Даніла Андрэевіч Ганчароў
Даніла Андрэевіч Ганчароў | |
---|---|
Род дзейнасці | мастак па святлу, палітычны вязень |
Дата нараджэння | 27 верасня 1991 (33 гады) |
Грамадзянства | |
Месца працы |
Даніла Андрэевіч Ганчароў (нар. 27 верасня 1991) — мастак па святле, быў звольнены з Новага драматычнага тэатра за спробу арганізацыі забастоўкі. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Праз палітычныя падзеі ў Беларусі летам 2020 Даніла далучыўся да пашыранага складу Каардынацыйнай рады. Ён працаваў мастаком па святле ў Новым драматычным тэатры ў Мінску, адкуль быў звольнены, праз тое, што разам з калегамі спрабаваў арганізаваць забастоўку 27 кастрычніка (калі была абвешчана «агульнанацыянальная забастоўка», частка супрацоўнікаў тэатра далучыліся да яе, за што адміністрацыя тэатра падала на іх у суд, і 18 лістапада суд прызнаў забастоўку незаконнай). У падтрымку звольненых акцёраў і супрацоўнікаў Новага драматычнага тэатра — агулам былі звольнены 14 чалавек — Беларускі Фонд Культурнай Салідарнасці ладзіў у снежні 2020 анлайн-паказ спектакля «З жыцця выкапняў» (пастаноўка Дзмітрыя Багаслаўскага па п’есе амерыканскага драматурга і сцэнарыста Фрэдэрыка Стропеля)[1].
Палітычны пераслед
[правіць | правіць зыходнік]Данілу Ганчарова затрымалі 15 сакавіка 2021, тады да яго ў кватэру прыйшлі з вобшукам міліцыянты, знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, што стала падставай для затрымання па адміністрацыйным артыкуле за «адзіночнае пікетаванне», суд прысудзіў яму 15 сутак арышту. Такім чынам, 30 сакавіка ён мусіў выйсці на волю, але 26-га сакавіка Ганчарова перавезлі з ІЧУ Жодзіна ў Мінск на допыт, адкуль адправілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на Валадарскага. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)[2].
9 красавіка 2021 года дзесяць беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, апублікавалі супольную заяву, у якой прызналі Данілу Ганчарова палітычным зняволеным[3].
Судовы разгляд яго справы пачаўся 8 ліпеня 2021 у судзе Цэнтральнага раёну Мінску, справу разглядаў суддзя Дзмітры Карсюк, абвінавачванне было прадстаўлена пракурорам Цімафеем Нічыпаруком, які запрасіў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыма. У судзе стала вядома, што акрамя артыкула 342, яго вінавацяць таксама па ч. 6 арт. 16 («саўдзел у злачынстве»), на падставе таго, што Даніла нібыта дасылаў паведамленні і фотаздымкі ў тэлеграм-каналы Nexta і Nexta Live пра перамяшчэнні сілавікоў па горадзе, чым аказаў садзейнічанне ў арганізацыі іншымі асобамі группавых дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак. Ганчароў сваю віну ў судзе не прызнаў, ад дачы паказанняў у судзе адмовіўся, таму былі зачытаны пратаколы, якія былі складзены падчас следства, дзе таксама было пазначана, што Ганчароў і раней адмаўляўся ад дачы паказанняў, заяўляў, што сутнасць абвінавачвання яму не зразумелая. Па асноўным артыкуле яго справы Ганчарова вінавацілі ў тым, што 16 і 23 жніўня, 13, 20, 27 верасня і 4 кастрычніка 2020 ён прымаў удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама «выкрыкваў лозунгі, громка пляскаў у далоні, чым працяглы час парушаў спакой грамадзянаў». Адвакат Ганчарова звярнула ўвагу на шматлікія неабгрунтаваныя сведчанні і адсутнасць доказаў, сам Ганчароў у сваім апошнім слове таксама звярнуў увагу на шэраг парушэнняў: «Чаму я скарыстаўся сваім правам не даваць паказанні? Пастаўце, калі ласка, сябе на маё месца: вымаюць тэлефон з адным IMEI, а потым у справе фігуруе іншы. Мяне абвінавачваюць на поўным сур’ёзе у тым, што я 27 верасня заблакаваў рух [транспарту] 16 жніўня. Пра што гэта кажа? Пра тое, што справу, па якой мне пагражае зняволенне тэрмінам да двух гадоў, нават ніхто не перачытваў, перш чым накіраваць у суд. Гэтыя нестыкоўкі, гэтыя памылкі — вельмі яркія, кідаюцца ў вочы. Я вельмі сёння здзівіўся, калі бок абвінавачвання, зачытваючы тэкст, нават не адкарэктаваў відавочную памылку. Я абсалютна ўпэўнены, што такая нядбайнасць у адносінах да працы ўжо кажа пра тое, што ніякіх паўнавартасных і дакладных следчых мерапрыемстваў не праводзілася»[2]. Праз заўважную наяўнасць значных разыходжанняў суддзя Карсюк вырашыў аднавіць судовае следства і рознымі спосабамі спрабаваў дапытаць абвінавачанага, але Ганчароў працягнуў адмаўляцца ад дачы паказанняў.
На наступны дзень, 9 ліпеня, суддзя Карсюк вынес менавіта такі прысуд Ганчарову, як патрабаваў дзяржабвінаваўца, бо палічыў, што віна палітвязня даказаная і пакараў яго двума гадамі калоніі агульнага рэжыму. Прызначаны тэрмін Ганчароў адбывае ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.
Зноскі
- ↑ У падтрымку свабодных акцёраў ладзяць анлайн-паказ спектакля «З жыцця выкапняў»(недаступная спасылка) (бел.)
- ↑ а б Для Данілы Ганчарова запрасілі два гады пазбаўлення волі за ўдзел у шасці нядзельных маршах і перасылку інфармацыі ў Telegram (бел.)
- ↑ Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 11 новых палітвязняў (бел.)