Касрае (востраў)
Касрае | |
---|---|
англ. Kosrae | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 109,6 км² |
Найвышэйшы пункт | 634 м |
Насельніцтва | 6 616 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 60,36 чал./км² |
Размяшчэнне | |
5°19′ пн. ш. 162°59′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Каралінскія астравы |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Рэгіён | штат Касрае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касрае (англ.: Kosrae) або Кусаіе (англ.: Kusaie) — востраў у складзе Каралінскіх астравоў. Асноўная частка аднайменнага штата Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Плошча — 109,6 км². Насельніцтва (2010 г.) — 6616 чал.
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Касрае знаходзіцца на ўсходзе Каралінскага архіпелага ў 555 км на паўднёвы ўсход ад Палікіра, сталіцы Федэратыўных Штатаў Мікранезіі, у 2191 км ад Гуама, у 12249 км ад Мінска. Даўжыня з захаду на ўсход — 15 км. Найбольшая шырыня з поўначы на поўдзень — 12,26 км.
Востраў мае вулканічнае паходжанне, з’яўляецца вяршыняй падводнага шчытавога вулкана. 70 % яго плошчы займаюць горы. Найвышэйшы пункт — гара Фінкал (634 м). 15 % плошчы — раўнінныя землі. Астатнія 15 % — нізінныя мангравыя балоты. На Касрае шмат рэк і ручаёў. Каля Касрае шмат больш дробных астраўкоў і водмеляў, у тым ліку востраў Лелу. На паўночным захадзе каля берага на працяглых каралавых водмелях быў пабудаваны аэрапорт.
Клімат экватарыяльны вільготны. На працягу года сярэдняя дзённая тэмпература знаходзіцца на ўзроўні каля +27° C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 5000 мм.
97 % тэрыторыі вострава пакрыта першароднымі лясамі або штучнымі насаджэннямі хлебнага дрэва, бананаў, какосаў і іншых раслін. Многія віды дзікай флоры — эндэмікі. Добрую захаванасць расліннага покрыва Касрае спецыялісты тлумачаць культурнымі асаблівасцямі мясцовага насельніцтва. З аднаго боку, яны залежаць ад лясных рэсурсаў, выкарыстоўваюць іх для атрымання ежы і прадметаў паўсядзённага попыту. З іншага боку, астравіцяне добра ведаюць межы ашчаднай эксплуатацыі лясоў. Наземная фаўна даволі бедная, прадстаўлена птушкамі, казуркамі, земнаводнымі, яшчаркамі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Касрае быў населены ў першай палове 1 тысячагоддзя н. э. Мяркуецца, што існавала некалькі хваль мігрантаў з тэрыторыі сучаснай Меланезіі. Першую прадстаўлялі протапалінезійцы, іншыя хвалі — меланезійцы. У выніку іх змяшэння ўтварыўся адзіны народ касрае, блізкі па мове да іншых усходніх мікранезійцаў.
У першай палове 2 тысячагоддзя да н. э. на Касрае існавала развітая неалітычная культура, цэнтрам якой быў добра ўмацаваны горад на востраве Лелу, пабудаваны прыкладна ў сярэдзіне XIII ст. Ён займаў плошчу каля 27 га. У іншых частках Касрае археолагамі таксама знойдзены шматлікія сведчанні культурнага і палітычнага ўздыму гэтага перыяду. Згодна з паданнямі жыхароў Панпеі, у сярэдзіне XIV ст. воіны з Касрае ўрываліся на іх востраў. Мяркуецца, што ўплыў касрае на астатніх мікранезійцаў мог быць нават шырэйшым.
У 1529 г. востраў Касрае быў упершыню заўважаны іспанскімі мараплаўцамі. У 1668 г. Іспанія фармальна абвясціла яго часткай сваіх каланіяльных тэрыторый, аднак ніякіх захадаў да сапраўднай каланізацыі не рабіла. Сталыя кантакты астравіцян з еўрапейцамі пачаліся толькі ў XIX ст. У 1824 г. на Касрае на 10 дзён спынілася французская экспедыцыя, якая сустрэла тут адносна развітае грамадства, дзе меўся інстытут спадчынных правадыроў, высакародных і простых абшчыннікаў. У 1852 г. сюды прыбылі амерыканскія місіянеры-пратэстанты. Яны адчынілі першыя школы, дзе вялося навучанне на мясцовай мове. Аднак вынікі кантактаў з еўрапейцамі былі катастрафічнымі, паколькі з-за распаўсюджання невядомых дагэтуль хвароб, алкаголю і агнястрэльнай зброі пачалося хуткае скарачэнне насельніцтва. Мяркуецца, што ў 1824 г. яно налічвала некалькі тысяч чалавек, але ў 1859 г. засталося толькі 748. На Касрае часцяком спыняліся еўрапейскія гандляры і кітабоі, якія прынялі актыўны ўдзел ва ўзнаўленні папуляцыі мясцовых жыхароў, што адлюстравалася ў генетыцы сучасных касрае[1].
З 1835 г. уладу на востраве захоплівалі асобныя правадыры, якія звычайна ўспрымаліся еўрапейцамі як манархі. Першы вярхоўны правадыр Аване Сру II пазбавіўся сваёй улады ў 1837 г. з-за таго, што не меў падтрымкі еўрапейцаў. Да 1880-х гг. найбольш уплывовай сілай на Касрае сталі місіянеры, якія ператварылі вярхоўных правадыроў у сваіх марыянетак. З 1877 г. Касрае актыўна наведвалі нямецкія гандляры. Яны займаліся скупкай копры. У 1885 г. востраў быў абвешчаны каланіяльнай тэрыторыяй Германіі, але афіцыйна перайшоў пад яе юрысдыкцыю толькі ў 1898 г. па дагавору з Іспаніяй. На Касрае была адчынена сталая гандлёвая станцыя, былі распаўсюджаны грашовыя адносіны, аднак нямецкае адміністраванне ніяк не закранала ўсеўладдзе місіянераў і традыцыйныя формы кіравання.
У 1914 г. Касрае быў захоплены японцамі. Пасля заканчэння I сусветнай вайны Японія афіцыйна атрымала ад Лігі Нацый права на кантроль вострава. У адрозненне ад іншых частак Мікранезіі, тут ён не прывёў да значных пераўтварэнняў. У 1935 г. на востраве налічвалася ўсяго 25 японцаў, у 1937 г. — 50. На Касрае імі былі створаны плантацыі тытуню. Аднак у гады II сусветнай вайны востраў быў падначалены ваеннаму кіраўніцтву, на ім быў размешчаны гарнізон з 3811 японскіх салдат.
Пасля капітуляцыі Японіі ў 1945 г. Касрае трапіў пад кантроль ЗША. У 1986 г. з утварэннем Федэратыўных Штатаў Мікранезіі Касрае набыў статус асобнага штата.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Касрае разам з прылеглымі невялікімі астраўкамі складае адзіны штат Касрае, які ўваходзіць у склад Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Штат падзелены на 5 муніцыпальных акруг, якія маюць унутранае самакіраванне. Галоўны адміністрацыйны цэнтр — паселішча Тафол на захадзе вострава.
Касрае мае Канстытуцыю, згодна з якой кіруецца легіслатурай (заканадаўчым сходам) з 14 выбраных насельніцтвам акруг сенатараў. Легіслатура складаецца з камітэтаў, якія адказваюць за судовую сістэму і дзяржаўнае кіраўніцтва, шляхі зносінаў, рэсурсы і развіццё, адукацыю і культуру, ахову здароўя і сацыяльную абарону, транспарт і камунікацыі.
Афіцыйныя мовы — касрае і англійская.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У нашы дні большасць астравіцян займаецца сельскай гаспадаркай, якая, аднак, накіравана толькі на ўнутранае забеспячэнне. Большасць працаздольнага насельніцтва занята ў адміністрацыі штата і асобных акругоў. Турызм пакуль не адыгрывае такой значнай ролі, як на Панпеі, але колькасць наведвальнікаў стала расце. На ўсходзе Касрае для турыстаў пабудавана экалагічнае паселішча.
Афіцыйная валюта — долар ЗША.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Kosrae State Legislature Архівавана 13 верасня 2014.
- kosrae.com
- kosraevillage.com
- manoa.hawaii.edu Архівавана 4 сакавіка 2015.
- History of Kosrae Архівавана 9 лютага 2012.
- Felicia Beardsley, Stone figures from the Finol Tokosra site, Kosrae, eastern Micronesia