Санта-Марыя (Азорскія астравы)
Санта-Марыя | |
---|---|
парт. Santa Maria | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 96,89 км² |
Насельніцтва | 5 552 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 57,3 чал./км² |
Размяшчэнне | |
36°58′14″ пн. ш. 25°06′18″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Азорскія астравы |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Санта-Марыя (парт.: Santa Maria) — востраў ва ўсходняй групе Азорскіх астравоў у Атлантычным акіяне. Плошча — 96,89 км². Насельніцтва (2011 г.) — 5 552 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Санта-Марыя — самы паўднёвы з усіх буйных Азорскіх астравоў. Знаходзіцца за 80,54 км на поўдзень ад вострава Сан-Мігел, за 1410 км на паўднёвы захад ад Лісабона, сталіцы Партугаліі. Даўжыня з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — 16,58 км. Найбольшая шырыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 9,17 км.
Мае вулканічнае паходжанне. З’яўляецца самым старым з Азорскіх астравоў. Узнік у выніку вывяржэння каля 7 млн гадоў таму. Знойдзены пароды, якія датуюцца 130—117 млн гадоў. На працягу сваёй доўгай геалагічнай гісторыі некалькі разоў апускаўся пад ваду. Востраў Санта-Марыя адрозніваецца значна меншай сейсмічнай актыўнасцю за астатнія Азоры. Маюцца радовішчы вапны арганічнага паходжання. Найвышэйшы пункт — гара Піку-Альту (587 м).
Клімат міжземнаморскі ўмераны, пераходны да субтрапічнага. Найбольш цёплы месяц — жнівень, калі сярэдняя тэмпература трымаецца каля +22 °C. У найбольш прахалодным месяцы лютым яна паніжаецца да +14 °C, але ніколі не падала ніжэй за +6 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 760 мм.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Адкрыты ў 1427 г. партугальскімі мараплаўцамі. Згодна паданню, сучасная назва была дадзена ў гонар Св. Марыі першапасяленцамі з поўдня Партугаліі, якія прыбылі ў 1432 г. У 1493 г. Санта-Марыю наведаў Х. Калумб падчас свайго зваротнага плавання пасля адкрыцця Новага Света.
У XVI - XVII стст. на паселішчы астравіцян некалькі разоў рабілі напады французскія, англійскія і асманскія карсары. Для абароны ўзбярэжжа было ўзведзена некалькі крэпасцяў, у тым ліку Сан-Браз і Сан-Жуан-Баптыста. Крэпасць Сан-Браз у Віла-ду-Порту існуе і ў нашы дні. У XIX ст. выхадцы з Санта-Марыі прымалі ўдзел у грамадзянскай вайне ў Партугаліі.
У 1944 г. амерыканцамі быў пабудаваны і адкрыты аэрапорт, які доўгі час выкарыстоўваўся для трансатлантычных пералётаў ваеннай авіяцыі. З канца XX ст. на востраве працуе станцыя ЕКА.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйна жыхары вострава займаліся вырошчваннем пшаніцы, рубкай і экспартам лесу. У нашы дні лясы Санта-Марыі ахоўваюцца законам. Галоўныя галіны эканомікі — абслугоўванне паветранага і марскога транспарту і турызм.
На востраве існуе некалькі вёсак. Ролю адміністрацыйнага цэнтра выконвае вёска Віла-ду-Порту на паўднёвым усходзе. Тут працуе марскі порт, наладжана сталая паромная сувязь з востравам Сан-Мігел. Важнае эканамічнае значэнне мае аэрапорт на ўсходзе Санта-Марыі. Ён дае працу значнай частцы мясцовых жыхароў.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]