ISSN 1857—2685. (руск.)
- ↑ Бессарабия. Графический, исторический, статистический, экономический, этнографический, литературный и справочный сборник / Под ред. П. А. Крушевана. М., 1903. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Скідан, В. І. Па слядах збіральніка фальклора // Полымя. 1977. № 3.
- Скідан, В. І. Аляксандр Шыманоўскі // Светлагорскія навіны. 1992. 14, 17 кастрычніка.
- Раманцоў, В.; Федзюнкова, Н. А. Н. Шыманоўскі // Светлагорскія навіны. 1993. 8 верасня.
- Скідан, В. І. Вучоны з вёскі Чэрнін // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 116—118. ISBN 985-01-0254-3.
- Скідан В. Шымано́ўскі Аляксандр Нічыпаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 245. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Скідан В. І. Шымано́ўскі Аляксандр Нічыпаравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 12. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Маслюкоў, Т. В.; КУЗЬМІЧ Л. П. Філолаг з вёскі Чэрнін: Аляксандр Шыманоўскі // Дняпроўскія матывы / Пад агульнай рэдакцыяй І. Ф. Штэйнера. Гомель, 2009, с. 140—142. ISBN 978-985-6927-03-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі на Вікісховішчы |
- РАМАНЦОЎ В. А. Аляксандр Шыманоўскі — этнограф з Чэрніна (да 160-годдзя з дня нараджэння). Архівавана 17 лютага 2019.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]Мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Шыманоўскага.
- Асобы
- Нарадзіліся 31 жніўня
- Нарадзіліся ў 1850 годзе
- Нарадзіліся ў Бабруйскім павеце
- Памерлі ў 1918 годзе
- Памерлі ў Кішынёве
- Этнографы Расійскай імперыі
- Этнографы Беларусі
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Фалькларысты Расійскай імперыі
- Фалькларысты Беларусі
- Выпускнікі Мазырскай гімназіі
- Нарадзіліся ў Светлагорскім раёне