Успенскі сабор (Жыровіцы)
Праваслаўны храм | |
Свята-Успенскі сабор | |
---|---|
| |
53°00′53″ пн. ш. 25°20′40″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Жыровіцы |
Канфесія | Руская праваслаўная царква |
Епархія | Навагрудская |
Тып будынка | крыжова-купальная базіліка |
Архітэктурны стыль | барока, класіцызм |
Будаўніцтва | 1629—1671 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 411Г000537 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Успенскі сабор — праваслаўны сабор у а. Жыровіцы Слонімскага раёна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Успенскі сабор закладзены як галоўны храм манастыра базыльян у 1613 годзе (закончаны ў 1650).
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (даўжыня большая за 55 м, вышыня каля 40 м) з паўкруглай апсідай. З паўночнага і паўднёвага бакоў да сабора прымыкаюць тры цёплыя прыдзелы Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і святога Цудатворца Мікалая. Спачатку сабор быў пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым галоўным фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 года храм набыў рысы класіцызму: вежы былі разабраны, была зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з 3-вугольным франтонам, фрых з трыгліфамі).
Успенскі сабор злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на поўначы) і з жылым корпусам манастыра (на поўдні), на 1-м паверсе якога зроблены арачны праезд на тэрыторыю манастыра.
Інтэр'ер
[правіць | правіць зыходнік]Інтэр'ер сабора захаваў барочны характар. Прастора трансепта павялічана кесаніраваным купалам паўночнага крыла і скляпеннем на ветразях паўднёвага. 2-светлавы цэнтральны неф асветлены арачнымі вокнамі, аддзелены высокімі аркадамі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, апяразаны шырокапрафіляваным і інтэнсіўна крапаваным карнізным поясам. Скляпенні ўпрыгожаны стукавым арнаментам, іх падпружныя аркі — фрэскавымі філёнкамі ў стылі ракако. Манументальная конха апсіды прарэзана люнетамі і запоўнена фрэскай «Спас Пантакратар», на сцяне апсіды захаваўся ляпны каталіцкі алтар у стылі ракако. Авальны цэнтральны купал пры дапамозе ветразяў падтрымліваюць масіўныя слупы крыжовага сячэння. У паўночна-заходняй частцы храма на манументальнай 3-пралётнай аркадзе размешчаны шырокія хоры, парапет якіх дэкарыраваны дарычным фрызам. Пад апсідай размешчана крыпта з цыліндрычным скляпеннем.
Іканастас
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны дэкаратыўны элемент інтэр'ера — драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта), збудаваны каля 1730 года[1]. Яго структурную аснову складаюць паярусныя каланады карынфскага ордэра з крапаванымі антаблементамі і фігурнымі франтонамі. Барочнай трактоўкай вызначаецца алтарны абраз Жыровіцкай Маці Божай у сярэбранай аправе. Бакавыя 2-ярусныя алтары больш позняй работы (19 стагоддзе). Іх кампазіцыя пабудавана на аснове карынфскага ордэра з абмежаваннем дэкаратыўнага аздаблення.
У 2009 годзе па благаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта сем старадаўніх абразоў з іканастаса Успенскага сабора былі перададзены Жыровіцкім манастыром у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь[1]. Барочныя абразы былі заменены на сучасныя, які выкананыя ў нібыта старажытнарускім стылі інакіняй Анфісай[2]. Зняцце музейнымі рэстаўратарамі больш позніх панаўленняў адкрыла прыгожы і магутны жывапіс у духу еўрапейскага барока. Дванаццаць апосталаў, чатыры прарокі і «З'яўленне Жыровіцкага абраза Маці Божай» не маюць аналагаў сярод вядомых помнікаў. Верагодна, такога ж узроўню майстэрства творы сакральнага мастацтва знаходзіліся некалі ў вялікіх гарадскіх і манастырскіх саборах Вільні, Віцебска, Мінска, Магілёва, Пінска, якія не захаваліся да нашых дзён[1].
Лёс астатніх абразоў і драўлянай разьбы, якія таксама былі зняты з іканастаса, невядомы. Па словах мастака і іканапісца Уладзіміра Кавальчука падобныя замены старых абразоў адбываюцца ў Жыровіцах яшчэ з 1990-х гадоў[2].
Званіца
[правіць | правіць зыходнік]Квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжанай планіровачнай воссю, утварае перад ім плошчу. Па аналогіі з саборам завяршаецца паўсферычным купалам. Архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме: калоны, антаблементы, 3-вугольныя франтоны, дарычны фрыз.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993, стар. 214—216.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Успенскі сабор (Жыровіцы)
- Успенскі сабор (Жыровіцы) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Успенскі сабор (Жыровіцы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Успенскі сабор (Жыровіцы) на сайце Radzima.org
- Успенскі сабор (Жыровіцы) на сайце «Архіварта»