Перайсці да зместу

Бабелдааб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бабелдааб
англ. Babeldaob
Унутраны раён
Унутраны раён
Характарыстыкі
Плошча374,1 км²
Найвышэйшы пункт242 м
Насельніцтва6 500 чал. (2005)
Шчыльнасць насельніцтва17,38 чал./км²
Размяшчэнне
7°31′49″ пн. ш. 134°33′53″ у. д.HGЯO
АрхіпелагКаралінскія астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Бабелдааб (Палау)
Бабелдааб
Бабелдааб
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бабелда́аб (англ.: Babeldaob), у мінулым Бабелтуа́п (англ.: Babelthuap) — найбуйнейшы востраў у складзе Палау. На Бабелдаабе знаходзіцца Нгерулмуд — сталіца краіны. Плошча — 374,1 км². Насельніцтва (2005 г.) — каля 6,5 тысяч чал.

Бабелдааб — востраў на захадзе Каралінскага архіпелага. Знаходзіцца ў 2211 км на поўнач ад Аўстраліі і ў 2805 км на ўсход ад Азіі. Даўжыня — 46,2 км. Найбольшая шырыня — 16,6 км.

Бабелдааб уяўляе сабою паверхню падводнага хрыбта, мае старажытнае вулканічнае паходжанне. Узнік каля 70 мільёнаў гадоў таму. Пакрыты невысокімі пагоркамі. Найвышэйшы з іх, гара Нгерчэлчуус, дасягае ўсяго 242 м над узроўнем мора. Паўднёвая нізінная частка сфарміравана караламі. Узбярэжжа адрозніваецца разнастайнасцю рэльефа, прарэзана невялікімі гаванямі На востраве шмат кароткіх рэк. Рачная сетка складае прыкладна 555,1 км. Адзінае возера Нгардок займае 4,85 га. Знойдзены невялікія радовішчы золата.

Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература складае прыкладна +28 °C. Сярэднемесячная колькасць ападкаў — ад 272 мм да 531 мм. Сухі сезон прыпадае на зімовыя месяцы. Найбольш дажджлівыя месяцы — красавік і май.

На Бабелдаабе вылучаюць некалькі экасістэм — нізінныя, прыбярэжныя, мангравыя, рачныя лясы, хмызнякі, саванна, лугі, каля берага — каралавыя рыфы, зараснікі водарасцей і лагуны. Лясы займаюць каля 170 км², у тым ліку мангры — 25,7 км². Налічваецца 820 відаў раслін, 25 % з якіх — эндэмікі. 29 % раслін былі завезены ў розныя гістарычныя перыяды чалавекам.

Фаўна адрозніваецца некаторай разнастайнасцю ў параўнанні з іншымі астравамі Мікранезіі. Бабелдааб насяляюць 50 відаў птушак, 40 відаў прэснаводных рыб, 20 відаў яшчарак, 5 відаў змей, 1 від жаб. Бабелдааб — адзінае месца ў Мікранезіі, дзе сустракаюцца марскія кракадзілы.

На каралавых астравах на поўдзень ад Бабелдааба ў 2006 г. былі знойдзены 2 пахавальныя пячоры з рэшткамі маларослых насельнікаў пачатку 3 тысячагоддзя да н. э. Мяркуюць, што першыя людзі сучаснага тыпу маглі з’явіцца на Бабелдаабе яшчэ раней. У сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. з Азіі сюды перасяліліся мікранезійцы — продкі сучасных палаўанцаў. Згодна паданням, першапачаткова яны жылі на паўднёвых каралавых астравах, і толькі пазней асвоілі вялікі востраў. Мікранезійцы займаліся земляробствам і рыбалоўствам, стварылі развітую неалітычную культуру.

У 1542 г. востраў быў адкрыты іспанцамі. У XVII ст. фармальна далучаны да іспанскіх калоній. Але сталыя кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі з 1783 г. У 1885 г. іспанскія ўлады афіцыйна размясцілі на Бабелдаабе каланіяльную адміністрацыю, але ў 1899 г. продалі яго Германіі разам з іншымі сваімі ўладаннямі ў Мікранезіі. У 19141944 гг. востраў кантралявала Японія. У 19471994 гг. ён знаходзіўся пад апекай ЗША. Пасля абвяшчэння незалежнасці Палау ўвайшоў у склад гэтай дзяржавы.