Лабірынт фаўна (саўндтрэк)
Лабірынт фаўна | |
---|---|
англ.: Pan’s Labyrinth ісп.: El Laberinto del Fauno | |
Саўндтрэк Хаўера Наварэтэ | |
Дата выпуску | 23.10.2006[1] |
Жанр | музыка для сцэны і экрана[d] |
Працягласць | 72:51[2], 73:44[3], 74:23[1] |
Лэйбл | Milan Records[4] |
Прафесійныя рэцэнзіі | |
«Лабіры́нт фа́ўна» (англ.: Pan’s Labyrinth, ісп.: El Laberinto del Fauno) — саўндтрэк Хаўера Наварэтэ да аднайменнага фільма 2006 года рэжысёра Гільерма дэль Тора. Другая сумесная праца кампазітара і рэжысёра (пасля «Хрыбта д’ябла»).
Праца над саўндтрэкам распачалася яшчэ да здымкаў фільма. Галоўнай музычнай тэмай стала калыханка, вядучай музычнай формай карціны была выбрана форма вальса, асноўным музычным памерам адпаведна — 3/4[16]. Наварэта напісаў цэлы шэраг музычных кампазіцый, што дазволіла Дэль Тора свабодна адчуваць сябе на этапе мантажу. Хоць многія трэкі ў фільм не ўвайшлі, рэжысёр настаяў, каб у альбом былі ўключаны ўсе напісаныя кампазіцыі[3][16].
Запіс саўндтрэка адбываўся на студыі «Барандаў » (Прага), звядзенне музыкі выконвалася на студыі «Soundtrack» (Барселона)[2][11]. Альбом быў выпушчаны 23 кастрычніка 2006 года лэйблам «Milan Records »[1] і атрымаў пераважна станоўчыя водгукі крытыкаў.
За музыку да фільма Хаўер Наварэтэ ўдастоіўся намінацыі на прэмію «Оскар»[17].
Стваральнікі
[правіць | правіць зыходнік]Кампазітар — Хаўер Наварэтэ
- Аркестр — Пражскі філарманічны аркестр
- Дырыжор — Марыа Клеменс
- Фартэпіяна — Яраслава Эліяшава
- Канцэрціна — Багуміл Котмель
- Салістка — Луа
- Музычныя прадзюсары — Фрыда Торэсбланка, Хаўер Угартэ
- Выканаўчыя прадзюсары — Эмануэль Шамбарэдон, Ян Хіронс
- Запіс, звядзенне музыкі — Марк Блэйнс
- Асістэнт гуказапісу — Міхал Градыск
- Мастэрынг — Крысціян Двігінс
Спіс кампазіцый
[правіць | правіць зыходнік]Альбом складаецца з 21 кампазіцыі, усе аўтарства Хаўера Наварэтэ.
№ | Назва | Па-беларуску | Працягласць |
---|---|---|---|
1. | «Long, Long Time Ago» / «Hace mucho, mucho tiempo» | «Даўным-даўно» | 2:11 |
2. | «The Labyrinth» / «El laberinto» | «Лабірынт» | 4:04 |
3. | «Rose, Dragon» / «La rosa y el dragón» | «Ружа, цмок» | 3:34 |
4. | «The Fairy and the Labyrinth» / «El hada y el laberinto» | «Фея і лабірынт» | 3:33 |
5. | «Three Trials» / «Las tres pruebas» | «Тры выпрабаванні» | 2:04 |
6. | «The Moribund Tree and the Toad» / «El árbol que muere y el sapo» | «Паміраючае дрэва і жаба» | 7:08 |
7. | «Guerrilleros» / «Guerrilleros» | «Партызаны» | 2:05 |
8. | «A Book of Blood» / «El libro de sangre» | «Кніга крыві» | 3:47 |
9. | «Mercedes Lullaby» / «Nana de Mercedes» | «Калыханка Мерсэдэс» | 1:36 |
10. | «The Refuge» / «El refugio» | «Прытулак» | 1:32 |
11. | «Not Human» / «El que no es humano» | «Не чалавек» | 5:52 |
12. | «The River» / «El río» | «Рака» | 2:48 |
13. | «A Tale» / «Un cuento» | «Гісторыя» | 1:52 |
14. | «Deep Forest» / «Bosque profundo» | «Глыбокі лес» | 5:45 |
15. | «Waltz of the Mandrake» / «Vals de la mandrágora» | «Вальс мандрагоры» | 3:38 |
16. | «The Funeral» / «El funeral» | «Пахаванне» | 2:42 |
17. | «Mercedes» / «Mercedes» | «Мерсэдэс» | 5:34 |
18. | «Pan and the Full Moon» / «La luna llena y el fauno» | «Фаўн і поўня» | 5:04 |
19. | «Ofelia» / «Ofelia» | «Афелія» | 2:16 |
20. | «A Princess» / «Una princesa» | «Прынцэса» | 3:59 |
21. | «Pan's Labyrinth Lullaby» / «Nana del laberinto del fauno» | «Калыханка лабірынта фаўна» | 1:47 |
Вытворчасць
[правіць | правіць зыходнік]Для напісання саўндтрэка да фільма «Лабірынт фаўна» Гільерма дэль Тора запрасіў іспанскага кампазітара Хаўера Наварэтэ, з якім раней ужо працаваў над фільмам «Хрыбет д’ябла» (2001). Рэжысёр падняў пытанне саўндтрэка яшчэ да пачатку здымкаў. Перш за ўсё ён перадаў Наварэтэ некалькі музычных фрагментаў «для натхнення» і папрасіў напісаць калыханку. Апісваючы сваё ўяўленне аб цэнтральнай музычнай тэме фільма, Дэль Тора казаў: «Гэта павінна быць калыханка, якая навявала б нешта кельцкае з поўначы Іспаніі і была б поўная смутку»[18]. З’яўленне гэтай музычнай тэмы да пачатку здымкаў мела прынцыповае значэнне для рэжысёра. З аднаго боку, гэтую мелодую ў некалькіх сцэнах павінна была напяваць гераіня Марыбэль Верду Мерседэс. З іншага боку, рэжысёр адчуваў, што гэтая мелодыя стане вызначальнай для яго бачання ўсёй гісторыі[16].
Асноўным патрабаваннем Дэль Тора была меладычнасць і эмацыйнасць музыкі, што стала сапраўдным выпрабаваннем для кампазітара[19][20]. Калі Наварэтэ напісаў першы варыянт, рэжысёр музыку ўпадабаў, аднак палічыў яе недастаткова меладычнай. Дэль Тора адзначаў: «Большасць кампазітараў баяцца мелодыі, але найлепшыя з калыханак якраз такія: просты матыў, што мае моц абудзіць цеплыню мацярынскага голасу»[16]. Наступны варыянт, прапанаваны Наварэтэ, меў мелодыю, аднак, паводле Дэль Тора, «у ім усё яшчэ не даставала некалькіх нот, быццам ён [кампазітар] любым коштам намагаўся пазбегнуць празмернай запамінальнасці, празмернай меладычнасці»[16]. У выніку, мелодыя была дапрацавана, як таго жадаў рэжысёр. Па прызнанні Дэль Тора, ён канчаткова пераканаўся ў завершанасці калыханкі, калі яго дачка запатрабавала мелодую на свой iPod[16]. Сам рэжысёр выкарыстоўваў калыханку ў якасці натхнення пры працы над раскадроўкай фільма[16].
Выкарыстаны ў калыханцы музычны памер 3/4 аказаў уплыў і на іншыя кампазіцыі саўндтрэка. Чым далей прасоўвалася праца над музычным суправаджэннем кінастужкі, тым больш рэжысёр і кампазітар прыходзілі да ўсведамлення, што музычная форма гэтай гісторыі — вальс. У выніку, асацыяцыі з вальсавай музыкай набылі добрыя персанажы і пачуцці — гэта і настальгічная іспанская мелодыя «The Refuge», і пачатак кампазіцыі «The Funeral», і мелодыя «Waltz of the Mandrake», дзе музычная форма адлюстравана ў назве[16].
Запіс саўндтрэка адбываўся паралельна са стварэннем гукавога афармлення фільма. Рэжысёр разумеў, што канчатковы выбар паміж гукавымі эфектамі і музыкай, а таксама іх камбінаванне будзе адбывацца на стадыі мантажа. Каб адчуваць сябе больш свабодна ў мантажнай, ён папрасіў Наварэтэ напісаць і прадставіць у яго распараджэнне дадатковую колькасць музычных тэм. Паколькі такім чынам музыкі апынулася больш, чым патрэбна, у выніковым мантажы фільма некаторыя кампазіцыі прыйшлося моцна ўрэзаць, а ад некаторых увогуле адмовіцца. Аднак, пры выпуску саўндтрэка рэжысёр настаяў, каб у альбом былі ўключаны ўсе кампазіцыі, якія Наварэтэ напісаў да фільма[3][16].
Альбом быў запісаны на студыі «Барандаў » (Прага), звядзенне музыкі выконвалася на студыі «Soundtrack» (Барселона)[2][11]. Саўндтрэк быў выпушчаны 23 кастрычніка 2006 года лэйблам «Milan Records »[1].
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]Джонатан Брокстан назваў музычнае суправаджэнне «Лабірынта фаўна» адным з найлепшых саўндтрэкаў года: «Нягледзячы на адносную невядомасць кампазітара і адчувальны дух артхауса ў фільме, саўндтрэк не саступае найлепшым галівудскім творам апошніх дванаццаці месяцаў»[8]. Па меркаванні Джэймса Крыстафера Монгера «Наварэтэ запаўняе кожную пустэчу цудамі, абапіраючыся на арфу, хоры і глыбокія струнныя, каб адлюстраваць пагружэнне маладой дзяўчыны ў фантазію сярод свету, які імкнецца разарваць сябе на шматкі»[3]. Эндру Гранадэ адзначае, што «Наварэтэ стварыў партытуру з паслядоўнай эстэтыкай, якая прываблівае вас і раскрывае больш глыбокія сувязі з кожным наступным праслухваннем»[14]. Падобную думку выказаў Джон Лі: «Музыка надзелена такім багаццем, якое патрабуе шматразовага праслухоўвання. Кожны раз гэта будзе асобны вопыт, і гэта дастаткова важкая прычына для аматараў саўндтрэкаў, каб уключыць гэты альбом у сваю калекцыю»[9].
Аглядальнік з «The Film Scorer» адзначае ролю музыкі ў супрацьпастаўленні і яднанні двух светаў: «Падзеі „Лабірынта фаўна“ разгортваюцца ў двух пастаянна збліжаючыхся светах: рэальным і фантастычным. Музыка кампазітара Хаўера Наварэтэ надае кожнаму непаўторную індывідуальнасць і адначасова звязвае іх агульнай тэмай»[21].
Джэймс Саўтхол выказаў меркаванне, што гэтая музыка можа палярызаваць слухачоў па ўзросце: «Гэта маляўнічая, маштабная музыка, у якой дамінуе запамінальная тэма, і я цалкам магу ўявіць, як маладыя фанаты кінамузыкі закахаюцца ў яе па вушы; больш маршчыністыя старэчы цалкам могуць спытаць, дзе эмацыйная глыбіня, і скласці спіс розных іншых саўндтрэкаў мінулых гадоў, якія робяць нешта падобнае, але лепш»[10].
Некаторыя крытыкі звярталі ўвагу на слабыя моманты саўндтрэка. Эндру Гранадэ адзначыў, што Наварэтэ часам звяртаецца да банальных клішэ. Прыкладам можа служыць атанальнае нарошчвання вялізнага духавога, струннага і фартэпіяннага кластара ў канцы кампазіцыі «A Book of Blood» дзеля ілюстрацыі жаху, і жудасная, нечалавечая перкусія, якая прабіваецца праз дысананс рэплікі «Not Human»[14]. Аглядальнік з рэсурса IGN выказаў думку, што саўндтрэк становіцца ахвярай засілля струнных над іншымі інструментамі. Рэцэнзент дадае: «У рэшце рэшт, нягледзячы на свой змрочна-рамантычны характар, саўндтрэк мае тэндэнцыю занадта моцна замыкацца на сабе, і многія кампазіцыі гучаць практычна неадрознымі адна ад адной»[7].
Аналіз
[правіць | правіць зыходнік]Адкрываючая кампазіцыя саўндтрэка, «Long, Long Time Ago», адразу пачынаецца з загалоўнай тэмы фільма — дзіцячай калыханкі. Мелодыю выконвае дзявочы голас у форме напеву з закрытым ротам. Па меркаванні Джонатана Брокстана, гэтая кампазіцыя гучыць так, быццам яе напісаў Франсіс Ле або Жорж Дэлеру для фільма Французскай новай хвалі 1960-х гадоў[8]. У аглядзе для «Filmtracks.com » адзначаецца падабенства загалоўнай мелодыі з саўндтрэкам Джона Отмана да фільма «Гульня ў хованкі »[6]. У спалучэнні з пяшчотным фартэпіяна, мудрагелістымі струннымі і глыбокім фонавым вакалам калыханка ўзнікае яшчэ ў дзвюх кампазіцыях саўндтрэка: «Mercedes Lullaby» і «A Princess»[6][8].
Інструментальныя варыяцыі галоўнай тэмы можна пачуць яшчэ ў шэрагу трэкаў. Драматычнае, падобнае на вальс выкананне на чале з сольным фартэпіяна з’яўляецца ў кампазіцыі «A Tale», у тым жа духу выканана належна меланхалічная кампазіцыя «The Funeral», найбольшага перапаўнення пачуццямі галоўная тэма дасягае ў кампазіцыі «Ofelia», дзе да выканання далучаецца поўны аркестр. Фінал саўндтрэка, «Pan’s Labyrinth Lullaby», уяўляе сабой скрыпічнае сола, якое адрозніваецца асаблівай вытанчанасцю і далікатнасцю[8].
Акрамя асноўнай тэмы, значная частка партытуры складаецца з серыі рупліва зробленых і выразных музычных фраз, кожная з якіх выклікае ва ўяўленні розныя магічныя грані гісторыі, калі юная Афелія адпраўляецца ў лабірынт і сустракае ўсё больш дзівосных істот. «Чароўныя харавыя крэшчэнда багата напаўняюць „Three Trials“, злавесныя маршы і рэзкія эфекты піцыката дамінуюць у „The Moribund Tree and the Toad“, а звілістае сола альта праслізгвае праз усю „A Book of Blood“, перш чым яна выліваецца ў ашаламляльны дысананс»[8].
Па ходу альбома музыка паступова губляе свой магічны бляск і пачынае набываць пужаючы аспект, нібы падзяляючы са слухачом усё больш жахлівыя небяспекі, з якімі сутыкаецца Афелія. Да моманту з’яўлення такіх кампазіцый, як «Not Human», «Deep Forest», «Valse of the Mandrake», «Mercedes» і «Pan and the Full Moon», партытура амаль у поўную сілу ўключае рэжым жахаў, аркестр стварае ўсё больш яркія моманты шалёнай экшан-музыкі і рэзкага дысанансу, а хор забяспечвае некалькі момантаў прывіднага кантрапункту[8].
Узнагароды і намінацыі
[правіць | правіць зыходнік]За музыку да фільма «Лабірынт фаўна» кампазітар Хаўер Наварэтэ быў намініраваны на 9 кінематаграфічных узнагарод і перамог у 3 намінацыях[22]. Ніжэй прыведзены спіс узнагарод і намінацый у храналагічным парадку.
Кінафестываль / Кінапрэмія | Дата | Прэмія / Катэгорыя | Намінант | Вынік | Спасылкі |
---|---|---|---|---|---|
Супольнасць ланцуга прэмій | 2006 | Найлепшая арыгінальная музыка | Хаўер Наварэтэ | Перамога | [23][24] |
Таварыства анлайн-кінакрытыкаў | 08.01.2007 | Найлепшая арыгінальная музыка | Хаўер Наварэтэ | Намінацыя | [25] |
Кола пісьменнікаў-кінематаграфістаў | 19.01.2007 | Найлепшая музыка | Хаўер Наварэтэ | Намінацыя | [26] |
Гоя | 28.01.2007 | Найлепшая арыгінальная музыка | Хаўер Наварэтэ | Намінацыя | [27][28] |
Міжнароднае таварыства аматараў кіно | Студзень 2007 | Найлепшая арыгінальная музыка | Хаўер Наварэтэ | 2-е месца | [29] |
Оскар | 25.02.2007 | Найлепшая арыгінальная музыка | Хаўер Наварэтэ | Намінацыя | [17] |
Арыэль | 21.03.2007 | Найлепшая музыка | Хаўер Наварэтэ | Перамога | [30][31][32] |
Залаты Дэрбі | 2007 | Найлепшая арыгінальная музыка | Хаўер Наварэтэ | Перамога | [33] |
Грэмі | 10.02.2008 | Найлепшы альбом саўндтрэкаў для кіно, тэлебачання ці іншага візуальнага медыя | Хаўер Наварэтэ | Намінацыя | [34] |
Выкананні
[правіць | правіць зыходнік]Сюіта на аснове саўндтрэка «Лабірынта фаўна» была выканана 21 ліпеня 2007 года на III Міжнародным кангрэсе кінамузыкі ў Убедзе (Іспанія)[35]. Галоўная тэма «Лабірынта фаўна» ўвайшла ў кампіляцыйны альбом фэнтэзійнай музыкі «Lord of the Rings: Fantasy's Finest - Vol. 1» (2014)[36]. У чэрвені 2019 года калыханка з «Лабірынта фаўна» была выканана Дацкім нацыянальным сімфанічным аркестрам і салісткай Тувай Семінгсен ў межах канцэрта «Fantasymphony: One Concert to Rule Them All»[37][38].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё Le labyrinthe de Pan (англ.). Сайт «Rate Your Music ». Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
- ↑ а б в Javier Navarrete – Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «Discogs». Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ а б в г д Pan's Labyrinth (Soundtrack) – Javier Navarrete (англ.). Сайт «AllMusic». Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Pan’s Labyrinth — Music By Javier Navarrete (англ.). Сайт лэйбла «Milan Records ». Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Pan's Labyrinth (soundtrack album) by Javier Navarrete (англ.). Сайт «Best Ever Albums». Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ а б в Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «Filmtracks.com ». Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ а б Spence D. Javier Navarrete - Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «IGN» (21 лютага 2007). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ а б в г д е ё Jonathan Broxton. PAN’S LABYRINTH – Javier Navarrete (англ.). Сайт «Movie Music UK» (29 снежня 2006). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ а б John Li. PAN'S LABYRINTH (англ.). Сайт «movieXclusive.com». Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ а б James Southall. PAN'S LABYRINTH (англ.). Сайт «Movie Wave». Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ а б в Pan’s Labyrinth (англ.). Сайт «MusicBrainz». Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Jorge Saldanha. PAN'S LABYRINTH (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «ScoreTrack». Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2021. Праверана 16 мая 2021.
- ↑ Pan’s Labyrinth (OST) (фр.). Сайт «SensCritique ». Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
- ↑ а б в Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «Soundtrack.net». Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
- ↑ Laberinto Del Fauno, El (2006) (англ.). Сайт «Soundtrack Collector». Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к El Laberinto del fauno (booklet) (Media notes). Milan Records . 2006.
{{cite AV media notes}}
: Невядомы параметр|artist=
ігнараваны (прапануецца|others=
) (даведка) - ↑ а б The 79th Academy Awards — 2007 (англ.). Сайт прэміі «Оскар». Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Emanuel Levy . Pan's Labyrinth Brilliant Del Toro (англ.). Сайт Эмануэля Леві (18 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Pan’s Labyrinth – Javier Navarrete (2006) (англ.). Сайт «The Film Scorer» (18 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ El laberinto del fauno — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Архівавана з першакрыніцы 22 верасня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ ACCA 2006 (англ.)(недаступная спасылка). Сайт Супольнасці ланцуга прэмій. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2016. Праверана 23 красавіка 2016.
- ↑ Awards Circuit Community Awards (2006) (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ 2007 Online Film Critics Society Awards (англ.). Сайт Таварыства анлайн-кінакрытыкаў . Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2012. Праверана 3 кастрычніка 2012.
- ↑ Medallas del CEC a la producción española de 2006 (ісп.)(недаступная спасылка). Сайт Кола пісьменнікаў-кінематаграфістаў . Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2021. Праверана 6 верасня 2021.
- ↑ Estas son las nominaciones de los Premios Goya 2007 (ісп.). Сайт прэміі «Гоя». Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Premios Goya 2007 (ісп.). Сайт газеты «El Mundo ». Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Marc van de Klashorst. 2007 ICS Award Winners (англ.). Сайт Міжнароднага таварыства аматараў кіно (14 чэрвеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Maribel Verdú y 'La vida secreta de las palabras', premios Ariel en México (ісп.). Сайт газеты «El Mundo » (21 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ 'El Laberinto del fauno' acapara los premios Ariel del cine mexicano (ісп.). Сайт газеты «El País » (21 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ 'El laberinto del fauno' acapara los Premios Ariel con nueve estatuillas (ісп.). Сайт газеты «La Vanguardia » (21 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ 2006 GoldDerby Film Awards (англ.). Сайт прэміі «Залаты Дэрбі » (7 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ GRAMMY Awards Winners & Nominees for Best Score Soundtrack For Visual Media (англ.). Сайт прэміі «Грэмі». Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Jaén.- El III Congreso Internacional de Música de Cine de Úbeda comienza mañana con la asistencia de más de 500 personas (ісп.). Сайт «Europa Press » (18 ліпеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Lord of the Rings: Fantasy's Finest - Vol. 1 (англ.). Сайт «Soundtrack.net». Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
- ↑ Fantasymphony: One Concert to Rule Them All – Danish National Symphony Orchestra (англ.). Сайт «AllMusic». Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
- ↑ The Danish National Symphony Orchestra*, The Danish National Concert Choir*, The Danish National Junior Choir*, Tuva Semmingsen, Jihye Kim, Christine Nonbo Andersen*, Johan Karlström, David Bateson – Fantasymphony (англ.). Сайт «Discogs». Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Фільм пра запіс саўндтрэка «Лабірынта фаўна» на YouTube
- Выкананне саўндтрэка «Лабірынта фаўна» на III Міжнародным кангрэсе кінамузыкі ў Убедзе на YouTube
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |