Перайсці да зместу

Камень Міцкевіча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Камень Міцкевіча
53°17′41″ пн. ш. 26°30′10″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне в. Студзёнкі, Нясвіжскі раён, Мінская вобласць
Вышыня 85×64 см
Матэрыял граніт

«Камень Міцкевіча»валун з выбітай на польскай мове цытатай Адама Міцкевіча: «Ewa raj utraciła, Tyś go wskrzesiła. Mickiewicz» (бел.: Ева рай страціла, Ты ж яго ўваскрасіла. Міцкевіч). Знаходзіцца ў вёсцы Студзёнкі ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Памер бачнай часткі каменя — 85×64 см[1][2].

Гісторыя стварэння

[правіць | правіць зыходнік]

У першай палове XIX стагоддзя Адам Міцкевіч (1798—1855) наведаў маёнтак Студзёнкі. Ён быў у захапленні ад сядзібнага парка і пакінуў у гасцявой кнізе гаспадыні маёнтку свой запіс[3]. Найверагодней гэта магло адбыцца ў 1820 годзе[1][4], калі Міцкевіч (разам з сябрам Тамашам Занам) прыязджаў у тыя мясціны ў маёнтак Тугановічы да сваёй каханай Марылі Верашчакі, з каторай па ваколіцах яны часта рабілі конныя шпацыры[5]. З гэтага вынікае, што запіс быў зроблены хутчэй за ўсё ў гасцявой кнізе Марыі Развадоўскай (1783—1845; народжаная Вангродская)[1].

Пазней надпіс, зроблены ў гасцявой кнізе, быў выбіты на камяні. Пры гэтым майстар, які зрабіў надпіс на камені, паспрабаваў захаваць почырк паэта[2]. Камень гаспадары паставілі ў парку як памяць пра паэта, які ўпадабаў іх сядзібу[6].

Польскі гісторык касцёла, доктар гуманітарных навук Ганарат Чэслаў Гіль  (польск.) піша, што Міцкевіч наведваў Студзёнкі ў часы дзяцінства Марыі Грушэцкай[7] (1834—1900). Але храналагічна гэта не пасуе. Магчыма, доктар Гіль тут дапусціў памылку — у той час мог быць выбіты надпіс на камяні. Бо ў той час Міцкевіч жыў у Парыжы, дзе ў 1834 завяршыў напісанне паэмы «Пан Тадэвуш», у якую ў тым ліку ўвайшло і апісанне парку і сажалак у Студзёнках[1][3]. Камень гэты пэўны час стаяў у парку, за фруктовым садам, на шляху ад маёнтка да мясцовых могілак[3][6].

Адшуканне каменя

[правіць | правіць зыходнік]

1 мая 2020 года мясцовы краязнаўца Аляксандр Абрамовіч паведаміў, што яму атрымалася знайсці той камень з выбітым надпісам, як і ў альбоме гаспадыні маёнтка Студзёнкі[2]. Валун быў умураваны ў кладку склепа каля закінутай вясковай хаты. Надпіс гучаў так: «Ewa raj utraciła, Tyś go wskrzesiła. Mickiewicz». У беларускіх і польскіх СМІ валун адразу атрымаў назву «Камень Міцкевіча»[8][9][10]. Краязнаўца мяркуе, што камень мог апынуцца ў кладцы ў савецкія часы. Па ягоных словах, пасля прыходу бальшавікоў уся спадчына колішніх гаспадароў была знішчаная, сядзіба разрабаваная і разабраная. Нават мясцовыя каталіцкія могілкі былі расцягнутыя на камяні, якія пасля выкарыстоўвалі ў гаспадарцы[6].

Менш чым праз месяц стала вядома, што камень знаходзіцца пад пагрозай. Пасля асвятлення знаходкі ў СМІ гаспадыня хаты, у склепе каторай знаходзіўся валун, замазала камень глеем і заклала яго смеццем. Апроч таго, у склепе разбілі падмуроўку ля ўваходу, быццам рыхтуючыся вывезці камень. Краязнаўцу атрымалася ачысціць і адмыць валун[11].

Згадванне пра камень у крыніцах

[правіць | правіць зыходнік]

Пра камень з надпісам Адама Міцкевіча ў Студзёнках згадваў у сваіх успамінах ксёндз Ежы Каліноўскі[12] (1859—1930; зводны брат св. Рафала Каліноўскага і Віктара Каліноўскага, мужа гаспадыні Студзёнак Марыі Грушэцкай). Запісы Ежы Каліноўскага абраў і апрацаваў польскі гісторык касцёла, доктар гуманітарных навук Ганарат Чэслаў Гіль. У іх гаворыцца:

Міцкевіч, які наведваў Студзёнкі і ў альбоме гаспадыні дома напісаў гэтыя словы: «Ева рай страціла, Ты ж яго, пані, стварыла». Затым гэтыя словы былі выразаныя на камені, які некалькі гадоў быў яшчэ ў парку, за фруктовым садам, на шляху да мясцовых могілак[3].

Зноскі

  1. а б в г Грушэцкі А.Л.. Рай Адама Міцкевіча пад Нясвіжам(недаступная спасылка). Новы Час (10 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2020. Праверана 20 мая 2020.
  2. а б в Пад Нясьвіжам знайшлі камень з цытатай Адама Міцкевіча(недаступная спасылка). Радыё «Свабода» (5 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2020. Праверана 30 мая 2020.
  3. а б в г Honorat Czesław Gil. Rodzieństwo // Wychwalajcie mężów sławnych. Wspomnienie o świętym Rafale Kalinowskim. — Kraków: Wydawnictwo Karmelitów Bosych, 2014. — С. 22. — 248 с. — ISBN 978-83-7604-012-7.
  4. Кіркевіч А.. «Згублены рай» Міцкевіча ў невялічкай вёсцы на Беларусі. Белсат (18 мая 2020). Праверана 18 мая 2020.
  5. Tomasz Krzywicki. Adam poznaje Marylę // Szlakiem Adama Mickiewicza po Nowogródczyźnie, Wilnie i Kownie. — Rewasz. — Pruszków, 2006. — S.164—165
  6. а б в Кіркевіч А.. «Згублены рай» Міцкевіча ў невялічкай вёсцы на Беларусі(недаступная спасылка). Белсат (18 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2020. Праверана 30 мая 2020.
  7. O. Honorat Czesław Święty Rafał Kalinowski – patriota(польск.) // Wadoviana. Przeglad historyczno-kulturalny : часопіс. — 1998. — № 2. — С. 66. — ISSN 1505-0181.
  8. Целяшук В.. Пад Нясвiжам знойдзены камень Адама Мiцкевiча?(недаступная спасылка). Звязда (30 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2020. Праверана 19 мая 2020.
  9. Под Несвижем найден легендарный камень Адама Мицкевича (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (5 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2020. Праверана 30 мая 2020.
  10. "Kamień Mickiewicza". Niesamowite odkrycie na Białorusi(нявызн.). Wirtualna Polska (5 мая 2020). Праверана 30 мая 2020.
  11. Грушэцкі А.Л.. Камень Міцкевіча пад пагрозай(недаступная спасылка). Новы Час (27 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2020. Праверана 30 мая 2020.
  12. APKB (Archiwum Prowincji Karmelitów Bosych w Czerniej), AP 111, [Jerzy Kalinowski], Notes, s. 24-26.