Мотэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэканструкцыя мотэ ў Лютэнбургу
Замак Ля-Туск (Жыронда). Рэканструкцыя Э. Віяле-ле-Дзюка.

Мо́тэ (ням.: Motte[1]), плесі або ферт (фр.: plessis, ferté)[2], або «нарма́нскі замак»[3], або «замак на пагорку» (фр.: château à motte)[4] — ранні канструкцыйны тып драўлянага замка, распаўсюджаны ў X—XI стагоддзях пераважна ў Францыі і Англіі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тып узнік і масава будаваўся ў дзяржаве Капетынгаў з X стагоддзя, найперш на паўночных землях. З сярэдзіны XI стагоддзя тып трапляе ў Англію[5], і масава будуецца там, а пазней у Уэльсе, Ірландыі і нізінах Шатландыі. З гэтага ж перыяду паходзіць англійскае слова для азначэння замку наогул — castle (castel). Словы «плесі», «ферт» ці «мот» (назва пагорку — цэнтральнай часткі такога замку) дасюль захоўваюцца ў назвах населеных пунктаў Францыі, што некалі прымыкалі да такіх замкаў.[6]

З XII стагоддзя, а месцамі і з канца XI стагоддзя, такія замкі перабудоўваюцца ў каменныя ці драўляна-каменныя (шэл-кіп).

Асновай і галоўнай тыпалагічнай адметнасцю замку такога тыпу была драўляная вежа-данжон, пераважна простакутная ў плане і пастаўленая на «моту» (фр. motte, лац. mota) — прыродны ці штучны пагорак. Падэшва пагорку абводзілася сухім ці водным ровам. Верх пагорку раўняўся ў пляцоўку (плошчай да 40—50 м²), якая абводзілася тынам (часам з баявымі пляцоўкамі-забароламі), часам валам з тынам на ім. Праход па-над ровам на верх пагорку забяспечваўся здымным мостам, які мантаваўся на апорах. Звычайная вышыня пагорку складала 9—12 м, часам да 30 м (адзін з замкаў Норфалка каля Тэтфарда)[7].

Побач з пагоркам звычайна змяшчаўся двор (англійскае «бейлі», bailey), дзе ставілі жытло для бліжэйшага акружэння феадала і для слугаў, а таксама некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Гаспадарчы двор мог забяспечвацца ўласным абводам валу ці тыну, які прымыкаў да пагорку, акружаў яго, або мясціўся побач, але асобным абводам. Двароў магло быць два; плошча замку разам з дваром дасягала 0,6—1,2 га, і рэдка бывала вялікай[8].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Азначэнне тыпу, прынятае ў нямецкай літаратуры, уведзенае Ота Піперам. Карл Шухарт прапаноўваў тэрмін ням.: Turmhügelburg «замак з вежавым пагоркам».
  2. Азначэнні паводле: Усеагульная гісторыя архітэктуры, С.101.
  3. Распаўсюджанае, але не цалкам дакладнае азначэнне тыпу ў англамоўнай літаратуры. Існавалі і іншыя тыпы нарманскіх замкаў.
  4. Азначэнне ў французскай літаратуры, уведзенае Арсісам дэ Камонам у 1830-х гг.
  5. Спачатку праз нарманаў, запрошаных Эдвардам Споведнікам для абароны графства Херыфорд ад уэльсцаў, пазней праз нарманскае заваяванне Англіі.
  6. Гісторыя…, Брытаніка.
  7. Гісторыя…, Окшат, Брытаніка.
  8. Гісторыя…, Брытаніка, Окшат.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Всеобщая история архитектуры. Т.4. — Л.-М., 1966. — 693 с. С.101—103.
  • Эварт Окшотт. Рыцарь и его замок. Средневековые крепости и осадные сооружения / Пер. с англ. А. Н. Анваера [Ewart Oakeshott. Knight and his castle.]. — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. — 206 с. ISBN 978-5-9524-2934-5. С.54—59.
  • Chisholm, Hugh, рэд. (1911). "Castle" . Encyclopædia Britannica [англійская] (11th ed.). Cambridge University Press.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]