Перайсці да зместу

Навамесцкая ратуша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ратуша
Навамесцкая ратуша
чэшск.: Novoměstská radnice
50°04′41″ пн. ш. 14°25′17″ у. д.HGЯO
Краіна  Чэхія
Адрас Карлава плошча 23, Прага 2Нове-Места
Архітэктурны стыль готыка, рэнесанс
Будаўніцтва 13771456 гады
Сайт nrpraha.cz
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Навамесцкая ратуша (чэшск.: Novoměstská radnice) — другая па старшынстве гарадская ратуша Прагі, размешчаная на скрыжаванні Водзічкавай вуліцы і паўночнага боку Карлавай плошчы ў гістарычным раёне Нове-Места (Прага 2). Ратуша была закладзена ў XIV стагоддзі, стаўшы найважнейшым грамадска-палітычным цэнтрам Новага горада. У 1962 годзе ўключана ў спіс нацыянальных помнікаў культуры Чэшскай Рэспублікі.

Узвядзенне будынкаў Навамесцкай ратушы вялося паступова, у некалькі этапаў. Будаўніцтва найстарэйшай яе часткі — усходняга крыла, якое выходзіць на Водзічкаву вуліцу — было распачата па загаду караля Карла Люксембургскага ў 1377 годзе на навамесцкім жывёльным рынку. Будаўніцтва працягвалася да 1398 года.

Першая Пражская дэфенестрацыя. Адольф Лібшэр. «Паўстанне ў Навамесцкай ратушы 30 ліпеня 1419 года» (фрагмент).

У 14111418 гадах пад кіраўніцтвам Марціна Фрычака і майстра Кршыжэ было пабудавана паўднёвае крыло ратушы з фасадам на Карлавай плошчы. Двухнефная гатычная зала ратушы была пабудавана памерам 23 метры ў даўжыню і 11 метраў у шырыню, вышыня столяў залы склала 7 метраў.

30 ліпеня 1419 года Навамесцкая ратуша стала месцам трагічных падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Першай пражскай дэфенестрацыі. Прычынай гэтых падзей паслужыла рашэнне гарадскога савета Новага Горада аб арышце некалькіх замяшаных у беспарадках гусітаў, якіх пасадзілі ў турму ратушы. Пасля ранішняй нядзельнай імшы да Навамесцкай ратушы падступіў натоўп вернікаў-гусітаў на чале са святаром Янам Жэліўскім і іншымі гусіцкімі правадырамі (сярод якіх быў і Ян Жыжка), з намерам вызваліць вязняў. Падчас лаянкі з членамі савета ў Святыя дары, прынесеныя гусітамі з сабой, патрапіў кінуты з акна ратушы камень. Гэта стала сігналам да лютых дзеянняў натоўпу: уварваўшыся ў ратушу, гусіты выкінулі ў акно гарадскога пуркмістра, суддзю і трынаццаць іншых членаў савета. Падаючы з вокнаў, яны разбіваліся аб маставую і дабіваліся натоўпам. Менавіта гэта акцыя паслужыла пачаткам доўгіх братазабойчых гусіцкіх войнаў.

Дамінанта ратушы і ўсёй Карлавай плошчы — шасціпавярховая ратушная вежа — была закладзена ў 1451 годзе на рагу плошчы і Водзічкавай вуліцы. Будаўніцтва вежы было скончана ў 1456 годзе. Вышыня яе складае 70 метраў, а лесвіца, якая вядзе на верх вежы, складаецца з 212 ступеняў. Ніжні паверх вежы выкарыстоўваўся ў якасці турмы. Справа ад уваходу ў вежу з боку Водзічкавай вуліцы на вышыні 2 метраў ад тратуара быў умантаваны эталонны металічны пражскі аршын даўжынёй 591,4 мм, прызначаны для патрэб рыначнага гандлю.

Фрэска на скляпенні ратушнай капэлы.

На першым паверсе вежы была пабудавана капэла Унебаўзяцця Дзевы Марыі і Святога Вацлава ў гатычным стылі, пазней перабудаваная ў стылі барока. Акрамя іншага, капэла служыла апошнім духоўным прыстанкам прысуджаных да смерці вязняў. На скляпеннях капэлы была зроблена фрэска на тэму правасуддзя. Верхні паверх вежы служыў жыллём вартаўніка. Дах і галерэя вежы былі рэканструяваны ў 17221725 гадах і ў такім выглядзе захаваліся да нашых дзён.

Ратуша на Карлавай плошчы (верагодна, да пажару). Малюнак XVI стагоддзя.

У 15201526 гадах пад кіраўніцтвам Бенедыкта Рэйта паўднёвае крыло і галоўны фасад ратушы былі перабудаваны ў рэнесансным стылі. Аднак у 1559 годзе ў вежу ратушы стукнула маланка, у выніку чаго здарыўся моцны пажар, які практычна знішчыў будынкі ратушы. Пазней купал вежы быў разбураны бурай. Працы па аднаўленні пасля пажару ўзначаліў нямецкі архітэктар і будаўнік Баніфацый Вольмут. Пад яго кіраўніцтвам былі збудаваны ў рэнесансным стылі заходняе і паўночнае крылы ратушы, у гэтым жа стылі было перабудавана ўсходняе крыло (на вуліцы Водзічкавай). Зала ратушы была адноўлена ў гатычным стылі, аднак рабрыстае гатычнае скляпенне цяпер падтрымлівалі рэнесансныя апоры. Вынікам аднаўлення і рэканструкцыі стала ратуша з чатырма крыламі, аркадным дваром і вежай у паўднёва-ўсходнім вугле.

Ратуша ў стылі ампір. Фота 1871 года.

Навамесцкая ратуша выконвала функцыі рэзідэнцыі муніцыпальнага савета да 1784 года, калі кароль Іосіф II аб'яднаў чатыры пражскія гарады ў адзін і вызначыў рэзідэнцыяй новых гарадскіх органаў кіравання Старамесцкую ратушу. У будынку Навамесцкай ратушы былі размешчаны суд па крымінальных справах і камеры папярэдняга зняволення (дзе, акрамя іншых, утрымліваліся Ян Сладкі Козіна і ўдзельнікі рэвалюцыі 1848 года). У адпаведнасці з новым прызначэннем, у 18061811 гадах частка ратушы была перабудавана ў стылі ампір па праекце Карла Шміта.

У 19051906 гадах рэканструкцыяй ратушнай вежы з мэтай надання ёй першапачатковага выгляду займаліся архітэктары Антанін Віегл і Каміл Гільберт. Акрамя таго, на фасадзе ратушы, які выходзіць на Карлаву плошчу, былі адноўлены вялікія рэнесансныя вокны ў галоўную залу ратушы і рэнесансныя гербавыя шчыты.

У 19581959 гадах у галоўнай ратушнай зале была створана зала шлюбаў акругі Прага 2. Больш сур'ёзная рэканструкцыя ўнутры будынкаў ратушы была праведзена па праекце Вацлава Гірсы ў 19761996 гадах, прыстасаваўшы іх для адміністрацыйных патрэб акругі.

  • Ravik, Slavomír. Velká kniha o Praze. 2000. ISBN 80-86367-05-3
  • Hora-Hořejš, Petr. Toulky Českou minulostí. II. 1997. ISBN 80-7214-014-0
  • Václav Ledvinka, Jiří Pešek. Praha. 2000. ISBN 80-7106-320-7
  • Jaroslava Staňková, Jiří Štursa, Svatopluk Voděra. Pražská architektura : významné stavby jedenácti století. Praha, 1991. ISBN 80-900209-6-8