Рымдзюны
Аграгарадок
Рымдзюны
| ||||||||||||||||||||
Рымдзю́ны[1] (трансліт.: Rymdziuny, руск.: Рымдюны, літ.: Rimdžiūnai) — аграгарадок у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Гервяцкага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 30 км у напрамку на паўночны ўсход ад горада Астравец, за 250 км ад Гродна, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Солы[2]. Каля аграгарадка працякае рака Ашмянка.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Рымдзюнаў балцка-літоўскага паходжання, ад антрапоніма (даўнейшага імя) тыпу Rimdžius. Тая ж аснова Rimd- і ў сучасных літоўскіх прозвішчах Rimdžiūnas (-ūn-), Rimdeika (-eik-). Далей гэтая аснова звязаная з літ.: rimti «спакайнець». Таго ж паходжання карацейшая аснова Rim- у тапонімах тыпу Рымуцеўцы (ад імя Rimutis).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Рымдзюны адносяцца да Гервяцкага краю (літ.: Gervėčių kraštas), дзе да сёння захоўваецца літоўская мова ў жывым бытаванні.
У 1622 годзе сяло ў Высакадворскай воласці Віленскай эканоміі ВКЛ. У XVIII ст. вёска ўваходзіла ў Баброўніцкае войтаўства Быстрыцкага староства Віленскага павета ВКЛ. Паводле інвентара 1763 года — цэнтр Рымдзюнскага войтаўства, адносілася да Высакадворскага ключа.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. У ХІХ ст. належала да Варнянскай воласці Віленскага павета Віленскай губерні. Уваходзіла ў маёнтак Гервяты. У 1860 годзе належала памешчыку Івашкевічу. У 1870 годзе адносілася да Гервяцкай сельскай грамады.
У Першую сусветную вайну з 1915 да 1918 года мясцовасць займалі германскія войскі.
Пасля польска-савецкай вайны (1919—1921) апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, а затым з 1922 года ў міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Гервяцкай гміне Віленска-Трокскага павета Віленскага ваяводства. У 1918—1925 гадах у Рымдзюнах дзейнічала пачатковая школа літоўскага асветніцкага таварыства Віленскага краю «Рытас», у 1933—1936 гадах — літоўская чытальня. Абедзве гэтыя ўстановы былі закрытыя польскімі ўладамі.
З 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.
У 1940—1964 гадах цэнтр Рымдзюнскага сельсавета. У 1949 годзе створаны калгас «Світанне».
У 1994 годзе за сродкі Літоўскай Рэспублікі ў Рымдзюнах быў пабудаваны Літоўскі культурны, асветны і інфармацыйны цэнтр. У ім была заснаваная Рымдзюнская літоўская сярэдняя школа, дзейнічаў дзіцячы садок, інтэрнат для навучэнцаў і настаўнікаў (некаторыя настаўнікі ездзілі з Літвы).
У 2022 годзе літоўская школа была закрыта ўладамі Беларусі. Афіцыйнай падставай для гэтага стала тое, што, паводле зменаў у Кодэкс аб адукацыі РБ, з 1 верасня 2022 года ў Беларусі мовамі школьнага навучання з’яўляюцца толькі руская і беларуская. 12 жніўня 2022 года Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла пасольству Беларусі ў Літве афіцыйную ноту з нагоды закрыцця літоўскіх школ у Беларусі[3].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1970 год — 264 жыхары.
- 2001 год — 288 жыхароў, 110 двароў[2].
- 2004 год — 286 жыхароў, 108 гаспадарак.
- 2010 год — 262 жыхары, 99 гаспадарак.
- 2014 год — 262 чал.
- 2019 год — 276 чал.[4]
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ а б БелЭн 2001.
- ↑ https://www.lrs.lt/sip/portal.show?p_r=36002&p_k=1&p_t=282373
- ↑ Liczby ludności miejscowości obwodu grodzieńskiego na podstawie spisu ludności wg stanu na dzień 4 października 2019 roku (польск.).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рымдзюны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 509. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Рымдзюны // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 9: Гродзенская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2015. — 656 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0839-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рымдзюны