Енісей
Енісей | |
---|---|
руск. Енисей | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 4102 км |
Басейн | 2 580 тыс. км² |
Расход вады | 19,8 тыс. м³/с (вусце) |
Вадацёк | |
Выток | зліццё рэк: Вялікі Енісей і Малы Енісей |
• Каардынаты | 51°43′40″ пн. ш. 94°27′06″ у. д.HGЯO |
Вусце | Карскае мора |
• Вышыня | 0 м |
• Каардынаты | 71°49′47″ пн. ш. 82°42′58″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Карскае мора |
|
|
Краіна | |
Код у ДВР | 17010300112116100000014 |
Басейн Енісея | |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Енісе́й (эвенк. Иоанеси «вялікая рака») — рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тыва), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля горада Кызыл.
Даўжыня 3487 км (ад вытокаў Малога Енісея 4102 км). Вадазбор 2580 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 19,8 тыс. м³/сек. Упадае ў Енісейскі заліў Карскага мора.
Цячэнне Енісея падзяляецца на 3 часткі: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення ракі Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад ракі Ангара да вусця). У вярхоўі Енісей цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Енісей (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення ракі Хемчык на працягу 280 км Енісей праразае хрыбты Заходняга Саяна. Даліна тут вузкая, каньёнападобная, шырынёй да 100 метраў. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Енісея ў Мінусінскую катлавіну даліна пашыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усходняга Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна пашыраецца пасля ўпадзення ракі Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Енісей утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй горада Дудзінка цячэ па Паўночна-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыбіня больш 15 м.
Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для большай часткі Енісея характэрна веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні з канца кастрычніка да канца мая-пачатку чэрвеня; у сярэднім цячэнні — з пачатку лістапада да канца красавіка; у горнай частцы з канца лістапада-снежня да канца красавіка. Енісей — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля горада Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.
Асноўныя прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Сярод прытокаў: Вялікі Піт, Бахта.
На Енісеі знаходзяцца Саяна-Шушанская ГЭС, Майнская ГЭС і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад горада Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да горада Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга). У басейне Енісея размешчаны Саяна-Шушанскі запаведнік і Слупы. Галоўныя гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).