Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Кашубінцы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Кашубінцы)

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкі храм у в. Кашубінцы Гродзенскага раёна. Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Драўляны касцёл пад тытулам Маці Божай Беззаганнага Зачацця быў заснаваны тут у 1750 годзе гродзенскімі езуітамі, якія распачалі пры святыні сваю місію. З часам вакол касцёла ўтварыліся могілкі.

Касцёл у XIX стагоддзі

У ХIХ ст., калі вёска належала роду Багаткаў, святыня мела статус капліцы ад Азёрскай парафіі. Абраз Маці Божай Снежнай у галоўным алтары лічыўся цудадзейным, існаваў яшчэ ў 1939 годзе, але да нашых дзён не захаваўся. У тыя часы колькасць парафіян перавышала 1500 вернікаў, да парафіі належала капліца ў Скідзелі, зараз гэта касцёл Унебаўзяцця Маці Божай (Скідзель).

У 1962 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі і з часам пераўтварыўся ў руіны. Будынак былой плябаніі быў прыстасаваны пад жылы дом. У 1989 годзе касцёл вернуты парафіянам, пачалася яго рэстаўрацыя, а праз некалькі гадоў ён быў ізноў асвечаны пад гістарычным тытулам Маці Божай Беззаганнага Зачацця.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай алтарнай часткай і адзінай сакрыстыяй, вуглы галоўнага фасада завершаны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі. Святыня перакрыта высокім двухсхільным шыферным дахам з вальмамі над апсідай. Побач з касцёлам раней стаяла званіца (не захавалася). Перад бакавым уваходам у касцёл стаіць фігура Маці Божай з маленькім Езусам, перавезеная сюды з в. Котра.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Залавы інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной дашчанай столлю, у ім тры алтары. У галоўным змешчаны тытульны абраз Маці Божай Беззаганнай (абраз мае подпіс па-польску: «Супольнасць АА. Місіянераў, Сыноў Беззаганнага Сэрца Марыі — аа. кларэтыны. А. Станіслаў Гаўлік. Мастак Відмантас Велювіс, 1991») у акружэнні абразоў свв. Яўхіма (злева) і Ганны. Над алтаром знаходзіцца надпіс «AMEN ALLELUJA», а над аркай прэсбітэрыя — «Вочы мае будуць адчынены, і вушы мае гатовыя да малітвы таго, хто будзе на тым месцы маліцца». Бакавыя алтары двух’ярусныя. У левым над абразом св. Мікалая, біскупа, змешчаны абраз Езуса Міласэрнага, у правым над абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Над нартэксам зроблены арганныя хоры, але ад старажытнага аргана захаваўся толькі каркас-фасад. Цяпер хоравая агароджа ўпрыгожана рознымі варыянтамі польскага дзяржаўнага герба.

Зноскі

  1. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]