Вольга Барысаўна Ладыгіна
Вольга Барысаўна Ладыгіна | |
---|---|
Дата нараджэння | 23 снежня 1922 |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 3 студзеня 2008 (85 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Барыс Іванавіч Ладыгін |
Маці | Арыядна Пампееўна Александроўская[d] |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Партыя | |
Член у | |
Працаваў у гарадах | Мінск і Віцебск |
Узнагароды |
Вольга Барысаўна Ладыгіна (23 снежня 1922, Масква — 3 студзеня 2008, Мінск) — беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар БССР (1969). Дачка Барыса Іванавіча Ладыгіна, жонка архітэктара Яўгена Заслаўскага.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 23 снежня 1922 года ў г. Маскве ў сям’і інжынера Барыса Ладыгіна і Арыядны Пампееўны Александроўскай, сястры беларускай спявачкі Ларысы Александроўскай. Мела сястру Арыядну (нар. 1927), якая стала вучоным-эстэтыкам. У 1926 годзе сям’я пераехалі на на радзіму маці — у Менск. Тут Вольга пайшла ў школу, аднак, ратуючыся ад рэпрэсій, бацькі ў кастрычніку 1938 года з’ехалі ў Саратаў, дзе бацька працаваў выкладчыкам аўтамабільна-дарожнага інстытута[1]. Вольга з дзяцінства «марыла будаваць цудоўныя будынкі, каб у іх было радасна і шчасліва жыць і працаваць»[1].
Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1940 годзе яна паступае на архітэктурны факультэт Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Улетку 1941 года, калі Вольга Ладыгіна сканчае першы курс інстытута, пачынаецца Вялікая Айчынная вайна[1].
З жахам глядзела я на будынкі, якія гінуць — іх яшчэ ўчора мы з трапятаннем абмяралі, спрабуючы пракрасціся ў тайны прапорцыі, спрабуючы зразумець прычыну іх надзвычайнага ўздзеяння на чалавека[1]. |
Уладкавалася ў шпіталь пры бальніцы імя Урыцкага. У кастрычніку 1941 года студэнтаў адправілі на будаўніцтва абаронных збудаванняў горада, дзе Вольга працавала прарабам. У сакавіку 1942 года па лёдзе Ладажскага возера супрацоўнікаў і студэнтаў эвакуіравалі ў Пяцігорск на Паўночным Каўказе. 2 красавіка Вольга пераехала да бацькоў у Саратаў. Праз пэўны час яна ўладкавалася аналітыкам ваенна-дарожнай лабараторыі пры Саратаўскім аўтадарожным інстытуце і адначасова пачала вучыцца на дарожна-будаўнічым факультэце інстытута. Увосень 1944 года Вольгу залічылі на 2-і курс Маскоўскага архітэктурнага інстытута, які скончыла ў 1949 годзе, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Дыпломная работа — праект буйны жылы раён у Хімках (Масква) і праект аднаго з жылых дамоў у гэтым раёне (кіраўнік М. Х. Палякоў). Была накіравана разам з мужам, аднакурснікам Яўгенам Заслаўскім, на працу ў родны Мінск, у якім паспела пабываць неўзабаве пасля вызвалення[1].
Працавала архітэктарам, у 1969—1975[2] гадах галоўным архітэктарам Белдзяржпраекта, з 1978 года — начальнік аддзела дзяржэкспертызы Белдзяржпраекта, з 1988 года — аддзела галоўэкспертызы пры Дзяржбудзе БССР[3].
Грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Член КПСС з 1945 года. Член Саюза архітэктараў СССР з 1953 года. З 1961 па 1964 год — старшыня праўлення СА БССР[3]. Удзельнічала ў нарадах і кангрэсах Міжнароднага саюза архітэктараў у Гаване (Куба), Мадрыдзе (Іспанія), Міжнароднага кангрэса жанчын (Масква)[1].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя работы: вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955), у Віцебску Кіраўскі мост (1955)[2], жылыя дамы па вул. Варвашэні, Казлова, Берасцянскай, В. Харужай, Кульман, М. Горкага, Ленінскім і Партызанскім праспекце (1954—1987)[3], жылы дом з гастраномам «Сталічны» (1962)[2], адміністрацыйна-вытворчыя будынкі па вул. Варвашэні, Чырвонай (1955), Палац воднага спорту (1967), рэканструкцыя дамоў архітэктара (1961), працаўнікоў мастацтваў (1965) у Мінску; у аўтарскім калектыве: праект галоўнага корпуса Беларускага тэхналагічнага інстытута (1956—1958), комплекс будынкаў тэхнікума Белпрамсавета па вул. З. Бядулі (1956), тыпавыя праекты жылых дамоў, школ-інтэрнатаў, дзіцячых садкоў (1955—1961), праект забудовы мікрараёна па вул. Валгаградскай (1958)[3], корпус Інстытута гісторыі (1964) і рэканструкцыя корпуса Прэзідыума НАН РБ[2], мікрараён па вул. Куйбышава і 9-, 11-павярховыя жылыя дамы з убудаванымі ўстановамі (1984), комплекс здароўя па вул. Сурганава (1988) у Мінску, комплексы будынкаў НДІ анкалогіі і медрадыялогіі ў Бараўлянах (1963) і абласной бальніцы ў пас. Лясное (1967, у сааўтарстве з А. Канстанціновічам) Мінскага раёна, мост цераз р. Дняпро (1955) і Палац культуры ВА «Хімвалакно» (1976) у Магілёве[3], гандлёва-грамадскі цэнтр на вуліцы Куйбышава (1997, у суаўтарстве) у Мінску[2].
Аўтар артыкулаў па пытаннях архітэктуры[3].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]У 1969 годзе ёй сярод першых прысвоена званне «Заслужаны архітэктар БССР». Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1968, 1969) і Узбекскай ССР (1970) «За высокую свядомасць патрыятычнага абавязку і самаадданую працу па ліквідацыі наступстваў землетрасення, аднаўленні і будаўніцтве горада Ташкента», Дыпломам лаўрэата прэміі Мінбудархітэктуры імя У. А. Караля, інш[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Архитектор Ольга Ладыгина (23.12.1922-03.01.2008)
- ↑ а б в г д Ладыгіна Вольга Барысаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- ↑ а б в г д е Ладыгина Ольга Борисовна // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ладыгіна Вольга Барысаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Ладыгина Ольга Борисовна // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
- Нарадзіліся 23 снежня
- Нарадзіліся ў 1922 годзе
- Нарадзіліся ў Маскве
- Памерлі 3 студзеня
- Памерлі ў 2008 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі МАРХІ
- Супрацоўнікі Белдзяржпраекта
- Члены КПСС
- Члены Саюза архітэктараў СССР
- Члены Беларускага саюза архітэктараў
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
- Заслужаныя архітэктары Беларускай ССР
- Лаўрэаты прэміі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь імя У. А. Караля
- Асобы
- Архітэктары паводле алфавіта
- Архітэктары Беларусі
- Архітэктары Мінска
- Старшыні Беларускага саюза архітэктараў
- Архітэктары Магілёва
- Архітэктары Віцебска