Перайсці да зместу

Засечная лінія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Засечная лінія», таксама «засечная паласа» і «засечная рыса» (руск. «засечная черта») — лінія межных умацаванняў у Маскоўскай дзяржаве 16—17 ст. Такія лініі будаваліся на паўднёвых межах дзяржавы («у полі») дзеля абароны ад татарскіх набегаў (гл. Крымскае ханства, гісторыя Расіі) — Тульская ў сяр. 16 ст., Белгародская ў 1630-я—1640-я гг.

Засечная паласа складалася з паасобных апорных пунктаў ― крэпасцяў[1], паміж каторымі будаваліся засекі і валы. Наперад ад лініі ўмацаванняў, дзеля назірання і папярэджання, высоўваліся «старожы» ― вартавыя пасты, часам з назіральнымі вышкамі, і «станіцы» ― конныя раз'езды-патрулі[2]. Месцы для ўмацаванняў і вартавых пунктаў прымяркоўваліся да тых шляхоў і дарог, якімі карысталіся татары. Самі дарогі і падыходы да брадоў перагароджваліся інж. умацаваннямі, а на важных іх вузлах ставіліся крэпасці.

Сталы гарнізон засечных ліній складалі паселеныя ў прымежных гарадах «служылыя людзі» і казакі. У пэўныя поры году, у якія звычайна адбываліся вялікія крымскія набегі, ў крэпасцях адмыслова збіраліся шматлікія дадатковыя войскі. Наогул, межныя гарады, называныя тады «украінскімі» ― ускраіннымі і «польскімі» ― палявымі, будаваліся і засяляліся пераважна людзьмі з іншых межных гарадоў; узаемасувязі паміж такімі гарадамі былі самымі цеснымі, што падмацоўвалася не толькі агульнымі для іх ваенна-адміністрацыйнымі распараджэннямі, але і ўсім ладам іх жыцця, падпарадкаваным патрэбам межнай («берагавой», «польнай») службы. На думку Платонава, увесь поўдзень Расіі фактычна ўяўляў тады сабою «адну добра арганізаваную ваенную акругу», а з 1571 існавала і сістэма планавых, узгодненых мераў па абароне мяжы, створаная маскоўскай нарадай знаўцаў справы пад кіраўніцтвам баяраў М. І. Варатынскага і Н. Р. Юр'ева. На працягу 16 — 17 ст. з тым, як расла сіла Расійскай дзяржавы, новыя межныя ўмацаваныя лініі будаваліся ўсё далей на поўдзень. Канчаткова патрэба ў іх адпала пасля заваявання Крыму расійскімі войскамі ў 1783.

Зноскі

  1. Пазней такія крэпасці маглі ператварацца ў гандлёва-рамесніцкія гарады, як, напрыклад, Арол, Кромы, Курск, Барысаглебск. Пд: История государства и права России / под. ред. Чибиряева.
  2. Назвы «старожа» і «станіца» ― паводле Платонава.
  • История Государства и права России: Учебник для вузов / Под ред. С. А. Чибиряева. — М., 1998. — 528 с.
  • Платонов С. Ф. Полный курс лекций по русской истории.