Дняпроўскі мост
Дняпроўскі мост | |
---|---|
Каардынаты: 53°53′31″ пн. ш. 30°19′47″ у. д.HGЯO | |
Перасякае | р. Дняпро |
Месца размяшчэння | г. Магілёў, Магілёўская вобласць, Беларусь |
Канструкцыя | |
Матэрыял | жалезабетон |
Колькасць пралётаў | 8 |
Агульная даўжыня | 286 м |
Эксплуатацыя | |
Адкрыццё | 1959 |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дняпро́ўскі мост — аўтадарожны мост цераз Дняпро ў Магілёве. Злучае гістарычны цэнтр горада (правы бераг) і былое прадмесце Лупалава (левы). Па мосце праходзіць Пушкінскі праспект, па назве якога мост часам памылкова называюць Пу́шкінскім. Сучасны Дняпроўскі мост узведзены ў 1959 годзе з жалезабетону і мае 8 пралётаў, яго даўжыня складае 286 метраў, шырыня — 24 метра.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Магілёве не было моста цераз р. Дняпро. Улетку і ўвосень усталёўваўся мост на драўляных плытах у раёне цяперашняга гарадскога пляжу. Узімку хадзілі і ездзілі цераз раку па лёдзе, а ўвесну перапраўляліся на двух паромах. Паромы мелі грузападымальнасць у 800 пудаў і кіраваліся вёсламі і тычкамі. Пакуль паром ішоў папярок рэкі да іншага берага, цячэннем ён ссоўваўся на адзін кіламетр і выгрузка адбывалася ўжо каля гарадскога астрога. Па цячэнні пераправа доўжылася 40 хвілін, супраць цячэння амаль паўтара гадзіны. У моцны вецер паромы не хадзілі. Пасля дажджоў было складана дабрацца з горада да самога парома. Грэбля, якая вяла праз пойму Дняпра, на працягу вярсты пакрывалася непраходным брудам[1].
Першы мост цераз Дняпро было вырашана ўзвесці на лукавіне ракі, там, дзе яна бліжэй усяго падыходзіла да стромкага правага берага. Драўляны мост на палях, пабудаваны па праекце і пад кіраўніцтвам начальніка XI Магілёўскай акругі шляхоў зносін падпалкоўніка Мікалая Феліксавіча Ястржэмбскага, быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1860 годзе[1]. Вялікі ўдзел у яго будаўніцтве прыняў гарадскі галава Рыгор Гартынскі. Мост быў пабудаваны па міжнародных стандартах таго часу і атрымаў імя расійскага імператара Аляксандра I[2]. Мост складаўся з 8 дзесяцісажнёвых арачных пралётаў і дасягаў даўжыні ў 90 пагонных сажняў. Палатно моста ўзвышалася над летнім узроўнем вады на 40 футаў[1].
Праз некалькі дзесяцігоддзяў высвятлілася, што вузкія пралёты масты ствараюць цяжкасці для руху параходаў па Дняпры. У 1902 годзе мост быў мадэрнізаваны: два арачныя пралёты па цэнтры рэчышча ракі былі заменены на адзін пралёт з рашэцістай фермай. Але для гэтага прыйшлося прыбраць адну апору[1].
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачалося бурнае развіццё аўтатранспарту і нагрузкі на мост, разлічаны на калёсы і брычкі, значна ўзраслі[1]. Пры падрыхтоўцы да пераносу сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў, рэканструкцыя моста была ўключана ў генеральны план гарадской забудовы. Аднак сталіца ў Магілёў так і не была перанесена, а архітэктурныя пераўтварэнні ў горадзе былі згорнуты[2].
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, высвятлілася, што стары мост не ў стане забяспечыць транспартаванне цяжкіх ваенных грузаў, таму побач, паводле словаў сведак, былі тэрмінова наведзены два пантонныя масты. Пры адступленні Чырвонай Арміі з Магілёва палова драўлянага моста была ўзарвана[1]. Нямецкія сапёры паставілі дадатковую апору, замяніўшы ферму звычайным бэлечным пакрыццём[2][1]. Працы завяршыліся ўзімку 1941 года, пасля чаго мост насіў імя генерала Мюлера. У маі 1943 года Дняпроўскі мост быў разбамбаваны савецкай авіяцыяй, пасля чаго зноў адбудаваны германскімі ваеннымі. Падчас акупацыі дзейнічала і іншая пераправа цераз Дняпро — у раёне гарадскога пляжу быў пабудаваны нізкі мост[2].
Пры адступленні з горада ў чэрвені 1944 года гітлераўцы падарвалі ўсе пераправы цераз раку. Ужо ў наступным месяцы пад кіраўніцтвам ваенна-дарожнага ўпраўлення пачаліся працы па аднаўленні Дняпроўскага моста. Непасрэдна да будаўніцтва прыступілі 1 верасня таго ж года. Падчас праектавання маставога пераходу разглядаўся і праект «выпрастання выхаду ў горад з моста цераз гарадскі парк і плошчу ў кірунку на цэнтральную Першамайскую вуліцу». Аднак задуманае так і не ажыццявілі з-за тэхнічных складанасцей — занадта вялікім быў уздым вышыннага ўзроўню ад моста да гарадскога парку. Акрамя таго, цяжкасці выклікала захаванне выезду з моста на Бабруйскую шашу[2].
20 лістапада 1944 года Дняпроўскі мост быў здадзены ў эксплуатацыю. Аднак на працягу наступных гадоў неаднаразова ўзнікала неабходнасць яго рамонту[2].
У лютым 1956 года Магілёўскі гарвыканкам інфармаваў міністра камунальнай гаспадаркі БССР «пра аварыйны стан Дняпроўскага моста і немагчымасць яго далейшай эксплуатацыі». 16 лістапада 1956 года гарвыканкамам быў зацверджаны канчатковы праект маставога пераходу змяшанага тыпу: з жалезабетону і жалеза. Падчас будаўніцтва новага моста стары драўляны працягваў функцыянаваць. Адначасова з узвядзеннем новага моста вяліся працы па стварэнні пад’язных шляхоў з боку цэнтра горада. Быў зрэзаны ўзгорак каля Вала Чырвонай Зоркі, і вуліца Чалюскінцаў пракладзена непасрэдна да плошчы Арджанікідзэ. Да канца 1959 года будаўнічыя працы былі завершаны. Новы сучасны мост злучыў абедзве часткі горада і аж да 1967 года заставаўся адзінай у Магілёве аўтамабільнай пераправай цераз Дняпро. У 1964 годзе на пілоне моста была размешчана мемарыяльная дошка старшаму лейтэнанту Мікалаю Яшыну, камандзіру коннай разведкі, які загінуў пры вызваленні Магілёва[2].
Рэканструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]У 2015 годзе пачаліся працы па капітальным рамонце Дняпроўскага моста, якія прадугледжваюць істотную мадэрнізацыю пуцеправода: павелічэнне палос руху, замену зношаных металаканструкцый, бетонных бэлек, бардзюраў, агародж і іншых элементаў. на выездзе з моста на вуліцу Чалюскінцаў зроблена транспартная развязка, пабудаваны падземны пераход, які злучыў плошчу Славы з набярэжнай Дняпра[2]. Архітэктурныя элементы моста былі абліцаваныя чырвоным гранітам, на тумбах замест бетонных шароў устаноўлены бронзавыя фігуры львоў (скульптар А. Вараб’ёў) — сімвала Магілёва.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дняпроўскі мост