Касцёл Святога Іуды Тадэвуша (Прывалкі)
Славутасць | |
Касцёл Святога Іуды Тадэвуша | |
---|---|
53°56′46″ пн. ш. 23°55′21″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Дэканат | Дэканат Гродна-Усход |
Будаўніцтва | 1918—1919 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Іуды Тадэвуша — рымска-каталіцкі храм у в. Прывалка (Гродзенскі раён). Помнік архтэктуры.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ужо на пачатку XVII ст. мясцовая каталіцкая святыня, хутчэй за ўсё капліца, адзначалася як старажытная і «невядома кім і калі фундаваная». Касцёл жа на яе месцы быў пабудаваны па фундацыі караля Жыгімонта III Вазы ў 1609 годзе і асвечаны пад тытулам св. Юды Тадэвуша. Спачатку святыня атрымала статус філіі, але па просьбе віленскага біскупа Бенедыкта Войны кароль залічыў касцёл да парафіяльных.
У 1777 годзе князь Францішак Ксаверый Агінскі, уладальнік Прывалкі, аднавіў стары драўляны касцёл. Трохі пазней, у выніку страты сродкаў для існавання, парафія была ператворана ў самастойную капеланію, якую абслугоўвалі святары з закону кармелітаў з Вільні.
Касцёл уяўляў сабой прамавугольны ў плане вертыкальна ашаляваны аб’ём з трохграннай алтарнай часткай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Трохвугольны франтон галоўнага фасада фланкавалі дзве чацверыковыя вежы-званіцы. Святыню накрываў высокі двухсхільны гонтавы дах з вальмамі над алтаром. Касцёльны ўчастак быў абнесены бярвянай агароджай.
У 1866 за ўдзел у паўстанні 1863 года парафія была ліквідавана. У гонар ахвяр на Святой гары быў усталяваны высокі крыж (не захаваўся). У 1869 касцёл разам з парафіяльнымі будынкамі і зямлёю быў перададзены ва ўладанне праваслаўнай царкве ў Друскеніках. Католікі з Прывалкі былі далучаны да Гожскай парафіі. Доўгі час касцёл стаяў зачынены, ператвараючыся ў руіны, і толькі ў 1913 ён быў перароблены ў царкву. Адзінае набажэнства адбывалася ў прысутнасці двух прыехаўшых на асвячэнне храма святароў, а ў 1915 (падчас Першай сусветнай вайны) старажытная святыня згарэла. У хуткім часе праваслаўныя ўлады адбудавалі царкву.
У 1918-19 гадах мясцовыя католікі пабудавалі новы драўляны касцёл у неагатычным стылі і 16 ліпеня 1920 года святыня была асвечана ксяндзом Францішкам Бернатам пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі Кармельскай (Шкаплернай) і свв. Сымона і Тадэвуша. Будынак яшчэ патрабаваў заканчэння і аздаблення. Пазней на сценах былі намаляваны выявы чатырох Апосталаў, упрыгожаны галоўны і бакавыя алтары. Колькасць вернікаў у Прывалкаўскай парафіі перад Другой сусветнай вайной складала амаль 1400 чалавек.
Апошні пробашч касцёла кс. Антоні прыбыў у Прывалку 15 мая 1937; у гады Другой сусветнай вайны быў арыштаваны немцамі, яго далейшы лёс невядомы. З гэтага часу ў парафіі не было сталага пастыра, а ў 1962 савецкія ўлады зачынілі касцёл. Пры савецкай уладзе касцёл быў занядбаны, на святыню падчас буры ўпала дрэва, што значна пашкодзіла інтэр’ер. Будынак плябаніі, які знаходзіцца насупраць увахода ў касцёл, быў забраны пад школу ды так і дзейнічае дагэтуль.
У 1990 годзе касцёл быў вернуты парафіянам, якія яго адрэстаўрыравалі. 29 кастрычніка 1994 года, на свята заступніка касцёла, святыню асвяцілі пад тытулам св. Юды Тадэвуша. У бутавы падмурак апсіды святыні быў пакладзены млынарны жэрнаў, а пры ўваходзе ўсталяваны два якары.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі, над якімі зроблены ложы фундатараў (знешне гэтыя аб’ёмы ўтвараюць падабенства трансепта). Трохвугольны франтон галоўнага фасада фланкаваны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі-званіцамі. На званіцы два званы: стары з датай «1870» і новы, 1996 года. Касцёл накрыты двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай.
Залавы інтэр’ер перакрыты падшыўной дашчанай столлю, плоскай уздоўж бакавых сцен і паўцыліндрычнай у цэнтры. Усе тры неабарочныя алтары аптычна намаляваны на сценах. У першым ярусе галоўнага алтара намалявана Маці Божая з Дзіцяткам Езус, у другім — трыфорый з выявамі св. Аўгусціна, св. Францішка і св. Казіміра, на конхавым скляпенні апсіды намаляваны сюжэт Перамянення Пана. Вокны прэсбітэрыя атачаюць выявы свв. Яна Хрысціцеля і Сымона (злева), а таксама свв. Тадэвуша і Марка Евангеліста. Над вокнамі надпіс «Pod Twoją obronę ucekamy się». Бакавыя алтары двух’ярусныя: левы прысвечаны св. Юзафу (наверсе абраз св. Антонія), правы — Укрыжаванню, наверсе абраз св. Ганны. Над нартэксам зроблены балкон арганных хораў, які абапіраецца на дзве калоны.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл Святога Іуды Тадэвуша (Прывалкі) на Вікісховішчы |