Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў | |
---|---|
![]() | |
54°15′24″ пн. ш. 26°00′36″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | францысканцы |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Павел Стэфан Сапега |
Будаўніцтва | 1618—1770 гады |
Статус |
![]() |
![]() |
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў — каталіцкая святыня ў в. Гальшаны (Ашмянскі раён). Уключае мураваныя касцёл і жылы корпус. Помнік дойлідства XVI—XVIII стст.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У 1618 годзе Павел Стэфан Сапега запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак Гальшаны і заснаваў там францысканскі манастыр. Першы будынак касцёла пабудаваны ў пачатку XVI ст., перабудаваны пад кальвінскі збор у сярэдзіне XVI ст. У 1618 г. на сродкі Паўла Сапегі касцёл зноў перабудаваны, узведзены жылы корпус кляштара.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f8/Hal%C5%A1any%2C_Rynak%2C_Franci%C5%A1kanski._%D0%93%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D0%B0%D0%BD%D1%8B%2C_%D0%A0%D1%8B%D0%BD%D0%B0%D0%BA%2C_%D0%A4%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%96%D1%88%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%28B._Tama%C5%A1evi%C4%8D%2C_1896%29.jpg/220px-Hal%C5%A1any%2C_Rynak%2C_Franci%C5%A1kanski._%D0%93%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D0%B0%D0%BD%D1%8B%2C_%D0%A0%D1%8B%D0%BD%D0%B0%D0%BA%2C_%D0%A4%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%96%D1%88%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%28B._Tama%C5%A1evi%C4%8D%2C_1896%29.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/c7/Hal%C5%A1any%2C_Franci%C5%A1kanski._%D0%93%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D0%B0%D0%BD%D1%8B%2C_%D0%A4%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%96%D1%88%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%28B._Tama%C5%A1evi%C4%8D%2C_1897%29.jpg/180px-Hal%C5%A1any%2C_Franci%C5%A1kanski._%D0%93%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D0%B0%D0%BD%D1%8B%2C_%D0%A4%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%96%D1%88%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%28B._Tama%C5%A1evi%C4%8D%2C_1897%29.jpg)
У пачатку 1770-х гадоў (верагодна, у 1774 г.) будынак касцёла быў разабраны амаль да муроў і на яго месцы з выкарыстаннем падмуркаў і часткі сцен пабудаваны новы, які захаваўся да нашага часу.
Пасля паўстання 1830 года многія каталіцкія кляштары былі зачынены, францысканскі кляштар у Гальшанах быў зачынены ўказам ад 19 ліпеня 1832 года[1], жылы будынак перададзены ваеннаму ведамству. Касцёл Яна Хрысціцеля стала звычайнай прыхадской.
Пасля 1944 года храм прыйшоў у заняпад, але быў рэканструяваны і працягвае заставацца дзеючым каталіцкім храмам.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Касцёл[правіць | правіць зыходнік]
Касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохкупальны храм з паўкруглай апсідай і капліцамі па баках. Галоўны фасад і апсідная частка маюць рысы стылю барока — фігурны франтон, раскрапоўка пілястрамі, валюты.
Вертыкальнае чляненне галоўнага фасада пілястрамі на тры часткі адпавядае падзелу ўнутранай прасторы на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і папружнымі аркамі, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Эмацыянальны акцэнт інтэр'ера касцёла — жывапіс на сцяне трох’яруснага галоўнага алтара, выкананага ў 1790-х гадах. У першым ярусе паміж архітэктурнымі кулісамі размешчаная дзвюхфігурная кампазіцыя «Хрышчэнне». Другі ярус уяўляе сабой надкартушную прастору з выявамі анёлаў. На атыку намаляваная фігура пішучага Яна Евангеліста з яго сімвалам — арлом. У трэцім ярусе адлюстраваная падкупальная прастора, запоўненая святлом блакітнага неба, у якім два анёлы нясуць у руках герб. Акрамя галоўнага, у касцёле было сем бакавых алтароў.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/50/%D0%9C%D1%83%D0%B7%D0%B5%D0%B9_%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B6%D1%8B%D1%82%D0%BD%D0%B0%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9_%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B_05.jpg/180px-%D0%9C%D1%83%D0%B7%D0%B5%D0%B9_%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B6%D1%8B%D1%82%D0%BD%D0%B0%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9_%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B_05.jpg)
У адной з бакавых капліц іх знаходзілася надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак — трох’ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу, які цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.
Кляштар[правіць | правіць зыходнік]
Жылы корпус кляштара двухпавярховы, прамавугольны ў плане, прымыкае да будынку касцёлу з паўночнага захаду. Першапачаткова па перыметры ўнутранага дворыку (клуатра) ішла мураваная галерэя, частка якой (разбурана ў 1832 г.) злучала касцёл з жылым корпусам (рэшткі галерэі ў месцы прымыкання да касцёлу выяўленыя аўтарам праекту рэстаўрацыі касцёлу В. С. Маскалёвым). Да паўночнага вугла жылога корпуса прымыкае шасцігранная вежа (у час археалагічных даследванняў на чале з А. Кушнярэвічам выяўлены фундамент другой такой жа вежы з процілеглага боку). У першым паверсе будынку размяшчаліся кухня, кладоўкі, васкоўня, трапезная, у другім — келлі і бібліятэка. Планіроўка захавалася часткова.
Званіца[правіць | правіць зыходнік]
Мураваная квадратная ў плане званіца пабудаваная ў 1810-я гады, мела тры званы, завяршалася жалезным крыжам. Тэрыторыя кляштара абнесеная мураванай агароджай.
Легенда пра Белую панну[правіць | правіць зыходнік]
З касцёлам Яна Хрысціцеля звязана легенда пра прывід Белай панны, аналагічная многіх легендам пра Белую панну, якія існуюць у розных краінах Еўропы. Нібыта будаўнікі не паспявалі скончыць храм да прызначанага тэрміна, і ўгневаны Сапега прыстрашыў пакараць смерцю іх у выпадку затрымкі. Будаўнікі вырашылі, што ім перашкаджаюць чорныя сілы і прынеслі ў ахвяру маладую дзяўчыну, замураваўшы яе ў сцяну жыўцом. З тых часоў нібы ў сценах кляштара і царквы перыядычна з'яўляецца яе прывід[2][3].
Зноскі
- ↑ Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- ↑ www.belarusin.net(недаступная спасылка)
- ↑ Гальшаны і Крэва: ажывелыя тайны старадаўніх руін Архівавана 20 лістапада 2013.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 246-247.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны)
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Храмы паводле алфавіта
- З’явіліся ў 1770 годзе
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Францысканскія кляштары Беларусі
- Колішнія кляштары Беларусі
- Гальшаны
- Збудаванні Беларусі ў стылі барока
- З’явіліся ў 1618 годзе
- Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі
- Касцёлы Ашмянскага раёна
- 1770-я ў Беларусі
- 1618 год у Еўропе