Генеральныя кангрэгацыі Таварыства Ісуса
Генеральная кангрэгацыя — сход прадстаўнікоў Таварыства Ісуса з усяго свету, вышэйшы орган улады Ордэна езуітаў. Заўжды склікаюцца пасля смерці або пасля адстаўкі Генерала, кіраўніка Таварыства, для абрання яго пераемніка, а таксама з іншых важных нагодаў. З 1558 г. прайшло 36 генеральных кангрэгацый[1].
У перыяд дзеяння касацыйнага брэвэ Клімента XIV (1773—1814), калі езуіты захавалі ордэнскую арганізацыю толькі на тэрыторыі Расійскай імперыі, перадусім у яе беларускіх уладаннях, у Полацку прайшлі яшчэ 5 кангрэгацый[2]. Таварыствам Ісуса яны афіцыйна не прызнаюцца «генеральнымі»[3] (па ліку былі б XX, XXI, XXII, XXIII і XXIV), але ў гістарычнай літаратуры (у тым ліку і езуіцкімі гісторыкамі) усе роўна часам называюцца менавіта так[4][5].
Спіс Генеральных кангрэгацый
[правіць | правіць зыходнік]Генеральныя кангрэгацыі да 1773 г.
[правіць | правіць зыходнік]I Генеральная кангрэгацыя (19 чэрвеня 1558 — 20 верасня 1558);
II Генеральная кангрэгацыя (21 чэрвеня 1565 — 3 верасня 1565);
III Генеральная кангрэгацыя (12 красавіка 1573 — 16 чэрвеня 1573);
IV Генеральная кангрэгацыя (7 лютага 1581 — 22 красавіка 1581);
V Генеральная кангрэгацыя (3 лістапада 1593 — 18 студзеня 1594);
VI Генеральная кангрэгацыя (21 лютага 1608 — 29 сакавіка 1608);
VII Генеральная кангрэгацыя (5 лістапада 1615 — 26 студзеня 1616);
VIII Генеральная кангрэгацыя (21 лістапада 1645 — 14 красавіка 1646);
IX Генеральная кангрэгацыя (13 снежня 1649 — 23 лютага 1650);
X Генеральная кангрэгацыя (7 студзеня 1652 — 20 сакавіка 1652);
XI Генеральная кангрэгацыя (9 мая 1661 — 27 ліпеня 1661);
XII Генеральная кангрэгацыя (22 чэрвеня 1682 — 6 верасня 1682);
XIII Генеральная кангрэгацыя (22 чэрвеня 1687 — 7 верасня 1687);
XIV Генеральная кангрэгацыя (19 лістапада 1696 — 16 студзеня 1697);
XV Генеральная кангрэгацыя (20 студзеня 1706 — 3 красавіка 1706);
XVI Генеральная кангрэгацыя (19 лістапада 1730 — 13 лютага 1731);
XVII Генеральная кангрэгацыя (22 чэрвеня 1751 — 5 верасня 1751);
XVIII Генеральная кангрэгацыя (18 лістапада 1755 — 28 студзеня 1756);
XIX Генеральная кангрэгацыя (9 мая 1758 — 18 чэрвеня 1758).
Полацкія генеральныя кангрэгацыі
[правіць | правіць зыходнік]На час выдання папам Кліментам XIV брэвэ Dominus ac Redemptor на частцы тэрыторыі Беларусі, якая ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай была далучана да Расійскай імперыі, знаходзіліся 201 езуіт (97 айцоў, 57 схаластыкаў і 45 братоў) і шэраг езуіцкіх пляцовак, у тым ліку 4 калегіумы (Полацк, Віцебск, Орша, Дынабург) і 2 рэзідэнцыі (Магілёў, Мсціслаў). Імператрыца Кацярына II не дазволіла агалошванне папскага паслання, без чаго яно не магло набыць моц, і загадала езуітам працягваць сваю звычайную дзейнасць.
Жадаючы забяспечыць далейшае існаванне Таварыства Ісуса, яго віцэ-правінцыял Станіслаў Чарневіч з 1776 г. пачаў паўторна прымаць у Ордэн некаторых экс-езуітаў, якія прыехалі на Беларусь з іншых езуіцкіх правінцый, а ў 1780 г. адчыніў навіцыят у Полацку. Імкненне здабыць большую незалежнасць Таварыства ад каталіцкага біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча і падтрымка з боку царскай адміністрацыі дазволіла С. Чарневічу паставіць пытанне аб абранні для Беларусі генеральнага вікарыя.
6 ліпеня 1782 г. Кацярына II падпісала ўказ, у якім дала згоду на выбар вікарыя. У дакуменце, агалошаным 15 ліпеня, імператрыца, з аднаго боку, падкрэсліла залежнасць езуітаў ад біскупа, а з іншага — загадала ім пільнаваць усе ордэнскія прадпісанні, што фактычна развязвала ім рукі. У пачатку жніўня 1782 г. С. Чарневіч правёў кансультацыю з прафесамі Ордэна на прадмет склікання кангрэгацыі і абрання на ёй вікарыя. Крыху пазней былі вызначаны парадак абрання вікарыя і кола яго паўнамоцтваў[2].
I Полацкая генеральная кангрэгацыя (11—18 кастрычніка 1782 г.)
[правіць | правіць зыходнік]У Кангрэгацыі ўзялі ўдзел 30 братоў-езуітаў. Усе яны былі прафесамі яшчэ да выдання Dominus ac Redemptor. Да ўдзелу ў кангрэгацыі адзінадушным рашэннем былі таксама дапушчаны прафесы з тых краін, дзе касацыйнае брэвэ было апублікавана. За 8 дзён прайшло 6 пасяджэнняў. 17 кастрычніка 1782 г. пажыццёвым генеральным вікарыям Таварыства Ісуса ў свеце і на Беларусі на час папскай забароны Ордэна быў абраны Станіслаў Чарневіч[6][7]. Вырашыць усе надзённыя пытанні Кангрэгацыя не паспела, паколькі новаабраны галава езуітаў быў выкліканы Кацярынай ІІ у Пецярбург[2].
I Полацкая генеральная кангрэгацыя стала важнейшым крокам у кірунку да будучага аднаўлення Таварыства Ісуса, спачатку ў межах Расійскай імперыі, а потым і ва ўсім свеце. Па-першае яна выпрацавала пазіцыю адносна самога існавання Ордэна і пацвердзіла яго саматоеснасць, а па-другое — вырашыла і надалей падтрымліваць манаскае жыццё і традыцыйную структуру Таварыства і зрабіла пэўныя захады для яго кансалідацыі. З абраннем генеральнага вікарыя і прызначэннем ім правінцыяла (ім стаў Францішак Караў) Ордэн паўстаў у сваім звыклым выглядзе[8].
II Полацкая генеральная кангрэгацыя (1—13 кастрычніка 1785 г.)
[правіць | правіць зыходнік]Была склікана пасля смерці Станіслава Чарневіча (ліпень 1785 г.) часовым генеральным вікарыям Габрыэлем Лянкевічам. У Кангрэгацыі бралі ўдзел 30 прафесаў. Адбылося 11 пасяджэнняў. 8 кастрычніка генеральным вікарыем быў абраны Габрыэль Лянкевіч. Прысутныя азнаёміліся з пісьмовым сведчаннем біскупа Яна Беніслаўскага аб вусным (лац.: vivae vocis oraculo) пацвярджэнні папам Піем VI (12 сакавіка 1783 г.) абрання Станіслава Чарневіча генеральным вікарыям, а потым і існавання Ордэна на Беларусі.
У адпаведнасці з патрабаваннямі расійскіх уладаў разглядаліся пытанні, звязаныя з рэформай езуіцкіх школ, а для іх вырашэння стваралася спецыяльная камісія на чале з Францішкам Караў[9]. Таксама Кангрэгацыя пацвердзіла важнасць культу Найсвяцеёшага Сэрца Ісуса. Упершыню пасля касацыі Таварыства (на І Полацкай кангрэгацыі гэтага не паспелі зрабіць з-за адклікання С. Чарневіча ў сталіцу) былі абраныя чатыры асістэнты генеральнага вікарыя[2] (айцы Францішак Караў, Геранім Віхерт, Францішак Любавіцкі і Мацей Ракеты[10]). Два асістэнты павінны былі знаходзіцца ў Полацку. Было вызначана, што ўдзел у кангрэгацыях у далейшым будзе браць 30 прафесаў[2].
III Полацкая генеральная кангрэгацыя (7—15 лютага 1799 г.)
[правіць | правіць зыходнік]Наступная Кангрэгацыя была склікана пасля смерці Габрыэля Лянкевіча (лістапад 1798 г.) часовым вікарыям Францішкам Караў. Удзел у яе 7 пасяджэннях узялі 30 прафесаў. 12 лютага 1799 г. генеральным вікарыям быў абраны Францішак Караў. На Кангрэгацыі абмяркоўваўся Рэгламент, выданы царскімі ўладамі. Дакумент ставіў у падпарадкаванне да архібіскупа магілёўскага ўсе манаскія ордэны на Беларусі. Кангрэгацыя абрала Габрыэля Грубера, асістэнта генеральнага вікарыя, і Юзафа Каменскага для перамоў з імператарам Паўлам I адносна непатрэбнага, на думку езуітаў, Рэгламента[2].
IV Полацкая генеральная кангрэгацыя (15—25 кастрычніка 1802 г.)
[правіць | правіць зыходнік]11 жніўня 1802 г. памёр Францішак Караў, і часовы вікарый Таварыства Ісуса Геранім Віхерт склікаў генеральную кангрэгацыю ў складзе 30 прафесаў. Езуіцкі форум абраў новым генеральным вікарыям Габрыэля Грубера і з вялікім задавальненнем выказаў афіцыйную падзяку папу Пію VII за афіцыйнае пацвярджэнне дзейнасці Таварыства Ісуса ў Расіі (брэвэ Catholicae fidei, 1801)[2]. Ідучы насустрач пажаданням расійскіх уладаў было прынятае рашэнне, каб прыродазнаўчыя навукі выкладаліся па-руску «каб мы маглі б належным чынам выканаць свой абавязак паслушэнства яго вялікасці і прадэманстраваць нашу ўдзячнасць за ўсе атрыманыя даброты»[11].
V Полацкая генеральная кангрэгацыя (8—19 верасня 1805 г.)
[правіць | правіць зыходнік]Заўчасная смерць Габрыэля Грубера (красавік 1805 г.) прыспешыла правядзенне пятай і апошняй Полацкай кангрэгацыі. Новым генералам Таварыства Ісуса ў Расіі быў абраны Тадэвуш Бжазоўскі (1805—1814, пасля 7 жніўня 1814 г. — генерал Ордэна ва ўсім свеце)[2]. Акрамя Беларускай правінцыі Таварыства, Т. Бжазоўскаму афіцыйна падпарадкоўвалася ўжо і Неапалітанская правінцыя з цэнтрамі у Неапалі і Палерма (1804)[12], куды ўвайшлі ўладанні караля Неапаля і Сіцыліі Фердынанда. Кангрэгацыя афіцыйна выказала словы падзякі і ўзнесла малітвы у гонар папы Пія VII і караля Фердынанда (у 1767 г. менавіта ён выгнаў езуітаў са сваіх зямель, але цяпер з энтузіязмам вітаў вяртанне Ордэна) і яго жонку каралеву за ўсё, што яны зрабілі для Таварыства Ісуса[2].
Наступная, 20-я па ліку, Генеральная кангрэгацыя Таварыства Ісуса прайшла ў 1820 г. у Рыме. Адбылося гэта ўжо пасля аднаўлення дзейнасці Ордэна ва ўсім свеце ў 1814 г.[1].
Генеральныя кангрэгацыі пасля 1814 г.
[правіць | правіць зыходнік]XX Генеральная кангрэгацыя (9 кастрычніка 1820 — 10 снежня 1820);
XXI Генеральная кангрэгацыя (30 чэрвеня 1829 — 17 жніўня 1829);
XXII Генеральная кангрэгацыя (22 чэрвеня 1853 — 31 жніўня 1853);
XXIII Генеральная кангрэгацыя (16 верасня 1883 — 23 кастрычніка 1883);
XXIV Генеральная кангрэгацыя (24 верасня 1892 — 5 снежня 1892);
XXV Генеральная кангрэгацыя (1 верасня 1906 — 18 кастрычніка 1906);
XXVI Генеральная кангрэгацыя (2 лютага 1915 — 18 сакавіка 1915);
XXVII Генеральная кангрэгацыя (8 верасня 1923 — 21 снежня 1923);
XXVIII Генеральная кангрэгацыя (12 сакавіка 1938 — 9 мая 1938);
XXIX Генеральная кангрэгацыя (6 верасня 1946 — 23 кастрычніка 1946);
XXX Генеральная кангрэгацыя (6 верасня 1957 — 11 лістапада 1957);
XXXI Генеральная кангрэгацыя (7 мая 1965 — 15 ліпеня 1965; 8 верасня 1966 — 17 лістапада 1966);
XXXII Генеральная кангрэгацыя (2 снежня 1974 — 7 сакавіка 1975);
XXXIII Генеральная кангрэгацыя (2 верасня 1983 — 25 кастрычніка 1983);
XXXIV Генеральная кангрэгацыя (5 студзеня 1995 — 22 сакавіка 1995);
XXXV Генеральная кангрэгацыя (7 студзеня 2008 — 6 сакавіка 2008);
XXXVII Генеральная кангрэгацыя (2 кастрычніка 2016 — 12 лістапада 2016).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
- ↑ а б в г д е ё ж з Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
- ↑ Padberg, J. W. The General Congregations of the Society of Jesus: A brief Survey of Their History / J. W. Padberg SJ // Vol. VI. January and March, 1974. Nos. 1 and 2. — p. 36-40.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — C. 129.
- ↑ Ганчарук І. Г., Ганчар А. І. Рымска-Каталіцкі Касцёл у Беларусі (1772—1830 гг.) : манаграфія / І. Г. Ганчарук, А.І. Ганчар. — Гродна : ГДАУ, 2012. — С. 86.
- ↑ Padberg, J. W. The General Congregations of the Society of Jesus: A brief Survey of Their History / J. W. Padberg SJ // Vol. VI. January and March, 1974. Nos. 1 and 2. — p. 37.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 76.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 54.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 143.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 141.
- ↑ Морошкин, М. Я. (свящ.). Иезуиты в России, с царствования Екатерины ІІ-й и до нашего времени (в 2-х ч.) Ч. 1. : обнимающая историю иезуитов в царствование Екатерины Великой и Павла І-го / Михаил Яковлевич Морошкин. — СПб. : В Тип. Второго Отд-ния Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1867. — С. 195.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 55.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — 632 с.
- Морошкин, М. Я. (свящ.). Иезуиты в России, с царствования Екатерины ІІ-й и до нашего времени (в 2-х ч.) Ч. 1. : обнимающая историю иезуитов в царствование Екатерины Великой и Павла І-го / Михаил Яковлевич Морошкин. — СПб. : В Тип. Второго Отд-ния Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1867. — XV, 301, ХІІ, ІІ с. — 22 см.
- Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
- Padberg, J. W. The General Congregations of the Society of Jesus: A brief Survey of Their History / J. W. Padberg SJ // Vol. VI. January and March, 1974. Nos. 1 and 2. — 130 p.
- Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.