Вялікая Восмата
Вялікая Восмата | |
---|---|
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 144,1 м |
Даўжыня | 2,56 км |
Шырыня | 0,67 км |
Плошча | 1,12 км² |
Аб’ём | 0,00521 км³ |
Даўжыня берагавой лініі | 7,26 км |
Найбольшая глыбіня | 8,8 м |
Сярэдняя глыбіня | 4,6 м |
Гідралогія | |
Салёнасць | да 0,19 ‰ |
Празрыстасць | да 2 м |
Басейн | |
Плошча вадазбору | 203 км² |
Упадаюць | рака Асмоціца |
Выцякаюць | рака Копань |
Размяшчэнне | |
Краіна | Беларусь |
Рэгіён | Віцебская вобласць |
|
|
|
|
|
|
Вялі́кая Во́смата — возера ў Гарадоцкім раёне ў басейне ракі Свіна́, за 33 км на паўночны-захад ад горада Гарадок, сярод лесу.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Восмата балцкага паходжання. Пачатковы В- устаўны, пазнейшы. Адпачатная балцкая форма *Asmatà (Асмата́).
Корань Asm- у балцкіх рачных назвах, што вар’іруюцца як Осма / Восма / Восьма, на Верхнім Падняпроўі і Верхнім Павоччы. Іх адпачатная форма аднаўляецца як *Asma[1][2][3].
Балцкія гідранімічныя аналагі — рачныя назвы тыпу Ašmena (> Ашмянка), Akmena[4]. Усе звязаныя з літоўскім akmuo, латышскім akmens «камень». Побач з рэкамі з назвамі Осма / Восма / Восьма сапраўды часта цякуць рэчкі з назвамі «Каменка», што калькуюць балцкую «каменную» назву.
Аснова Asm- з’яўляецца дыялектным варыянтам асновы Ašm- (як Asv- i Ašv- у гідронімах Asveja і Ašva, Ašvija, ад літоўскага ašva «кабыла»[5]).
Асновы Akm- і Ašm- паходзяць ад варыянтаў індаеўрапейскага *ak- / *ak'- «востры». Ад першага ў літоўскай мове akmen- «камень», ад другога — ašmen- «вастрыё» і (на перыферыі мовы) ašmen- «камень»[6].
На ўсходзе старабалцкай тэрыторыі раней мусілі быць і рачныя назвы ад Akm(en)-. Але яны лёгка перакідаліся ў гукава блізкае Кам- (akmen- : камень), таму да сёння не дайшлі (захаваліся толькі там, дзе моўная перамена адбылася зусім нядаўна, як з назвамі Акмянеі ля Ашмянаў, Акмяніца ля Браслава). За пэўнымі гідронімамі тыпу «Каменка» могуць хавацца ранейшыя формы тыпу Akmena, але на сёння гэтага дакладна не вызначыць.
У назве Асмата корань Asm- пашыраны з дапамогай -at-. Той жа пашыральнік у назвах рэчак Гардата, Аката (> Акатаўка, прыток Гардаты) на Верхнім Павоччы[7], у літоўскіх гідронімах тыпу Amata, Žlagatas, Kamatis. Ён шырока выкарыстоўваўся ў літоўскім назва- і словаўтварэнні (gyvas «жывы» — gyvata «жыццё»)[8]. Блізкі пашыральнік -et- таксама ў назве возера Вядзета недалёка ад Асматы.
У балцкай гідраніміі не менш актыўна выкарыстоўваўся корань stab-, звязаны з прускім stabis «камень». Ён у верхнедняпроўскіх гідронімах Стабна, Стабенка, Стабніца[9].
Побач з возерам Восмата — азёры з балцкімі назвамі Арлея, Жодзень, Обаль (праз яго цячэ рака Обаль), Обалінец (на пэўным аддаленні на захадзе ад ракі Обаль).
Назва возера Асмата (Восмата) значыць «Камяністае (возера)».
Водаапісанне
[правіць | правіць зыходнік]Плошча паверхні 1,12 км². Даўжыня 2,56 км, найбольшая шырыня 0,67 км. Даўжыня берагавой лініі 7,26 км. Найбольшая глыбіня возера 8,8 м, сярэдняя 4,6 м. Аб’ём вады 5,21 млн м³. Плошча вадазбору 203 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны вышынёй 2—3 м (на поўначы і поўдні месцамі да 10 м), параслі лесам, які падступае да ўрэзу вады. Літаральная зона вузкая, шырынёй 5—10, на ўсходзе да 10 метраў.
Дно спачатку пясчанае, пасля да глыбіні 7 м ілістае, глыбей выслана сапрапелем. На возеры 2 астравы агульнай плошчай 0,2 га. Возера эўтрофнае, праточнае. Надводная расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 4—90 м, падводная распаўсюджваецца на адлегласці 20—150 м ад берага.
На захадзе ў возера ўпадае рака Асмоціца, на поўдні выцякае рака Копань (злучае з возерам Беразінец); злучана пратокай з возерам Малая Восмата.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, акунь, плотка, гусцяра і іншыя рыбы.
Зноскі
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 181, 200.
- ↑ Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 301—302.
- ↑ В. Н. Топоров. «Baltica» Подмосковья // Балто-славянский сборник. Москва, 1972. С. 255.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 37, 50.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 49, 50.
- ↑ Топоров В. Н. Две заметки из области балтийской топонимии (этимологический аспект) [1959] // В. Н. Топоров. Исследования по этимологии и семантике. Т.4. Кн. 2. М., 2010. С. 74—77.
- ↑ В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. III // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1998. С. 293.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 334—338.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 209.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. Ч.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)