Перайсці да зместу

Львоўская нацыянальная музычная акадэмія імя Мікалая Лысенкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Львоўская нацыянальная музычная акадэмія імя Мікалая Лысенкі
(ЛДМА)
укр.: Львівська національна музична академія імені Миколи Лисенка
Арыгінальная назва укр.: Львівська національна музична академія імені Миколи Лисенка
Заснаваны 1853
Тып кансерваторыя
Рэктар Пылацюк Ігар Михайлавіч
Краіна
Размяшчэнне Сцяг Украіны Украіна
Юрыдычны адрас Украіна, 79005, Львоў, вул. Ніжанкіўскага 5
Сайт conservatory.lviv.ua
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Львоўская нацыянальная музычная акадэмія імя Мікалая Лысенкі (укр.: Львівська національна музична академія імені Миколи Лисенка) — украінская вышэйшая навучальная ўстанова музычнага профілю, размешчаная ў Львове. Старэйшая ва Украіне музычная ўстанова вышэйшай адукацыі і адна з самых старых у Еўропе.

У 1796 годзе Юзаф Эльснер, будучы настаўнік Фрыдэрыка Шапэна, арганізаваў у Львове «музычную акадэмію», якая аб’яднала лепшыя выканальніцкія сілы для канцэртнай дзейнасці. Спецыяльная музычная ўстанова пад назвай «Інстытут спеваў пры таварыстве св. Цэцыліі», як правобраз сучаснай акадэміі, пачаў дзейнічаць у Львове яшчэ ў 1826 г. Заснаваў яго сын геніяльнага аўстрыйскага класіка Вольфганга Амадэя Моцарта — Франц Ксаверый Моцарт, які быў цэнтральнай фігурай Галіцкага музычнага жыцця на працягу трыццаці гадоў. На гэтай аснове пасля паўстала Галіцкае музычнае таварыства. Пры таварыстве ў 1839 г. арганізаваны Інстытут музыкі Галіцкага музычнага таварыства, якім кіраваў аўстрыйскі музыкант Іаган Рукгабер.

З 1844 года Інстытут музыкі стаў паўнавартасна функцыянаваць як шматпрофільная музычная навучальная ўстанова, пра што сведчыць афіцыйны дзяржаўны рэестр «Schymatismus» за 1844 г., раздзел «Установы адукацыі і выкладання» («Unterrichts — und Bildungs — Anstalten)».

Рэвалюцыйныя падзеі «Вясны народаў» 1848—1849 гг. прыпынілі дзейнасць Інстытута музыкі, і толькі ў 1853 г. пры адноўленым Галіцкім музычным таварыстве адрадзілася дзейнасць гэтай музычнай навучальнай установы ўжо ў якасці кансерваторыі. Першым дырэктарам кансерваторыі ў Львове зноў стаў ужо згаданы Іаган Рукгабер, другім — вучань знакамітага Шапэна вядомы піяніст і кампазітар Караль Мікулі.

Ад 1903 г. у Львове разгарнуў сваю дзейнасць Вышэйшы музычны інстытут імя М. Лысенкі, заснавальнікам і першым дырэктарам якога быў палітык, грамадскі дзеяч і кампазітар Анатоль Вахнянін. У міжваенны перыяд у Львове паўстала яшчэ адна кансерваторыя — імя Караля Шыманоўскага. Акрамя кансерваторый, у Львоўскім універсітэце з 1911 г. функцыянаваў інстытут музыколагіı, які ўзначаліў Адольф Хібінскі. У 1939 г. на аснове аб’яднання гэтых навучальных устаноў была створана Львоўская дзяржаўная кансерваторыя, якой у 1944 г. было прысвоена імя Мікалая Лысенкі. У 1992 г. яна была перайменавана ў Вышэйшы музычны інстытут імя М. Лысенкі, у 2000 годзе — у Львоўскую дзяржаўную музычную акадэмію імя М. Лысенкі, якая ў 2007 г. указам Прэзідэнта Украіны ад 13 верасня 2007 г. атрымала нацыянальны статус.

Структура (кафедры)

[правіць | правіць зыходнік]
  • "А" і "Б" спецыяльнага фартэпіяна
  • агульнага і спецыялізаванага фартэпіяна
  • аркестравага дырыжыравання
  • гісторыі музыкі
  • гуманітарных дысцыплін
  • джаза і папулярнай музыкі
  • духавых і ўдарных інструментаў
  • замежных моў
  • камернага ансамбля і квартэта
  • кампазіцыі
  • канцэртмайстэрства
  • музычнай медыевістыкі і украіністыкі
  • музычнай фалькларыстыкі (этнамузыкалогіі)
  • народных інструментаў
  • опернай падрыхтоўкі
  • скрыпкі
  • сольных спеваў
  • струнна-смычковых інструментаў
  • тэорыі музыкі
  • харавога і оперна-сімфанічнага дырыжыравання