Перайсці да зместу

Беларускі нацыянальны камітэт (Вільня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам) — каардынацыйны прадстаўнічы орган беларускіх партый і арганізацый. Створаны ў Вільні ў 1921. У розны час аб’ядноўваў ад 19 да 40 прадстаўнікоў розных партый, арганізацый і таварыстваў. Вёў нацыянальную, культурна-асветную і кааператыўную работу.

Да 1925 года канкурыраваў з Варшаўскім БНК. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Імкнуўся стаць кіруючым цэнтрам усіх беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый і арганізацый. Ставіў сабе за мэту стварыць Беларуска-Літоўскую дэмакратычную рэспубліку, напачатку дамагчыся культурна-нацыянальнай аўтаноміі Заходняй Беларусі.

Пасля стварэння ў 1926 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік беларускіх палітычных партый і арганізацый: БСРГ, Беларускага сялянскага саюза, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага навуковага таварыства і Беларускага выдавецкага таварыства, прэсы, кааператываў і інш. У 1926-27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б. Тарашкевічам, С. Рак-Міхайлоўскім, П. Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала.

У пачатку 1930-х гадоў БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. 3 яго дапамогай БХД дамагалася кансалідацыі пад сваім кіраўніцтвам на нацыянальна-дэмакратычнай аснове ўсіх беларускіх нацыянальных партый і арганізацый, хоць гэта ёй цалкам і не ўдалося. Прадстаўнікі ТБШ у БНК не ўдзельнічалі. Палітычная дзейнасць камітэта, як і БХД, была накіравана супраць КПЗБ. У лютым 1931 БНК выступаў з пратэстам супраць праследавання беларускіх вучоных, дзеячаў культуры ў БССР, якія абвінавачваліся ў нацыянал-дэмакратызме. У 1934 палітычныя арганізацыі дэлегавалі ў БНК па 3 прадстаўнікі, культурна-асветныя, кааператыўныя і студэнцкія — па 2. Старшынёй БНК, які ў гэты час складаўся з 26 чал., быў Я. Пазняк, намеснікамі — В. Багдановіч і М. Манцэвіч, сакратаром — У. Казлоўскі, скарбнікам — А. Клімовіч. У чэрвені 1935 прыняты новы статут арганізацыі. Да новага статута БНК быў дададзены пункт, дзе падкрэслівалася, што камітэт з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення «права беларускага народа, абвешчанага 25 сакавіка 1918 года». У адносінах да БССР кіраўніцтва БНК у 1930-я гады займала крытычныя пазіцыі. У 1935 у Жэневу была накіравана заява-пратэст БНК супраць прыняцця СССР у Лігу Нацый. У студзені 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.

Напачатку ліпеня 1941 года, у выніку намаганняў беларускага нацыянал-сацыялістычнага дзеяча Уладзіслава Казлоўскага, нямецкія ваенныя ўлады дазволілі аднавіць дзейнасць Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. На ўстаноўчым сходзе, які адбыўся пры ўдзеле больш як 60 мясцовых дзеячаў, была абраная ўправа БНК. Старшынёй управы стаў Вацлаў Іваноўскі, яго намеснікамі — Язэп Малецкі і Баляслаў Грабінскі, сакратаром — Язэп Найдзюк, скарбнікам — Уладзіслаў Казлоўскі і рэферэнтам па справах культуры — Усевалад Кароль. Камітэт прадстаўляў інтарэсы беларускага насельніцтва на тэрыторыі Літвы перад нямецкімі ўладамі і скіроўваў сваю дзейнасць на арганізацыю школьніцтва і нават ваенных адзінак. Хутка ён пачаў страчваць давер у нацыстаў, і тыя кінулі падтрымліваць беларусаў у гарадскіх органах улады. Увосень 1941 В. Іваноўскі выехаў у Мінск.[1] Паводле Я. Малецкага, старшыні БНК у 1941-42 г., галоўным заданнем камітэту была падборка кадраў для працы ў Беларусі, куды былі накіраваны некалькі сот чалавек.[2]

Зноскі

  • Ладысеў У., Палуян У. Беларускі нацыянальны камітэт // ЭГБ у 6 т. Т. 1. — Мн., 1993.
  • Беларускі нацыянальны камітэт // БелЭн у 18 т. Т. 2. — Мн., 1996.