Клічаўская партызанская зона
Клічаўская партызанская зона — у Вялікую Айчынную вайну, тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і іншых раёнаў, якую кантралявалі партызаны. Стваралася з кастрычніка 1941 года ў ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага раёна ад нямецкіх акупантаў. У кастрычніку 1941 — сакавіку 1942 гадоў партызаны разграмілі больш за 80 гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў на тэрыторыі Клічаўскага і прылеглых да яго раёнаў. 3 красавіка 1942 у вёсцы Усакіна на сходзе камуністаў раёна прынята пастанова аб аднаўленні савецкай улады ў Клічаўскім раёне. На канец 1942 года вызваленая тэрыторыя склала каля 1,9 тыс. км², яе утрымлівалі 7 партызанскіх атрадаў. На пачатак 1944 года ў зоне, тэрыторыя якой перавышала 3 тысячы км², знаходзілася больш за 70 тысяч мірных жыхароў, абаранялі яе больш за 18 тысяч партызан. У жніўні — кастрычніку 1942 года на тэрыторыі зоны базіраваліся Бабруйскі падпольны міжрайкам КП(б)Б, з кастрычніка 1943 года — Магілёўскі падпольны абкам КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ, пры ім раённыя падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся газеты «За Радзіму», «Голас партызана» і іншыя. З чэрвеня 1942 партызаны падтрымлівалі радыёсувязь з Вялікай зямлёй, у Клічаве і ў вёсцы Галынка дзейнічалі партызанскія аэрадромы. Абарона партызанскай зоны ажыццяўлялася фарміраваннямі Клічаўскага партызанскага злучэння, Магілёўскай ваенна-аператыўнай групай па абарончых рубяжах, што праходзілі па рэках Друць, Ольса, Суша, Бярэзіна, Нясета. Абарона зоны ажыццяўлялася ў акружэнні больш як 20 нямецкіх гарнізонаў, створаных 203-й і 286-й ахоўным дывізіямі і паліцэйскімі батальёнамі ўздоўж шашэйных дарог і ўздоўж чыгункі Магілёў — Асіповічы. У баях на раке Ольса ва Усакінскім лесе 30 чэрвеня — 9 жніўня 1942 года партызаны разбілі гітлераўскі батальён «Бярэзіна», знішчылі частку асобага батальёна СС Дырлевангера і 608-га ахоўнага палка. Абарона зоны забяспечвала амаль пастаянную сувязь з Вялікай зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрвені 1944 года партызанскія фарміраванні зоны злучыліся з Чырвонай Арміяй.
У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы і пастаўлены помнік, помнік таксама пастаўлены на месцы прызямленя першага самалёта з Вялікай зямлі.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 201. Клічаўская партызанская зона // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- У. С. Пасэ, Э. Ф. Языковіч. Клічаўская партызанская зона // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 502. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.