Перайсці да зместу

Марксізм-ленінізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Марксізм-ленінізм (руск.: марксизм-ленинизм) — навуковая сістэма філасофскіх, эканамічных і сацыяльна-палітычных поглядаў, складнікаў светапогляду працоўнага класа; навука пра спазнанне і рэвалюцыйнае пераўтварэнне свету, пра законы развіцця грамадства, прыроды і чалавечага мыслення, пра законы рэвалюцыйнай барацьбы працоўнага класа за звяржэнне капіталізму, стваральнай дзейнасці працаўнікоў у пабудове сацыялістычнага і камуністычнага грамадства. Заснавальнікамі марксізму-ленінізму былі К. Маркс і Ф. Энгельс; вялікі ўклад у яго развіццё зрабіў У. І. Ленін. Марксізм-ленінізм узбагачаецца ў выніку тэарэтычнай дзейнасці камуністычных і працоўных партый.

Марксізм узнік у 1840-х гадах. Запатрабаванні грамадскага развіцця, выяўленыя карэнныя заганы капіталістычнага ладу, усёй сістэмы эксплуатацыі, абуджэнне пралетарыята да палітычнай барацьбы, вялікія адкрыцці ў вобласці прыродазнаўчых навук, узровень гістарычных і сацыяльных даследаванняў паставілі перад грамадскай думкай задачу распрацоўкі новай, сапраўдна навуковай тэорыі. Гэта гістарычная задача была вырашана Марксам і Энгельсам. Распачаўшы сваю навуковую і рэвалюцыйную дзейнасць на мяжы XIX і XX стст., Ленін у эпоху крушэння капіталізму, які ўступіў у сваю апошнюю стадыю — імперыялізм, і станаўлення сацыялістычнага грамадства абараніў марксізм ад нападак ворагаў, абагульніў навейшыя дасягненні навукі і новы вопыт класавай барацьбы, падняў марксісцкую тэорыю на якасна новую прыступку развіцця.

Станаўленне марксізму-ленінізму з’явілася рэвалюцыйным пераваротам у гісторыі грамадскай думкі. Разам з тым марксізм-ленінізм з’яўляецца прамым працягам і развіццём дасягненняў грамадскай думкі ў вобласці філасофіі, палітэканоміі і сацыялізму. Ён уяўляе сабою стройную, цэласную навуковую тэорыю, якая ўключае ў сябе тры галоўныя складовыя часткі:

  • філасофію — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм;
  • палітычную эканомію;
  • навуковы камунізм.

Марксізм-ленінізм узбагаціў новымі ідэямі і іншыя грамадскія навукі. Кожная са складовых частак марксізму-ленінізму падзяляецца, у сваю чаргу, на шэраг самастойных частак ці дысцыплін, якія паступова, па меры назапашвання людзьмі ведаў у адпаведнай вобласці вырастаюць у самастойныя навукі (напрыклад, палітэканомія сацыялізму). Усе складовыя часткі марксізму-ленінізму праймае шэраг галоўных, асноватворных ідэй. Да іх адносяцца паслядоўны матэрыялізм, гэта значыць матэрыялістычны падыход да ўсіх з’яў рэчаіснасці (у тым ліку і да грамадства), дыялектычны метад спазнання гэтых з’яў. Усім складовым часткам марксізму-ленінізму ўласцівы крытычны, дзейны, рэвалюцыйны дух, творчы характар.