Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Заслаўе)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
54°00′11″ пн. ш. 27°17′30″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Заслаўе |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Дэканат | Мінск-Захад |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснавання | 1627 |
Будаўніцтва | 1774—1779 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000328 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Заслаўскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік познебарочнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1627 годзе збудаваны першы драўляны храм пры Мікалаю Глябовічу.
У 1755 годзе пачата будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла імя Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі па фундацыі тагачаснага ўладальніка Заслаўя падканцлера ВКЛ Антонія Пшаздзецкага. Цэглу дастаўлялі для будаўніцтва касцёла на падводах з Мінска, са збудаванага там Пшаздзецкім цагельнага завода. Пры жыцці графу Пшаздзецкаму не ўдалося завяршыць будаўніцтва касцёла. Прычынай магла быць як неабходнасць пражываць пераважна па-за Заслаўем, так і надзвычай актыўная дзейнасць магната.
У сваім завяшчанні граф запісаў:
Калі ж мой Бог не паспрыяе мне ў справе завяршэння будаўніцтва касцёла Заслаўскага пры жыцці маім, то абавязваю гаспод апекуноў сына майго малодшага і выканаўцаў волі маёй паводле тэстамента, каб абавязкова, і як мага хутчэй, завяршылі гэтую справу, збіраючы даходы з маёнткаў Заслаўя; дзеля завяршэння будаўніцтва касцёла. Сын мой Міхал павінен выдаткаваць апекунам майго малодшага сына 10.000 злотых польскіх. З іх 23 красавіка бягучага года 5.000 злотых польскіх, і ў будучым 1773 г. таго ж дня і месяца яшчэ 5.000 злотых. Гэтыя сродкі павінны прызначацца, галоўным чынам, на аздабленне інтэр’ера касцёла[1].
Па смерці Антонія Пшаздзецкага, паколькі малодшы яго сын Дамінік быў яшчэ малалетнім, галоўная адказнасць за дабудову касцёла лягла на старэйшага брата Міхала, што ажаніўся з Марыяй з Мастоўскіх. Для аздаблення інтэр’еру касцёла ён запрасіў вядомых майстроў. Ляпніну і скульптурныя кампазіцыі выканаў Караль Ельскі, які пачынаў як лепшчык у 1778—1782 гадах разам з архітэктарам Карла Спампані. Жывапісныя творы для касцёла належалі пэндзлю Антонія Смуглевіча, вучня Я. Плерша, які быў вядомым тэатральным дэкаратарам і ўваходзіў у Варшаўскае тэатральнае таварыства пад кіраўніцтвам В. Багуслаўскага. Кіраваў работамі па аздабленню касцёла італьянскі архітэктар Карла Спампані[1].
8 верасня 1779 года новазбудаваны касцёл быў асвечаны.
Як вынікае з рапарта плябана епіскапу Менскаму і Валынскаму за 1797 год, у школе пры касцёле дзяцей вучылі чытаць на рускай і польскай мовах, а таксама латыні і ігры на клавікордах.
1848: адрамантаваны інтэр’ер і фасад касцёла.
1851: побач з касцёлам была збудавана драўляная званіца.
1863: з пачаткам паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў зачынены царскімі ўладамі.
1868: касцёл пераасвечаны пад праваслаўную царкву Ражства Багародзіцы.
1874—1878: інтэр’ер і фасад храма былі перароблены згодна з праектам губернскага архітэктара С. Іванова, на што з казны было выдаткавана 7 тыс. рублёў.
1926: пастановай СНК БССР узяты пад дзяржаўную ахову і набыў статус помніка архітэктуры.
Да 1941 дзейнічаў.
1941—1944: быў значна пашкоджаны.
1987—1998: рэстаўрыраваны і перададзены каталікам.
2007—2008: адноўлены інтэр’ер касцёла.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Аўтарам завяршэння касцёла быў Карла Спампані, які працаваў у Заслаўі і, у прыватнасці, узвеў для Пшаздзецкага палац.
Познебарочны храм вырашаны ў форме аднанефнага збудавання з паўкруглай апсідай і двума сакрыстыямі. У выніку перабудовы пад царкву хвалепадобны барочны шчыт быў заменены на невысокую вежу званіцу, а над асноўным аб’ёмам быў узведзены вялікі сферычны купал. Вельмі цікавае вонкавае вырашэнне касцёла: галоўны і бакавыя фасады падзелены гарызантальным поясам на два паверхі. Сцены храма дасягаюць таўшчыні 2 метраў, таму ўнутраны аб’ём вельмі невялікі.
Пад храмам размяшчаюцца скляпы, у якіх у 1860—1870 гадах была створана царква-крыпта.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Заслаўскі Фарны касцёл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 547. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Заслаўя. Мн., 2000.
- Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001. ISBN 985-11-0199-0.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. С. 262—263.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Заслаўе)
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Заслаўе) на сайце Radzima.org
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Заслаўе) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Заслаўе) на сайце Catholic.by (бел.)
- Шмат фотаздымкаў касцёла да рэстаўрацыі(недаступная спасылка)