Ян Сцыпіён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Сцыпіён
Jan Scipio del Campo
Герб «Сцыпіён»
Герб «Сцыпіён»
Кашталян смаленскі
7 лістапада 1720 — 1738
Папярэднік Крыштаф Шчыт
Пераемнік Казімір Несялоўскі
Староста лідскі
1713 — 1720
Папярэднік Міхал Антоні Радзівіл
Пераемнік Юзаф Сцыпіён

Смерць 1738(1738)
Род Сцыпіёны дэль Кампа
Бацька Андрэй Сцыпіён[d]
Маці Элеанора з Сухадольскіх[d]
Жонка Тэрэза з Юзафовічаў-Глябіцкіх[d][1]
Дзеці Юзаф, Ганна

Ян Сцыпіён (Сцыпіё дэль Кампа) (? — 1738) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста лідскі (1713—1720), кашталян смаленскі (1720—1738).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з роду Сцыпіёнаў уласнага герба, сын Андрэя Сцыпіёна, падчашага гарадзенскага і харунжага вендэнскага, і Элеаноры Сухадольскай, дачкі Паўла Казіміра Сухадольскага, ваўкавыскага земскага пісара.

Разам з братам Казімірам пачаў прымаць удзел у грамадскім жыцці з сярэдзіны 90-х гадоў XVII стагоддзя. У адпаведнасці з сямейнай традыцыяй яны звязалі свой лёс з Радзівіламі: Каралем Станіславам, падканцлерам літоўскім і Янам Мікалаем, старостам лідскім. Гэта абумовіла іх пазіцыю ў віхуры «Хатняй» і Паўночнай войнаў на мяжы XVII—XVIII стагоддзяў. Сцыпіёны былі на баку так званых «рэспубліканцаў» супраць Сапегаў, Станіслава Ляшчынскага і Швецыі ды падтрымлівалі Радзівілаў і Аўгуста ІІ Моцнага, за якога Ян Сцыпіён аддаў свой голас падчас элекцыі 1697 года.

Першай дзяржаўнай пасадай Яна Сцыпіёна стала пасада лідскага гродскага пісара, якую ён атрымаў у 1695 (быў ім да 1708), дзякуючы падтрымцы Яна Мікалая Радзівіла. У 1699 ён быў абраны лідскім дэпутатам у Трыбунал ВКЛ, а ў 1703—1704 нават з’яўляўся яго маршалкам. У 1704 Ян Сцыпіён прабаваў заняць пасаду лідскага земскага пісара, але атрымаў толькі месца лідскага падстолія. Нарэшце, у 1713, дзякуючы падтрымцы Міхала Радзівіла, Ян Сцыпіён заняў пасаду лідскага старосты, якая да таго доўга належала Радзівілам. У якасці лідскага старосты і пасла ад Лідскага павета Ян Сцыпіён актыўна ўдзельнічаў у большасці палітычных падзеяў пачатку XVIII стагоддзі. Ён скардзіўся на злоўжыванні расійскай арміі ў Лідскім павеце (1710), выступаў супраць «царскай пратэкцыі» Рэчы Паспалітай (1716), прапаноўваў зняць з усіх дзяржаўных пасадаў «дысідэнтаў» — некатолікаў (1720). У 1719 віленскі кашталян Людвік Канстанцін Пацей перадаў Яну Сцыпіёну Барцянскае староства ў Лідскім павеце. 7 лістапада 1720 года Ян Сцыпіён атрымаў пасаду смаленскага кашталяна, якая не давала матэрыяльных даходаў, але гарантавала месца ў сенаце Рэчы Паспалітай. Неўзабаве, Ян стаў першым Сцыпіёнам, які заняў магнацкую пасаду. Але яго спробы ў 1732 заняць пасаду смаленскага ваяводы былі беспаспяховымі.

Ян Сцыпіён валодаў пасля бацькі Сукурчамі, Шчучынкам і Балотнам (зараз Воранава) у Лідскім, Сякержынцамі ў Гарадзенскім і Бебраўцамі ў Мазырскім паветах. Ад маці ён стаў уладальнікам Канюхоў у Ваўкавыскім павеце. Дзякуючы дзяржаўнай службе Ян Сцыпіён з жонкай атрымаў вёскі Горні (1708) і Пуршчы (1711) ў Лідскім павеце. У 1710 ён «трымаў у заставе» (кіраваў і карыстаўся без права ўласнасці) маёнтак Агінскіх Яшуны Віленскага павета. Разам з жонкай — Тэрэзай з Глябіцкіх-Юзафовічаў, дачкой падстолія віцебскага і войскага полацкага Юрыя Глябіцкага-Юзафовіча — Ян Сцыпіён размясціў у 1735 у Балотна (Воранава) кляштар піяраў, а ў 1738 г. у Канюхах — кляштар дамініканцаў. Такім чынам, Ян Сцыпіён быў першым прадстаўніком свайго роду, які дасягнуў амаль магнацкага статусу: сенатар, двойчы староста, уладальнік некалькіх маёнткаў у трох паветах, заснавальнік двух кляштараў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 4, Ziemia smolenśka i województwo smolenśkie XIV-XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: Wydawnictwo DiG, 2003. — С. 91. — 412 с. — ISBN 83-7181-279-5