Перайсці да зместу

Пластыды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Раслінныя клеткі лістасцябловага імху Plagiomnium affine з бачнымі хларапластамі (вельмі павялічана)

Пласты́ды (от стар.-грэч.: πλαστός — вылеплены) — арганоіды эўкарыятычных раслін і некаторых фотасінтэзавальных прасцейшых (напрыклад, эўглены зялёнай). Маюць у сваім складзе мноства копій кальцавой ДНК.

Для іх характэрна наяўнасць дзвюх мембран: вонкавай і ўнутранай. Унутраная мембрана значна большая за вонкавую. Яна выгінаецца і стварае складкі і выступы. Унутры пластыд знаходзіцца вадкасць, якая па саставе адрозніваецца ад цытаплазмы клеткі. На ўнутранай мембране большасці пластыд размяшчаюцца афарбаваныя арганічныя рэчывы — пігменты. Яны бываюць некалькіх колераў — чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя і зялёныя. У залежнасці ад таго, якіх пігментаў больш, адрозніваюць дзве разнавіднасці афарбаваных пластыд. Па афарбоўцы і выкананай функцыі вылучаюць тры асноўных тыпы пластыд:

  • Храмапласты — пластыды, афарбаваныя ў жоўты, чырвоны ці аранжавы колер. Афарбоўка храмапластаў звязана з назапашваннем у іх каратыноідаў. Храмапласты вызначаюць афарбоўку восеньскага лісця, пялёсткаў кветак, карняплодаў, саспелых пладоў.
  • Хларапласты — пластыды, якія нясуць фотасінтэзуючыя пігменты — хларафілы. Маюць зялёную афарбоўку ў вышэйшых раслін, харавых і зялёных водарасцей. Набор пігментаў, якія ўдзельнічаюць у фотасінтэзе (і, адпаведна, вызначаюць афарбоўку хларапласту) распазнаны ў прадстаўнікоў розных таксанамічных аддзелаў. Хларапласты маюць складаную ўнутраную структуру.
  • Лейкапласты — неафарбаваныя пластыды, якія як правіла выконваюць функцыю назапашвання. У іх адкладаюцца ў запас арганічныя рэчывы, напр. лейкапластах клубняў бульбы накопліваецца крухмал. Лейкапласты вышэйшых раслін могуць ператварацца ў хларапласты ці храмапласты.

Пластыды розных тыпаў маюць агульнае паходжанне: усе яны развіваюцца з першасных пластыд утваральнай тканкі, якія маюць выгляд дробных (да 1 мкм) пузыркоў. Пластыды аднаго тыпу могуць ператварацца ў пластыды другога. Так, на святле ў першасных пластыдах фарміруецца ўнутраная мембранная сістэма, сінтэзуецца хларафіл, і яны ператвараюцца ў хларапласты. Лейкапласты могуць ператварацца ў хларапласты або храмапласты. Напрыклад, клеткі клубняў бульбы, якія ўтрымліваюць вялікую колькасць лейкапластаў, на святле набываюць зялёную афарбоўку. Пры старэнні лістоў, выспяванні пладоў у хларапластах разбураецца хларафіл і ўнутраная мембранная сістэма, і яны ператвараюцца ў храмапласты. Толькі храмапласты ніколі не ператвараюцца ў пластыды іншых тыпаў, паколькі з'яўляюцца канечным этапам развіцця пластыд.

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — ISBN 978-985-03-1340-9
  • Біялогія: падруч. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / пад рэд. М. Д. Лісава; пер. з рус. мовы В. К. Раманцэвіч. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2014. — ISBN 978-985-03-2169-5
  • Bhattacharya, D., рэд. (1997). Origins of Algae and their Plastids. New York: Springer-Verlag/Wein. ISBN 3-211-83036-7.