Касцёл і калегіум езуітаў (Юравічы)
Славутасць | |
Касцёл і калегіум езуітаў | |
---|---|
| |
51°56′31″ пн. ш. 29°31′58″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Юравічы |
Канфесія | БПЦ |
Епархія | Тураўская епархія |
Ордэнская прыналежнасць |
езуіты бернардзінцы |
Архітэктурны стыль | позняе барока |
Дата заснавання | 1726 |
Будаўніцтва | 1726—1746 гады |
Рэліквіі і святыні | Абраз Маці Божай Юравіцкай |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000407 |
Стан | рэстаўруецца як праваслаўны манастыр |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл і калегіум езуітаў — сакральны комплекс у в. Юравічы (Калінкавіцкі раён). Размешчаны ў цэнтры вёскі, на беразе Прыпяці. Касцёл захаваўся часткова, не дзейнічае. Помнік архітэктуры позняга барока.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У другой палове XVII ст. у Юравічах з'явіліся езуіты, з іх дзейнасцю звязваюць з'яўленне цудоўнага абраза Маці Божай і ўзвядзенне сакральнага комплексу. 8 верасня 1673 года асвечана капліца, куды ўрачыста ўнеслі цудоўны абраз.
Комплекс пабудаваны ў 1726—1746 гадах на месцы драўлянага кляштара, узведзенага ў другой палове XVII ст. У 1756 годзе адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 годзе ў калегіум. У 1820 годзе, пасля ліквідацыі ордэна езуітаў, кляштар перададзены мазырскім бернардзінцам.
Пасля задушэння паўстання 1830-1831 гадоў расійскія ўлады зачынілі Юравіцкі кляштар, аднак у 1841 годзе[1] будынкі вярнулі каталікам.
Пасля паўстання 1863—1864 гадоў, у лістападзе 1864 года, зноў закрыты і ў 1865 годзе перабудаваны паводле праваслаўных канонаў: захоўвалася форма купалаў франтальных веж, над дахам прапаноўвалася ўзняць дзевяць макавак і купал над алтарнай часткай, змяняўся абрыс аконных праёмаў. Работы ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам губернскага архітэктара Сяргея Іванова, аўтара першага праекта. Унутры касцёла галоўны алтар быў закрыты іканастасам, восем бакавых алтароў выратаваў ад разбурэння мясцовы архірэй[2].
У 1958 годзе па загадзе мясцовага старшыні калгаса храм пачалі разбіраць на цэглу.
З 1990-х гадоў — дзеючы праваслаўны жаночы манастыр у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. З 2006 года — дзеючы праваслаўны мужчынскі манастыр[3]. Станам на 2024 год вядзецца аднаўленне комплексу Беларускім экзархатам Маскоўскага патрыярхату.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Комплекс уключае касцёл і корпус калегіума, аб'яднаныя ў адзіную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Размешчаныя на высокім узгорку, за высокай мураванай агароджай з уязной брамай (захаваліся паўднёвая і заходняя сцены), абкружаны пладовым садам. Па вуглах агароджы і абапал брамы круглыя ў плане вежы з байніцамі.
Касцёл
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл уяўляе сабой трохнефную мураваную базіліку з выцягнутай паўкруглай алтарнай апсідай і дзвюхвежавым галоўным фасадам, які падзелены на тры ярусы развітымі антаблементамі, расчлянёны вязкамі пілястраў, крапаваны франтонамі. Разнастайныя нішы і вокны аздобленыя складанымі профілямі і лепкай. Бакавыя сцены расчлянёныя спаранымі лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Абапал алтара — двухпавярховыя сакрысціі. Да паўночнай сакрысціі прылягае дзвюхсветлавы калідор, які вядзе ў будынак калегіума. Пад касцёлам размешчанаяя крыпта.
Калегіум
[правіць | правіць зыходнік]Корпус калегіума — двухпавярховы П-падобны ў плане будынак. Яго сіметрычная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя падкрэсленая дзвюма трох'яруснымі вежамі на вуглах дваровага фасада. Сцены рытмічна расчлянёныя пілястрамі, аконныя праёмы маюць фігурныя абрамленні. Планіроўка галерэйная з вялікай залай у цэнтры. Перакрыцці абодвух паверхаў скляпеністыя.
Зноскі
- ↑ Аляксандр Ярашэвіч. Пакуты Юравіцкага касцёла // «Наша Вера» № 2 (24), 2003.
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ Касцёл і калегіум езуітаў (Юравічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 160.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл і калегіум езуітаў (Юравічы)
- Касцёл і калегіум езуітаў (Юравічы) на сайце Radzima.org
- Касцёл і калегіум езуітаў (Юравічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Храмы паводле алфавіта
- З’явіліся ў 1746 годзе
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Юравічы (Калінкавіцкі раён)
- Езуіцкія калегіумы
- Езуіцкія кляштары Беларусі
- Бернардзінскія кляштары Беларусі
- Колішнія касцёлы Гомельскай вобласці
- Колішнія кляштары Беларусі
- Праваслаўныя храмы Калінкавіцкага раёна
- Праваслаўныя манастыры Беларусі
- Збудаванні Беларусі ў стылі барока
- 1746 год у Беларусі
- Храмы Тураўскай і Мазырскай епархіі