Касцёл Святога Юрыя (Новая Руда)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Маці Божай Добрай Рады
53°49′12″ пн. ш. 24°15′05″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Новая Руда
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Гродна-Усход
Map

Касцёл Маці Божай Добрай Рады — драўляны каталіцкі храм у вёсцы Новая Руда Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Капліца ў Новай Рудзе ад Азёрскай парафіі дзейнічала ў сярэдзіне ХIХ ст., але была зачынена на хвалі рэпрэсій пасля паўстання 1863—1864 гг. Мясцовы касцёл пад тытулам св. Юрыя Мучаніка быў узведзены з дрэва ў 1914 г. Тады гэта была невялікая святыня ў неагатычным стылі, прамавугольная ў плане, безапсідная, з невялікай вежай-званіцай над уваходам (выгляд святыні вядомы з малюнка 1930 г., які захоўваецца ў касцёле; мастак — А. Левандоўскі). У тым жа годзе ў Новай Рудзе была заснавана самастойная парафія.

У 1930-я гг. было вырашана будаваць новы, больш велічны касцёл. Новы драўляны касцёл у стылі мадэрн быў пабудаваны вернікамі пад кіраўніцтвам кс. Казіміра Грабоўскага ў 1938 г. і асвечаны пад гістарычным тытулам.

У 1970 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл, вырашыўшы прыстасаваць будынак пад сховішча.

Касцёл вярнулі парафіянам у 1989 г. З 1990 г. пробашчам парафіі з’яўляецца а. Андрэй Шчупал. Стары маленькі касцёл стаяў да 1990-х гг., пакуль не быў разабраны як струхнелы.

На тэрыторыі парафіі захаваліся дзве капліцы. У 1945 г. на скрыжаванні ў в. Глушнева мясцовыя жыхары — браты Стэфан і Браніслаў Кісялеўскія, «за тое, што Пан Бог падчас вайны захаваў вёску», пабудавалі прыдарожную каплічку. Гэта чацверыковы мураваны і пабелены слуп пад бляшаным чатырохсхільным дахам, з нішамі, дзе ўсталяваны фігуркі Пана Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі, і надпісам: «Беззаганнае Сэрца Марыі, валадар намі. 1945». У в. Забалоцце ў добрым стане захавалася прыдарожная капліца. Яе адразу пасля вайны перавезлі сюды з лясніцтва ў Гаёўцы (цяпер Літва). Каплічка — слуп са ствала дрэва, у нішы якога змешчана фігурка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Драўляны касцёл, пабудаваны ў стылі мадэрн, уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём малітоўнай залы з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрыстыямі. Аб’ём нартэкса і хораў над ім трошкі меншы за шырыню малітоўнай залы, галоўны ўваход пазначаны велічным прытворам-крухтай. Усе аб’ёмы касцёла накрыты асобнымі высокімі бляшанымі дахамі: асноўны аб’ём — двухсхільным і вальмавым, завершаны васьміграннай шатровай глаўкай у цэнтры, схілы даху над алтаром пераходзяць у дахі над сакрыстыямі.

Інтэр’ер, падзелены чатырма слупамі на тры навы і перакрыты падшыўнымі столямі (цэнтральная нава — каробчатай, бакавыя — паўцыліндрычнымі), упрыгожваюць тры драўляныя алтары. На алтарнай сцяне змешчана велічнае разьбянае Укрыжаванне, над левым алтаром — абраз Маці Божай Вастрабрамскай, над правым — абраз св. Юрыя. Знакаміты абраз Езуса Міласэрнага змешчаны над аркай прэсбітэрыя. Арганныя хоры зроблены ў выглядзе лоджыі. У двухметровых вокнах прэсбітэрыя ў 2010 г. усталяваны вітражы, якія прадстаўляюць св. с. Фаўстыну і бл. кс. Міхала Сапоцьку.

Званіца, чацверыковая, трох’ярусная (верхні ярус скразны) пад чатырохсхільным дахам, з нахіленымі сценамі, пастаўлена асобна — злева ад касцёла. Касцёльны ўчастак у мінулым годзе быў абнесены новай каменна-шчыкетнай агароджай, а сцежкі былі вымашчаны тратуарнай пліткай.

Па-за касцёлам створана сімвалічная магіла кс. Казіміра Грабоўскага, які загінуў у гітлераўскім палоне[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]