Хата з Ісерна
Славутасць | |
Хата з вёскі Ісерна | |
---|---|
53°49′47″ пн. ш. 27°22′25″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне |
Ісерна (першапачаткова), Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту |
Тып будынка | пагонны двор |
Архітэктурны стыль | беларускае народнае дойлідства |
Дата пабудовы | канец XIX — пачатак XX стагоддзя |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000384 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хата канца XIX — пачатку XX стагоддзя з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо[1], дзе прадстаўлена ў экспазіцыі «Цэнтральная Беларусь». Адразу за хатай размешчаны хлеў з вёскі Солан.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сенцы і клець сядзібы былі пабудаваны ў 1880—1890 гадах Ціханам Горбачам, а хата зрублена Еўдакімам Самусевічам у пачатку ХХ стагоддзя. У хаце жылі Раман Арцёмавіч Трухан з жонкай Ірынай (у дзявоцтве — Самусевіч). Сенцы і клець аддаў свайму сыну Раману Арцём Трухан, а хату пабудаваў зяцю Еўдакім Самусевіч. Гэта першы помнік, адрэстаўраваны ў музеі ў 1984 годзе[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]З'яўляецца прыкладам лінейнай (пагоннай) забудовы на пачатковым этапе яе развіцця. Трохкамерная зрубная пабудова (хата + сенцы + клець). Хата пастаўлена без падмурка, замест яго — ніжні вянок з дубу. Страха двухсхільная, накрытая саломай. Франтон вынесены наперад, вертыкальна ашаляваны. У хаце справа ад уваходу печ на драўляным падрубе. Сенцы ўлетку маглі выкарыстоўваць як жылое памяшканне[1].
Інтэр'ер хаты традыцыйны: печ, па дыяганалі чырвоны кут з абразамі, уздоўж сцен — шырокія лавы, насціл з дошак «на козлах» — пол — месца для адпачынку. Насупраць вусця печы — бабін кут з паліцай для посуду[2].
Клець прызначана для захоўвання прадуктаў і вопраткі і размешчана на двух узроўнях. Другі ўзровень — вышкі — навісае над сенцамі. Над вышкамі зроблена дадатковая скляпеністая страха «закот» з бярвёнаў, пакладзеных шчыльна ў выглядзе аркі. Столь у хаце з дошак на папярочных бэльках. У канструкцыі хаты шмат архаічных элементаў: кладка ў зрубе сцен драчкай уверх[1].
Зноскі
- ↑ а б в Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б ХАТА З ВЁСКІ ІСЕРНА СЛУЦКАГА РАЁНА
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хата з Ісерна
- ХАТА З ВЁСКІ ІСЕРНА СЛУЦКАГА РАЁНА
- Хата з Ісерна на сайце «Архіварта»