Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 9 верасня 1977[1] (47 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, журналіст, тэарэтык мастацтва |
Гады творчасці | з 2009 |
Жанр | антыўтапічны раман[d] і сацыяльная фантастыка[d] |
Мова твораў | беларуская |
Прэміі |
Дэбют (2012) |
martinovich.by |
Віктар Валер'евіч Марціновіч (нар. 9 верасня 1977, Ашмяны) — беларускі журналіст, мастацтвазнавец, пісьменнік.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў факультэт журналістыкі і аспірантуру БДУ. У 2002—2015 гадах намеснік рэдактара «БелГазеты». Выкладчык ЕГУ. Абараніў (27.6.2008) доктарскую дысертацыю ў Віленскай акадэміі мастацтваў на тэму: «Віцебскі авангард (1918—1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка»[2].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Выдаў раман «Параноя» на рускай мове (2009), які негалосна быў забаронены да продажу ў Мінску[3] і інтэрнэт-кнігарні oz.by[4][5]. Раман пра каханне, напісаны ў жанры reality-антыўтопіі, быў пасля перакладзены на англійскую, фінскую, нямецкую мовы і выдадзены ў ЗША, Фінляндыі і Германіі.
У чэрвені 2011 года прэзентаваў свой першы беларускамоўны раман «Сцюдзёны вырай». Гэты «раман з патройным самагубствам аўтара», прысвечаны беларускай літаратуры. Паводле аўтара, твор мусіў распаўсюджвацца выключна ў электронным выглядзе і не выходзіў у друкаваным варыянце[6]. Гэта першы раман у гісторыі беларускай літаратуры, апублікаваны адразу ў выглядзе прэс-рэлізу.
Трэці раман В. Марціновіча, гангстарская трагікамедыя «Сфагнум» (2013). У рамане трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся і ад крэдытораў, і ад крымінальнага вышуку. Усё пайшло б паводле задумы, калі б не знешне паўмёртвая беларуская веска з яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае развязанне праблемы. Раман увайшоў у доўгі спіс расійскай прэміі «Нацыянальны бестселер». «Сфагнум» быў выпушчаны на рускай мове ў выглядзе інтэрнэт-рэлізу, а ў перакладзе на беларускую мову — у друкаванай версіі.
«Мова» (2014) — новы жанравы эксперымент Віктара Марціновіча, сацыяльная фантастыка з «мовай» у якасці галоўнага героя. Дзеянне адбываецца ў фантастычнай будучыні — Кітай і Расія аддзяліліся мурам ад Еўропы, якая страціла сваю веліч, і ўтварылі квітнеючую саюзную дзяржаву. Цэнтр Мінска ператварыўся ў густанаселены кітайскі квартал. Галоўны герой кнігі разам з мінскім падполлем (кітайскай мафіяй) змагаюцца з сістэмай, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, вернасць і здрада памяняліся месцамі.
Віктар Марціновіч адзначае:
У гэтым тэксце мова выступае не толькі як сродак камунікацыі, але і ў новай, дагэтуль нікім не скарыстанай функцыі. Мова з'яўляецца таямніцай і прычынай вайны вулічных бандаў.[7] |
Пяты раман Віктара Марціновіча «Возера радасці» выйшаў у перакладзе на беларускую мову ў выдавецтве «Кнігазбор» улетку 2016 года. У аснове аповеду ляжыць жыццё дзевяцігадовай Ясі ў ціхай вёсцы, дзе час нібыта спыніўся. Дзяўчынка цяжка перажывае смерць маці, нягледзячы на гэта, бацька адвозіць яе ў інтэрнат. Аднойчы Яся вырашае збегчы і вярнуцца дадому. Пераклад кнігі на беларускую мову падрыхтаваў Віталь Рыжкоў. Яму таксама належыць дызайн вокладкі выдання.
«Ноч» (2018) — гэта і антыўтопія, і раман-травелог, і раман-гульня. Свет занурыўся ў бясконцую халодную ноч. У вольным горадзе Грушаўка вада па раскладзе, адзіная газета «Газета» перапісваецца пад капірку і не працуе компас. Галоўны герой Кніжнік — уладальнік адзінай у горадзе бібліятэкі і апошняга сабакі. Узяўшы мапу новага свету і том Герадота, Кніжнік выпраўляецца на пошукі каханай жанчыны, якая ў момант блэкаўту апынулася ў Непале. Раман выйшаў па-руску і па-беларуску ў аўтарскім перакладзе[8].
Галоўны герой рамана «Рэвалюцыя» (2020) — выкладчык з Беларусі, які трапляе ў суплёт выпрабаванняў у сучаснай Маскве і вымушаны спасцігнуць, чаму адмова ад індывідуальнай свабоды такая спакуслівая. Пераклад рамана на нямецкую мову выдадзены ў Германіі ў студзені 2021 года.
Прэміі і ўзнагароды
[правіць | правіць зыходнік]У 2012 годзе Віктар Марціновіч быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў галіне прозы[9] за раман «Сцюдзёны вырай».
У 2014 атрымаў прэмію (Encouragement Award) Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі (European Science Fiction Society).
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Параноя, 2009
- Табу, 2010
- Сцюдзёны вырай, 2011
- Сфагнум, 2013
- Мова, 2014
- Радзіма. Марк Шагал у Віцебску, 2015
- Возера радасці, 2016
- Ноч, 2018
- Рэвалюцыя, 2020
Экранізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Рэжысёр Аляксей Палуян у 2019 годзе стварыў па матывах аднайменнага рамана мастацкі фільм «Возера радасці».
Цытаты
[правіць | правіць зыходнік]Мы ўсе — людзі без Радзімы. Бо Радзіма — гэта месца, дзе цябе ўсе, абсалютна ўсе, да апошняга сабакі, разумеюць.[10] |
Зноскі
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #1036842177 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 кастрычніка 2015.
- ↑ Паспяховая абарона доктарскай дысертацыі выкладчыкам ЕГУ Віктарам Марціновічам(недаступная спасылка) Сайт ЕГУ
- ↑ Раман Марціновіча забаранілі прадаваць на кірмашы(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 1.12.2009
- ↑ Кнігу Марціновіча «Параноя» ўжо забаранілі прадаваць і ў інтэрнэт-крамах(недаступная спасылка) // Еўрапейскае радыё для Беларусі, 3.12.2009, 13:45
- ↑ Кнігу «Параною» Марціновіча знялі з продажу на oz.by(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 3.12.2009
- ↑ Электронны "Сцюдзёны вырай" ад Віктара Марціновіча . Радыё Свабода (19 чэрвеня 2011).
- ↑ http://budzma.by/budzma/mova-byelaruskaya-minsk-kitayski-vyersiya-viktara-marcinovicha.html
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Найлепшай дэбютнай кнігай – 2011 стала... . Радыё Свабода (15 сакавіка 2012).
- ↑ Віктар Марціновіч: Народ без Радзімы // Наша ніва
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- http://martinovich.by/—Афіцыйная(недаступная спасылка) старонка В. Марціновіча
- Блог Віктара Марціновіча Архівавана 16 сакавіка 2015. на TUT.BY
- Сцюдзёны вырайАрхівавана 23 красавіка 2012. на сайце 34mag
- Нарадзіліся 9 верасня
- Нарадзіліся ў 1977 годзе
- Нарадзіліся ў Ашмянах
- Выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ
- Выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта
- Лаўрэаты прэміі «Дэбют»
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Мастацтвазнаўцы Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Журналісты Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Рускамоўныя пісьменнікі