Аперацыя «Заход»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аперацыя «Заход»
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйская вайна
Дата 2327 лютага 1999
Месца Заходні фронт (сектар Бадмэ)
Вынік перамога Эфіопіі
Праціўнікі
Эфіопія
Расія Расійскія ваенспецы
Эрытрэя Эрытрэя
Украіна Украінскія ваенспецы
Камандуючыя
Цадкан Гебрэтэнсэй
Самора Юніс  (англ.)
Абебе Тэкле Хайманота
Расія Якім Янакаў
Эрытрэя Себхат Эфрэм
Эрытрэя Філіпас Вальдэяханэс
Сілы бакоў
80 000 чалавек 40 000 чалавек
Страты
невядома тысячы забітых, параненых і палонных байцоў СВ;
2 знішчальнікі збіты і 2 пілота загінулі

Аперацыя «Заход»[1][2][3] — кодавая назва эфіопскага наступлення падчас пагранічнай вайны з Эрытрэяй. Па выніках аперацыі, падрыхтаванай і праведзенай па класічных канонах тактыкі і аператыўнага мастацтва[2], эрытрэйскія войскі на Заходнім фронце былі адкінуты на даваенную мяжу.

Гісторыкі Міхаіл Жырахаў  (укр.) (Украіна) і Іван Канавалаў  (руск.) (Расія) адзначалі, што поспеху наступлення ў значнай ступені спрыяла актыўная і эфектыўная работа верталётчыкаў.

Сітуацыя[правіць | правіць зыходнік]

Напярэдадні новай кампаніі ўрад Эфіопіі 29 студзеня 1999 года прыняў рашэнне аб закрыцці ўсіх школ і каледжаў у гарадах Мэкэле, Аксум, Адуа і іншых, справядліва баючыся, што населеныя пункты зноў стануць аб’ектамі ўдараў авіяцыі праціўніка[3].

З 2 лютага эрытрэйцы пачалі праводзіць артылерыйскія абстрэлы варожых пазіцый. 6 чысла яны перайшлі ў наступленне, якое, аднак, прывяло да контратакі эфіопаў. Ім удалося ўзяць пасёлак Гэза-Герласе (адзін з ключавых пунктаў усёй эрытрэйскай абароны ў гэтым сектары Бадмэ), раёны Канін і Каніта, а таксама знішчыць РЛС эрытрэйскай сістэмы СПА пад горадам Ады-Квала[2][3]. Ужо 14 лютага пачынаецца эфіопскае наступленне пры магутнай падтрымцы цяжкай артылерыі на Усходнім фронце ў напрамку на Асэб. Усе гэтыя ўдары каштавалі велізарных страт, але яны прымусілі эрытрэйскае камандаванне накіраваць падмацаванне ў цэнтр і на ўсход, а не Заходні фронт пад Бадмэ[2].

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Аперацыя, накірваная на Заходні фронт (сектар Бадмэ), эфіопскім камандаваннем рыхтавалася доўга. Супраць 40-тысячнай групоўкі арміі Эрытрэі было засяроджана да 80 тыс. эфіопскіх вайскоўцаў (шэсць дывізій) і 70 танкаў Т-55. На працягу васьмі месяцаў зацішша, якое працягвалася з чэрвеня 1998 года, эрытрэйцы стварылі ў Бадмэ магутны ўмацаваны раён з фартыфікацыйнымі збудаваннямі, доўгімі лініямі акопаў і вялікімі міннымі палямі. Адной з галоўных праблем эфіопскага камандавання пры падрыхтоўцы наступлення стала бесперабойнае забеспячэнне такой колькасці войск ва ўмовах амаль поўнага бездарожжа пасля сезону дажджоў. Для яе рашэння з-за кратаў былі вызвалены некалькі генералаў службы тылу арміі былога зрынутага рэжыму ДЭРГ[2].

Ход аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 23 лютага армія Эфіопіі пачала аперацыю «Заход». Пасля масіраванай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі, якая пачалася ў 6:00, эфіопскія войскі перайшлі ў наступленне на ўсіх трох участках фронту. Да поўдня таго ж дня абарона ў сектары Бадмэ (100 км траншэй са шматлікімі доўгачасовымі агнявымі кропкамі) была прарвана. Эфіопы ўбілі тры бранявыя кліны, якімі рассеклі групоўку праціўніка на часткі і прыступілі да планамернага іх знішчэння[3].

Тактыка наступаючага боку выглядала наступным чынам: пяхота наступала «хвалямі» на шырокім фронце ў 60 км прама праз мінныя палі пад ураганным агнём праціўніка, пакідаючы шматлікія агнявыя кропкі; за пяхотнікамі рушылі танкавыя падраздзяленні, прабіваючы пралом у лініі абароны і адразаючы частку варожых падраздзяленняў ад асноўных сіл[2].

У гэты ж час расійскія ваенспецы дапамаглі эфіопам падрыхтаваць транспартнікі Ан-12 да выкарыстання ў ролі начных бамбардзіроўшчыкаў ва ўмовах абмежаваных магчымасцяў па выкарыстанні спецыялізаваных ўдарных самалётаў МіГ-23БН. Як мінімум двойчы ў апісваны перыяд пераабсталяваныя расіянамі транспартнікі бамбілі пазіцыі эрытрэйцаў у раёне Бадмэ[3]. У ходзе наступальнай аперацыі, акрамя іх, непасрэдную падтрымку дзеянням эфіопскай пяхоты і механізаваных часцей аказвалі баявыя верталёты Мі-24/35[2].

25 і 26 чысла на Заходні фронце ў паветраных баях сутыкнуліся знішчальнікі варагуючых краін. У супрацьстаянні эрытрэйскіх МіГ-29 з эфіопскімі Су-27 у абодвух выпадках перамогу атрымалі апошнія. Пры гэтым эрытрэйскі бок страціў два лятальных апарата збітымі і двух загінулых авіятараў — Самуэля і Ёнаса[3]. Апошні паветраны бой зафіксаваў на відэастужку франтавы эфіопскі карэспандэнт. Праз некалькі дзён відэазапіс паказалі па мясцовым тэлебачанні, што спрыяла ўзняццю баявога духу войск і прэстыжу знішчальніка «Сухога»[4].

Праз тры дні з пачатку наступлення быў узяты адміністрацыйны цэнтр Бадмэ[2]. На наступны дзень эфіопы выйшлі на даваенную граніцу. Пасля гэтага інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася да ўзроўню баёў мясцовага значэння[3].

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

За чатыры дні баёў на гэтым участку фронту эрытрэйцы страцілі дзясяткі тысяч чалавек забітымі, параненымі і палоннымі і былі адкінуты на тыя пазіцыі, якія займалі перад вайной. Эфіопы знішчылі і захапілі ў якасці трафеяў вялікую колькасць танкаў, баявых браніраваных машын, артылерыйскіх сістэм і іншую ваенную маёмасць. Астатнія сілы эрытрэйскай арміі, якія не трапілі ў акружэнне і не былі знішчаны, адступілі ў поўным парадку на пазіцыі па лініі падзелу дзвюх дзяржаў да 6 мая 1998 года (у 25 км на поўнач)[2].

Зноскі

  1. Cooper, Tom; Fontanellaz, Adrien (31 July 2018). Ethiopian-Eritrean Wars. Volume 2: Eritrean War of Independence, 1988-1991 & Badme War, 1998-2001. ISBN 9781913118358.
  2. а б в г д е ё ж з Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
  3. а б в г д е ё Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
  4. А. Иванович. Эфиопия — Эритрея : Уроки воздушной войны // Авиация и время : журнал. — 2009. — № 4. — стр. 40—46.