Станіслаў Чарневіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Станіслаў Чарневіч
польск.: Stanisław Czerniewicz, лац.: Stanislaus Czerniewicz
Stanislaus Czerniewicz, SJ.jpg
Род дзейнасці: генеральны вікарый Таварыства Ісуса
Дата нараджэння: 15 жніўня 1728
Месца нараджэння: Коўна
Дата смерці: 7 ліпеня 1785
Месца смерці: Стайкі каля Віцебска
Альма-матар:
Commons-logo.svg Станіслаў Чарневіч на Вікісховішчы

Станіслаў Чарневіч (польск.: Stanisław Czerniewicz, лац.: Stanislaus Czerniewicz, 15 жніўня 1728, Коўна7 ліпеня 1785, Стайкі каля Віцебска) – буйны дзеяч каталіцкага касцёла, генеральны вікарый Таварыства Ісуса (1782–1785).

Нарадзіўся 15 жніўня 1728 г. у Коўне. У 1743 г. уступіў у Вільні ў Ордэн езуітаў. Вывучаў філасофію ў Віленскай акадэміі, а таксама ў Мінскім і Слуцкім калегіумах (1747–1750). Выкладаў граматыку і паэтыку ў езуцкім калегіуме ў Крожах (1750–1753). Пад час праходжання курса тэалогіі ў Вільні (1753–1757) быў высвечаны на ксяндза (1756). У 1759 г. быў выкліканы ў Рым, дзе служыў сакратаром Караля Карыцкага, польскага асістэнта Таварыства Ісуса (1759–1768). У Вечным горадзе даў манаскія абяцанні (1761). Пасля вяртання ў Вялікае княства Літоўскае служыў архівістам правінцыі ў Нясвіжы (1768–1770), а потым быў прызначаны рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума (1770–1782)[1].

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) частка беларускіх зямель, і у тым ліку Полацк, адышла Расійскай імперыі. Гэта паставіла шмат пытанняў як адносна статусу 201 езуіта, чатырох езуіцкіх калегіумаў (у Полацку, Оршы, Віцебску і Дынабургу) і двух рэзідэнцый (у Магілёве і Мсціславе), так і самога існавання Таварыства Ісуса ў праваслаўнай дзяржаве. Імкнучыся прадэманстраваць лаяльнасць да новай улады, у лістападзе 1772 г. езуіты першымі з каталіцкіх ордэнаў склалі прысягу Кацярыне ІІ. Гэта, а таксама вельмі ўдалы візіт групы полацкіх езуітаў на чале з Станіславам Чарневічам у Пецярбург[2], канчаткова пераканалі імператрыцу ў неабходнасці ўзяць Таварыства Ісуса пад сваю апеку, каб выкарыстоўваць яго як апірышча на беларускіх землях і сродак прасоўвання народнай асветы ў імперыі.

Але ў 1773 г. удар па ордэну быў нанесены з Захаду: папа Клімент XIV з палітычных меркаванняў вырашыў ахвяраваць Таварыствам Ісуса, скасаваўшы яго сваім брэве Dominus ac Redemptor. Ведаючы аб волі рымскага пантыфіка і не чакаючы яе афіцыйнага абвяшчэння, віцэ-правінцыял Мазавецкай правінцыі Казімір Сабалеўскі, якому падпарадкоўваліся беларускія езуіты, напрыканцы кастрычніка 1773 г. склаў свае паўнамоцтвы і прызначыў віцэ-правінцыялам С. Чарневіча[3]. На гэтай пасадзе новы кіраўнік апальнага ордэна на ўсходзе Беларусі прадэманстраваў бязмежную адданасць сваёй арганізацыі, выдатныя палітычныя і арганізатарскія здольнасці і шмат у чым прадвызначыў далейшыя поспехі езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі, справядліва заслужыўшы характарыстыку "выратавальнік Таварыства"[4].

У пачатку 1774 г. Кацярына ІІ вызваліла езуітаў ад усіх падаткаў і не толькі забараніла абвяшчаць папскае брэве, але нават і прывозіць на Беларусь сам касацыйны дакумент[3]. Тым не менш, некалькі дзясяткаў езуітаў вырашылі выканаць волю Клімента XIV і пакінулі арганізацыю, і такому прыкладу былі гатовыя паследаваць іншыя[5]. Таму, карыстаючыся падтрымкай расійскіх уладаў, С. Чарневіч працягваў прыкладаць вялікія намаганні па захаванні Таварыства Ісуса, здзейсніўшы, у прыватнасці, аб'езд усіх падпарадкаваных яму езуіцкіх пляцовак (сакавік 1774 г.)[6]. Багата рабілася для ўмацавання пазіцый ордэна ў Расійскай імперыі. Напрыклад, вялася барацьба за адкрыццё ў Полацку навіцыята – спецыяльнага інстытута для папярэдняй падрыхтоўкі членаў ордэна, г.зн. сродку павелічэння яго колькаснага складу. У выніку ў 1779 г. магілёўская і мсціслаўская рэзідэнцыі былі пераўтвораны ў калегіумы, а 2 лютага 1780 г. па заканчэнні будаўніцтва асобных вучэбных памяшканняў адбылося ўрачыстае адкрыццё навіцыята. Да пачатку 80-х гг. XVIII ст. Полацк становіцца цэнтрам прыцягнення былых езуітаў і моладзі, што хацела б звязаць свой лёс з Таварыствам Ісуса, з усёй Еўропы. Былыя англійскія езуіты нават спрабавалі заручыцца падтрымкай С. Чарневіча у справе далучэння да Таварыства Ісуса ў Расіі у якасці паўнапраўнай правінцыі[7].

Значным дасягненнем С. Чарневіча і ўсіх беларускіх езуітаў стаў візіт імператрыцы ў Полацк (май 1780 г.), пад час якога члены ордэна маглі ў чарговы раз прадэманстраваць сваё майстэрства ў выяўленні вернападданіцкіх пачуццяў і, дзякуючы гэтаму, яшчэ больш умацаваць сваё становішча ў краі. Ужо ў ліпені 1782 г. езуіты атрымалі дазвол уладаў на правядзенне выбараў генеральнага вікарыя. З 10 па 18 кастрычніка 1782 г. адбывалася Першая Полацкая кангрэгацыя, удзел у якой узялі 30 дэлегатаў, што прадстаўлялі ўсе арганізацыі Таварыства Ісуса ў краі. Як таго і можна было чакаць, генеральным вікарыем быў абраны Станіслаў Чарневіч. Спачатку законнасць гэтага абрання не была прызнана папам, але пасля настойлівых просьбаў расійскага двара ў 1783 г. рымскі пантыфік даў на яго сваю вусную згоду.

Памёр С. Чарневіч 7 лютага 1785 г. у Стайках пад Віцебскам. Галоўным вынікам яго дзейнасці стала захаванне Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі і прызнанне гэтага факту Святым Прастолам. Пераемнікам С. Чарневіча на пасадзе генеральнага вікарыя стаў Габрыэль Лянкевіч[8].

Зноскі

  1. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773–1905. Cz. 1 : 1773–1820. – Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. – s. 138–139.
  3. 3,0 3,1 Блинова, Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т.Б. Блинова. – Гродно : ГрГУ, 2002. – С. 123.
  4. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 399.
  5. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 80–81
  6. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773–1905. Cz. 1 : 1773–1820. – Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. – s. 149.
  7. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 331 – 332.
  8. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 76.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Блинова, Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т.Б. Блинова. – Гродно : ГрГУ, 2002. – 427 с.
  • Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – 632 с.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995 / оprac. L. Grzebień. – Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. – 882 s.
  • Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. – Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. – 288 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773–1905. Cz. 1 : 1773–1820. – Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. – 517 s.


Папярэднік:
Ларэнца Рычы (генерал Таварыства Ісуса)
Генеральны вікарый ордэна езуітаў
17821785
Пераемнік:
Габрыэль Лянкевіч