Перайсці да зместу

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ула)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
55°13′59″ пн. ш. 29°14′26″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне Ула
Канфесія Каталіцкая Царква
Епархія Віцебская дыяцэзія
Будаўніцтва 18531864 гады
Дата скасавання 1882
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — рымска-каталіцкі храм у пасёлку Ула Полацкага ваяводства.

Улянскія землі належалі Быстрыцкім, потым Лукомскім, Прысецкім, Меншыкавым, Патоцкім, а потым былі прададзеныя Рэўтам і ў іх руках заставаліся да нядаўняга часу.

На руінах знішчанага замк Яўстафій Лукомскі, каралеўскі сакратар, і Браніслаў Прысецкі, войт вількамірскі, збудавалі ў 1669 годзе драўляную святыню пад тытулам Святога Духа і аддалі айцам дамініканам, а на ўтрыманне айцоў вылучылі невялікі маёнтак. На жаль, у 1782 годзе адзін са спадкаемцаў фундатара Прысецкага адабраў яго ў дамініканцаў, і тыя мусілі пакінуць Улу. Імаверна, гэта быў не самастойны кляштар, а толькі рэзідэнцыя дамініканцаў з Чашнікаў. У 1800 годзе чарговы ўдальнік Улы Ігнацій Рэўт, маршалак шляхты Лепельскага павета, аднавіў зямельнае дараванне касцёлу, а архібіскуп магілёўскі Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч зацвердзіў Ульскі касцёл як парафіяльны. Апрача ксяндзоў-дамініканцаў, ва Уле на могілках у капліцы служылі капеланы дыяцэзыяльныя.

Шмат цікавай інфармацыі пра абслугоўванне парафіі падаюць Ульскія метрычныя кніжкі. Так, напрыклад, з іх можна даведацца, што статус пробашчаў мясцовыя ксяндзы атрымалі толькі ў 1812 годзе, што былі часы, калі Ула мела ажно трох вікарыяў, што доўгі час пры дыяцэзыяльных ксяндзах вікарнымі былі ксяндзы бернардзіны. Цікавая метрычная кніжка з надпісам: «Кніга метрык хросных касцёлу парафіяльнага Ульскага, паводле інструкцыяў, дадзеных візытатарам у 1828 годзе ў часе візыты генеральнай, а 1829 года месяца красавіка, з разнастайных аркушоў і шпаргалак сабраная». З тых кніжак вядома, што пробашчамі Ульскімі былі: у 1825 годзе ксёндз Альхімовіч, у 1834 годзе ксёндз дэкан Галецкі, ксёндз Сульжынскі, бернардзін вікарны. Ад 1848 года ксяндзы вікарныя дыяцэзыяльныя. Ксёндз Рачкоўскі, ксёндз Аношка, у 1856 годзе ксёндз Якусевіч (вікарны ксёндз Мотуз), у 1864 годзе ксёндз Мотуз, у 1878 годзе ксёндз Батановіч, у 1901 годзе ксёндз Зэльба, ксёндз Була, ксёндз Юхно, ксёндз Канапацкі, ксёндз Мяжвінскі, у 1907 годзе ксёндз Мацкевіч, ксёндз Казлоўскі, ксёндз Тэадор Кулікоўскі.

З 1853 па 1864 год ксяндзы Янусевіч і Мотуз рупіліся пра будаўніцтва цяперашняй святыні. І ўдалося гэта праз неверагодныя высілкі ксяндза Матуза. Незвычайны гэта быў чалавек. Просты, можа троху сярмяжны, жыў толькі дзеля сваёй ідэі. Касцёл, парафія былі адзінай мэтай жыцця — пакладаў на гэта ўсе працы і малітвы. Разумеў ён людзей, разумелі і любілі яго парафіяне. Як бацька, караў непаслухмяных, выскачак, дбаў пра прыгожае набажэнства, сам вучыў людзей чытаць, цэлымі гадзінамі праседжваў у касцёле на ўслонах, навучаючы людзей спяваць. І плён яго працы застаўся багаты — сёння ўся парафія ўмее чытаць і спявае найлепей у ваколіцы.

Апсіда касцёла Найсвяцейшай Тройцы

Цяжка не затрымацца над асобай аднаго з ульскіх пробашчаў, які хаця і нядоўга быў ва Уле, прыгожую па сабе пакінуў памяць. Быў гэта ксёндз Мяжвінскі. Не раз называлі яго вар’ятам, хворым, але меў ён толькі адну хваробу, такую рэдкую ў нашым часе, што любіў касцёл і народ больш за самога сябе, свае выгоды. Тым толькі можна патлумачыць шалёную прывязанасць народу, якую здабываў сабе ўсюды. Ужо прайшло часу, як ксёндз Мяжвінскі выехаў з Улы, змушаны да гэтага акалічнасцямі, якія не залежалі ад касцёльных уладаў, а народ яшчэ і сёння памятае дзейнасць гэтага Божага апостала. Найвялікшы плён прынесла яго энергічнае змаганне з п’янствам, якое зменшылася сярод людзей. Добра ведаючы беларускую мову, прамаўляў ён да сэрцаў людзей, і быў заўсёды пачуты. Шмат зрабіў пасля яго ксёндз Мацкевіч, але і яго, на жаль, хутка прыбралі. Сталае перасоўванне ксяндзоў фатальна адбівалася на стане парафіі.

Вельмі прыемная ўльская парафія, заселеная пераважна каталіцкім людам, але мае пэўныя цяжкасці ў абслугоўванні. Вельмі невыгодны геаграфічны стан парафіяльнага касцёла. Знаходзіцца на паўвыспе, адрэзаны рэкамі ад усёй парафіі, што прынамсі два разы на год ускладняе даезд людзям да касцёлу, а пробашчу выезд да парафіянаў. Знаходжанне ад даўніх часоў ксяндзоў у капліцы за ракою, каля самай Улы, неяк лагодзіла гэтую цяжкасць. Аднак не раз бывала, што на рацэ лёд, а пробашч, пакліканы да хворага ў малым чоўне, прывязаным да вяроўкі, пераплывае Дзвіну, заглядаючы ў вочы смерці, якая ў кожную хвіліну можа надыйсці.

Раней на тэрыторыі парафіі было некалькі ўніяцкіх цэркваў, а нават пару з іх пабудавалі айцы дамініканцы. Гэтак, ва Усвеі царкву пабудаваў ксёндз-дамініканін Дамброўскі. Была таксама ўніяцкая царква ў Марцінаве ад 1796 да 1839 года. Старая драўляная капліца ёсць за Дзвіной на могілках, дзе, як казалі, жылі капеланы. Ёсць капліцы ў Нізгалаве, Паўазер’і, Обалі, Ляхаве. Недалёка ад Нізгалава знаходзіцца Сокарава. Каля ўязной брамы стаіць ладны каменны крыж, як помнік памятнай бітвы. Тут над возерам Паўазёр’е ва ўрочышчы Ласіная Гара пацярпеў вялікую паразу Хаванскі.

Ёсць капліца ў Ляхаве, зусім не выбітная, але мае скарб, вартасць якога большая за ўсе скарбы зямныя — цудоўны абраз Маці Божай. Цікавая гісторыя гэтага абраза. Землі Ляхава і капліца і цвінтар належалі здаўна аселай тут сям’і Дварэцкіх-Багдановічаў. Адзін з Багдановічаў — Юзаф, у 1862 годзе меў у Шатроўскім старостве маёнтак Новікі. Там была ўніяцкая царква, прызначаная на закрыццё, апошні пробашч айцец Лапа ў 1839 годзе мусіў царкву пакінуць і аддаць праваслаўнаму духавенству. У той час Юзаф Багдановіч цяжка хварэў, а лекары акрэслілі яго стан як безнадзейны. З гарачай верай прасіў хворы, каб прывезьлі да яго цудоўны абраз з Шатроўскай капліцы, што і зрабілі. І як толькі паднеслі абраз да ложка, хворы ачуняў у тую ж хвіліну. Пабожны паабяцаў Богу, што пабудуе капліцу да цудоўнага абразу. Тым часам у Новіках царкву забралі, а мясцовы «архірэй» аддаў цудоўны абраз сям’і Багдановічаў. На абразе надпіс: «За аздараўленне і апеку Найсвяцейшай Маткі Боскай, з пачуццём удзячнасці на пабудаваным у яе гонар алтары складае 1862 года сакавіка 19 дня Юзаф Багдановіч».

У пачатку XX стагоддзя Ула была невялікім мястэчкам у Віцебскай губерні ў Лепельскім павеце, заселеным пераважна яўрэямі, не мела гандлёва-прамысловага значэння, не дапамагала ў гэтай сітуацыі нават добрая камунікацыя па Дзвіне і Рыга-Арлоўскай чыгунцы. Ула мела да 2.000 жыхароў. Людзі пераважна займаліся земляробствам, часткова сплавам лесу, часткова выходзілі ў заробкі. Гандаль суцэльна знаходзіўся ў руках яўрэяў. Падчас прабашчоўства ксяндза Мацкевіча паўстала кааператыўная крама, але хутка збанкрутавала.

Ульская парафія мела 4.860 вернікаў, была адной з найвялікшых сярод іншых, а што яшчэ выгодней для пробашча — менш разьлеглая. Найдалейшая мясцовасць знаходзіцца ад касцёлу за 25 вёрст. Апроч некалькіх двароў і невялікай колькасці шляхты, парафію складаюць вяскоўцы. Ёсць шмат вёсак чыста каталіцкіх, асабліва паблізу ад касцёлу. Тлумачыцца гэта часткова тым, што прадчуваючы надыходзячы пераслед, шмат уніятаў перайшло на лацінскі абрад.

У парафіі Ула было чатыры двары, некалькі фальваркаў і 45 вёсак. Люд быў выключна пабожны. Вельмі любілі спяваць у касцёле. Дзіўныя ўражанні выклікаў касцёл у святочныя дні. Багабойны беларус з ахвотаю наведваў святыню. У шэрых сярмягах жанчыны, з хусткамі на галовах, летам найчасцей у лапцях, перапаўнялі касцёл. Поўна было іх у свята ад самага ранку, дзе манатонным спевам праслаўлялі Пана над Панамі. А колькі ў тым спеве надзеі і смутку, што здаецца, уся людская душа ў ім адбіваецца! Мелі ўльскія парафіяне і свае заганы, пра якія цяжка прамаўчаць. Асабліва быў распаўсюджаны крадзеж прыватнага лесу, прытым большасць вяскоўцаў уяўлялі гэту з’яву за дазволеную. «Лес Божы» — прыжылася прымаўка ў людзей. Яшчэ больш распаўсюджанай заганай былі забабоны: загаворы, знахарства, настолькі гэта з’ява была звыклая, што ніхто гэтага не хаваў, а наадварот, уважалі за з’яву звыклую і дазволеную.

Ульскі касцёл мураваны, з дзвюма нізкімі вежамі. У касцёле ўсё дыхала традыцыяй. Бачым алтары з вельмі старажытнымі абразамі, як напрыклад, абраз Маці Божай у срэбных шатах. Злева вельмі стары абраз святога Антонія. Раней тут выстаўлялася на Вялікі тыдзень труна Ісуса Хрыста. Пры дапамозе спецыяльнага механізму статуя Панскага Змёртвыхпаўстання з манстранцыяй і Гостыяй падымалася досыць высока над труной. Касцёл патрабаваў абнаўлення, якое і пачалося ўвесну 1914 года. Парафіяне абклаліся добраахвотным падаткам і ў валасной управе зрабілі пра гэта юрыдычную ўхвалу. Пробашч ксёндз Тэадор Кулікоўскі энергічна заняўся рэстаўрацыяй святыні.

  • Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі. — Лепель: Выдавецкая ініцыятыва LEPLE, 2004.