Перайсці да зместу

Заслаўскае вадасховішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Заслаўскае вадасховішча
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 207 м[1]
Даўжыня 10 км
Шырыня 4,5 км
Плошча 25,6 км²
Аб’ём 108 500 000 m³
Даўжыня берагавой лініі 55 км
Сярэдняя глыбіня 8,6 м
Гідралогія
Салёнасць 265 ± 80 mg/dm³
Басейн
Плошча вадазбору 562 км²
Размяшчэнне
Краіна
Заслаўскае вадасховішча (Беларусь)
Заслаўскае вадасховішча
Заслаўскае вадасховішча
Заслаўскае вадасховішча (Мінскі раён)
Заслаўскае вадасховішча
Заслаўскае вадасховішча
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Заслаўскае вадасховішча, Мінскае мора, Ганале́с — вадасховішча ў Мінскім раёне Беларусі. Плошча 25,6 км². Найбольшая глыбіня 8,6 м. Даўжыня 9 км. Найбольшая шырыня 4 км. Даўжыня берагавой лініі 38,2 км. Аб’ём вады больш за 100 млн м³. Вадазбор 562 км². Другі па велічыні штучны вадаём на Беларусі. На р. Свіслач, за 10 км на паўночны захад ад Мінска. Створана ў 1956, рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977.

Чаша вадасховішча да затаплення была забалочанай поймай рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Асноўнае прызначэнне — сезоннае рэгуляванне сцёку, абвадненне Свіслачы, забеспячэнне вадой Мінска і стварэнне зон адпачынку. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Вадасховішча ўваходзіць у зону адпачынку Мінскае мора, на берагах размешчаны міжнародны маладзёжны цэнтр адпачынку "Юнацтва", базы адпачынку і прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, піянерлагеры і інш. Папулярнае месца адпачынку і аматарскага рыбалоўства.

Геалагічную аснову вадазбору ўтварае Заслаўская мульда, запоўненая пластамі асадкавых парод, яна служыць прыродным калектарам падземных вод. Гэта забяспечвае стабільнае падземнае жыўленне рэк.

Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць вадасховішча павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі замаруджаны (на ўсходзе ў Спартакаўскім заліве, каля прафілакторыя). Пераважаюць вятры паўночна-заходняга напрамку, якія могуць утвараць хвалі вышынёй 0,7—1,2 м. Сярэднямесячная тэмпература вады ў ліпені—жніўні 18—21 °С, у асобныя гады ў жніўні максімальная дасягае 27 °С. Замярзае ў 1-й пал. снежня (у асобныя гады ў канцы лістапада), лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сакавіка — пачатку красавіка. Сярэдняя працягласць ледаставу 125—130 дзён.

Берагі спадзістыя, на поўдні і захадзе парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шырынёй 20—50 м. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы буйны Ратамскі), 11 астравоў агульнай плошчай ~0,29 км². Найбольшы з іх — востраў Кахання. Дно да глыбіні 2 м і вакол астравоў пясчанае, да глыбіні 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Гадавыя ваганні ўзроўню вады перавышаюць 1 м. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг звычайны і аер звычайны, трапляецца ўрэчнік, драсён земнаводны) найбольш пашыраны ў залівах і ў вярхоўі, дзе ўпадае канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Іхтыяфаўна разнастайная, характэрная для большасці вадасховішчаў рачнога тыпу. Водзяцца шчупак, лешч, верхаводка, акунь, гусцяра, судак, карась сярэбраны, карп, пячкур, язь, плотка, краснапёрка, лінь, джгір. На астравах гняздоўі чаек, качак.

На заходнім, паўднёвым, паўднёва-ўсходнім і ўсходнім берагах створаны штучныя пясчаныя пляжы (даўжыня 6 км, шырыня 20–50 м); на паўднёва-заходнім і паўночна-ўсходнім берагах дамбамі ад вадасховішча адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдары. На паўночным беразе размешчаны лугапарк плошчай 330 га, вёска Лапаравічы, на паўднёва-ўсходнім — вёска Зарэчча‑1, пры ўпадзенні Свіслачы — горад Заслаўе. Па вадасховішчы праводзіцца цеплаходная экскурсія.

Збудаванні гідравузла: земляная плаціна (даўжыня 831 м, максімальная вышыня 12 м), якая умацавана бетоннымі плітамі; паўночная агараджальная дамба (даўжыня 1,64 км, максімальная вышыня 1,5 м), вадаскід, міні ГЭС, слаламны канал ва ўсходняй частцы, помпавая станцыя. Пры ўпадзенні Вячы створаны польдары.

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. 10 000 экз. ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.