Перайсці да зместу

Грамніцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэверс манеты «Стрэчанне» з рэльефнай выявай птушкі, якая ляціць над заснежанымі палямі, што сімвалізуе сустрэчу зімы і лета.

Грамніцы (Стрэчанне) — у беларускім народным календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі[1].

Грамніцы лічацца днём першай сустрэчы зімы з летам[2]. Назва меркавана паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі расліннасці. Існуе таксама версія, што свята названа так таму, што свята Юр'я нібыта выпрабоўвае на нячыстай сіле свае стрэлы і менавіта з гэтага дня ўжо можна пачуць грымоты[3].

У хрысціянстве з’явіліся ў VI ст. на тэрыторыі Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога Запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая Маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцтве — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе)[1].

Грамнічныя свечкі

[правіць | правіць зыходнік]

У гэты дзень асвячаюць васковыя свечкі[1], якія лічацца сімвалам Хрыста, які прынес святло вечнай Праўды ўсім народам, а на Грамніцы таксама сімвалізуюць Марыю, пакорную слугу Госпада, поўную ласкі, у душы якой заўседы гарэла святло веры, надзеі і любові[3].

Грамнічныя свечкі рыхтавалі самастойна. Воск для Грамніц збіралі загадзя, а выраблялі іх у апошнюю перад святам суботу. Свечкі-грамніцы вылучаліся сярод іншых сваімі незвычайнымі памерамі. Этнографы другой паловы XIX ст. сведчаць, што даўжыня грамнічнай свечкі была прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня — 3 чвэрці вяршка (недзе каля 3,5 см), што абумоўлена практыкай гаспадарчай дзейнасцю і той колькасцю абрадавых сітуацый, у якіх грамнічная свечка выступала ключавым атрыбутам[3]

Пасля таго, як свечкі былі асвечаны ў храме, іх тушылі пераварочваннем кнота ўніз і хавалі за пазуху. Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе, і адбываўся абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім членам сям'і па ўзросце. Пасля гэтага ўся сям'я гуртам ішла ў хлеў, дзе агністыя крыжы выпальваліся на поўсці кожнай жывёліны. Затым гаспадар дакранаўся палаючым кнотам да сцен, вушакоў, дзвярэй. Агнем асвечанай свечкі абпальвалі пастаўленыя на зімоўку вуллі. Пад канец выканання сямейнай абрадавай дзеі свечку тушылі, прыносілі ў хату і хавалі за бажніцу ці ў куфар. Каб злыя духі не ўкралі гаючую і засцерагальную моц грамніцы, яе, паводле павер'я, трэба было трымаць падалей ад чужых вачэй, каб ніхто не ведаў, дзе яна схавана, і нават не здагадваўся, што яна есць у хаце[3].

Грамнічнымі свечкамі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у іншую сям'ю, нават родным і сваякам[1].

Грамнічная вада

[правіць | правіць зыходнік]

У дзень Грамніц асвячалі таксама ваду, якая паводле ступені значнасці лічылася на адным узроўні з той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай. Калі хлопец ішоў служыць у войска, то маці з бацькам акраплялі яго на выхадзе з хаты свянцонай вадой і ў голас гаварылі наступныя словы: «Божухна, захавай цябе»[3].

З Грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет[1]. Калі на Грамніцы быў вялікі мароз, то лічылася, што снег праляжыць нядоўга, а лета будзе пагоднае і сухое; мяцеліца прадказвала доўгую вясну[2], а значыць — недахоп корму для жывелы[3]; пацяпленне ў гэты дзень сведчыла пра раннюю вясну («Калі на Грамніцы певень нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я вол пад'есць травіцы»)[3], аднак лета чакалася непагоднае, з невялікім ураджаем[2] («На Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга»)[3].

З Грамніц пачыналі ўжо рыхтавацца да вясны — гаспадары рабілі, аглядалі, рамантавалі прылады, патрэбныя для вясновых заняткаў («Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы»)[3].

Зноскі

  1. а б в г д Грамніцы. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  2. а б в Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Зiма з летам стрэлася… Архівавана 4 сакавіка 2016.
  3. а б в г д е ё ж з ГРАМНІЧНАЯ СВЕЧКА — АБЯРЭГ ЧАЛАВЕКА І ЯГО ЖЫТЛА. К. У. Парфамовіч Архівавана 6 сакавіка 2016.